Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кангрэгацыя айцоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (марыяне)
У другой палове ХVII стагоддзя была створана новая законная сям’я — марыяне Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Яе заснавальнікам стаў Слуга Божы айцец Станіслаў Папчынскі. Ён удала спалучаў місію заснавальніка кангрэгацыі з душпастырскім служэннем. Ён дапамагаў пробашчам у працы ў парафіі, найбольш ахвотна хадзіў са святарскаю паслугаю да людзей простых. Айцец Станіслаў пераконваў іх у тым, што ад жыцця чалавека — няважна, кароткага ці доўгага — залежыць жыццё вечнае. Ён заахвочваў усіх не грашыць і заклікаў жыць хрысціянскімі цнотамі. Ён быў цудоўным правадыром душаў.

Усё жыццё Станіслава Папчынскага было напоўнена адданаю любоўю да Маці Божай. Пашырэнне культу Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай – гэта асноўны абавязак і гонар у харызмаце кангрэгацыі айцоў марыянаў. Пабожнасць заснавальніка мела таксама глыбокую эўхарыстычную рысу. У сваёй працы «Inspectio cordis» ён пісаў: «Калі ты прыходзіш на вяселле Езуса, на святую гасціну, падчас якой спажываецца Хрыстус, узгадваецца Яго Мука, дзе душа напаўняецца ласкаю, а мы атрымліваем задатак будучай нябеснай хвалы, – ведай, што знойдзеш у ёй Валадара і Валадарку Неба. Сын будзе прысутны там па сваёй сутнасці, а Маці – праз сваё заступніцтва. Таму імкніся, каб у прысутнасці нябеснай Валадаркі, святых і жыхароў неба прыняць з такою пашанаю і пранікнёнасцю нябесную ежу, каб было відаць, што ты прыйшоў на гасціну Езуса не з халодным сэрцам і не без падрыхтоўкі. Таму збяры цяпер свае думкі, падрыхтуйся і задумайся, як ты павінен паводзіць сябе пры святым стале. Найбольш табе будуць патрэбныя дзве рэчы: моцнае жаданне прыняць святую Камунію і чыстасць. Чыстасць заключаецца ў тым, каб пераадолець усялякую недасканаласць сэрца і адкінуць думкі, далёкія ад таго, што ў гэты момант адбываецца. Моцнае жаданне ж заключаецца ў гарачым пачуцці і найвышэйшай любові, якою павінна палымнець твая душа ў адносінах да гэтага Найсвяцейшага Сакрамэнту».

На пачатку ХХ стагоддзя кангрэгацыі марыянаў патрабавалася адраджэнне. Гады няволі, пераследу за веру, ссылкі ў Сібір — усё гэта прынесла незаменныя страты для марыянаў. Калі кангрэгацыя амаль вымірала, Божы Провід паслаў марыянам дар у постаці аднаўляльніка — тагачаснага Віленскага біскупа Юрыя Матулевіча.

Благаслаўлёны Юры Матулевіч — гэта той, хто ўказвае шлях да святасці праз любоў да Касцёла. Духоўнасць благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча характарызуецца асаблівай прывязанасцю да Касцёла. У яго «Духоўным дзённіку» ён дае нам параду, як мы павінны служыць Касцёлу: «... свае намаганні трэба скіроўваць туды, адкуль можна чакаць большай карысці для Касцёла, дзе ён мае найбольшыя патрэбы і найбольш трывалае дабро, каб плады служэння былі як мага большыя». Галоўная мэта марыянаў паводле благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча — прысвяціць усе сілы «для Хрыста і Касцёла», менавіта так гучыць дэвіз кангрэгацыі.

Пацвярджэннем рэалізацыі вышэйзгаданых словаў аднаўляльніка стаў прыезд марыянаў на беларускую зямлю. На пачатку дваццатых гадоў мінулага стагоддзя марыяне распачалі душпастырскае служэнне ў Друі. Яны таксама заснавалі гімназію і праводзілі адукацыю моладзі.

Асаблівым месцам працы для марыянаў у Беларусі з’яўляецца Росіца, цяпер невялічкая вёска ў Верхнядзвінскім раёне. У гэтым месцы падзеі Другой сусветнай вайны пакінулі трагічны след. У аўторак 16 лютага 1943 года распачалася карная акцыя супраць насельніцтва вёсак, размешчаных уздоўж лесу каля Дзвіны. Выгнаўшы людзей з дамоў, фашысты сагналі іх у росіцкі касцёл. Айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра адразу накіраваліся да вязняў, сярод якіх былі і католікі, і праваслаўныя. Яны спавядалі, удзялялі святую Камунію, намашчалі святымі алеямі, хрысцілі, прамаўлялі да людзей, дадаючы ім адвагі, заахвочвалі прыняць Божую волю, рыхтавалі вернікаў да смерці. Прысутнасць святароў ратавала людзей ад роспачы і ад праклёну Бога за такі лёс. Мужныя пастыры прынялі мучаніцкую смерць у агні палаючага касцёла разам з даручаным ім людам Божым, аддаючы сваё жыццё за авечак і не жадаючы пакінуць іх аж да смерці.

Крыніцаю гэтай ахвярнай любові мучанікаў з Росіцы была Ахвяра Хрыста за збаўленне свету, якую так часта яны здзяйснялі на алтары ў постацях хлеба і віна. Папа Ян Павел ІІ, які беатыфікаваў айцоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру і абвясціў іх мучанікамі за веру, сказаў пра гэта такія знамянальныя словы: «Эўхарыстыя (...) — гэта гарантыя канчатковай перамогі для чалавека, які змагаецца са злом; гэта „хлеб жыцця“, які ўмацоўвае тых, хто ў сваю чаргу становіцца „хлебам ламаным“ для братоў, часам нават плоцячы мучаніцтвам за вернасць Евангеллю».

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
Адноўлена 09.12.2011 15:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.