Асавая — парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі | Друк |
 Асавая — касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
 Фота globus.tut.by

Адрас:
в. Асавая
вул. Усходняя, 8
Асаўцы 225516
Столінскі р-н
Брэсцкая вобл.

тэл: +375 165 54 72 60 

а З гісторыі парафіі

Вёска Асавая — невялікая вёсачка Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. У Асавой з моманту яе заснавання (1503 г.) пражывала шмат католікаў.

У 1648 г. намаганнямі сям’і Карповічаў і іншай асаўской шляхты быў пабудаваны першы драўляны касцёл з ліственніцы. Гэты касцёл быў філіяльным, над якім апекаваліся манахі-францысканцы з Пінска. Асавая з пабудовай касцёла зрабілася адным з культурных асяродкаў Палесся.

У час паўстання 1863 г. многія жыхары Асавой далучыліся да паўстанцаў Пасля яго падаўлення на ўдзльнікаў гэтага паўстання і каталіцкі касцёл пачаліся ганенні. Касцёл у Асавой хацелі зачыніць і перарабіць у царкву, але мясцовы люд не дазволіў зрабіць гэтае царскім чыноўнікам. У к. ХІХ ст. у касцёле было тры разныя драўляныя алтары (галоўны і два бакавыя), многа абразоў і скульптур, арган. Найбольш шанаваным сярод мясцовага насельніцтва быў абаз Маці Божай Асаўской.

У 30 –я гг. ХХ ст. парафія ў Асавой налічвала 500 вернікаў. Пасля прыходу савецкай улады ў 1944 г. многія святары вымушаны былі выехаць у Польшчу. Касцёл быў зачынены, але вернікі самі час ад часу збіраліся ў касцёле на супольную малітву. Апошнім святаром, які прыязджаў у Асавую, быў кс. Казімір Свёнтэк. Але адпраўляць  Св. Імшу даводзілася ўжо патаемна ў адной з вясковых хат, бо ключы ад касцёла былі ў кіраўніка калгаса.

У 1968 г. праўленне мясцовага калгаса вырашыла разабраць будынак касцёла на гаспадарчыя патрэбы. І ў кастрычніку 1968 г. касцёл быў па-варварску разабраны. Усё ўбранства касцёла было вывезенае на сметнік да суседняй вёскі Відзібор, дзе было спалена, а часткова разабрана мясцовымі жыхарамі па хатах. Арган, які быў у касцёле, скінулі з хораў і разламалі. З разабранага касцёла у в. Асаўцы быў пабудаваны нязграбны будынак праўлення калгаса. Аднак рукі вандалаў, што разбіралі касцёл, не кранулі драўлянай званіцы, якая стаяла каля касцёла.

У 1990-ыя гг. Па нядзелях людзі пачалі збірацца ў ацалелай і адноўленай званіцы, якая была перароблена ў капліцу, на супольную малітву. Калі было магчыма, то слухалі святую Імшу на польскім радыё. Пазней ў вёску стаў прыязджаць ксёндз з Пінска. Калі было цёпла, імшу служылі каля капліцы на могілках, а зімой набажэнствы адбываліся ў хаце Станіслава і Анелі Збарашэўскіх. Праз некаторы час было вырашана пабудаваць новы касцёл у Асавой. Будаўніцтва пачалося ў 1993 г. пад кіраўніцтвам кс. Тадэвуша Шэшко. У 1995 г. быў асвечаны фундамент і ўзведзеныя сцены новага касцёла.

У ліпені 1999 г. адбылася ўрачыстая кансэкрацыя новага касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кардыналам Казімірам Свёнтэкам.

12 і 13 ліпеня 2009 г. парафія разам з кс. біскупам Казімірам Вялікасельцам, святарамі і гасцямі з Польшчы і Амерыкі ўрачыста адзначыла 10-ю гадавіну асвячэння касцёла.
                    



 

 

Адноўлена 30.03.2010 12:34
 
© 2003-2024 Catholic.by