Кангрэгацыя Сясцёр Кармэлітак ад Дзіцятка Езус (кармэліткі ад Дзіцятка Езус) | Друк |
Шлях духоўнага дзяцінства, якім ідуць сёстры, кармэліткі ад Дзіцятка Езус — гэта шлях даверу і падпарадкавання Божай волі. На гэтым шляху яны наследуюць Хрыста, які і ёсць яго Створцам. Езус Эўхарыстычны, прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, разам з імі вядзе скрытае жыццё, будучы крыніцаю, з якой першыя кармэліткі маглі чэрпаць сілы і любоў, каб ісці да людзей.

«У Кармэлі жывуць Эўхарыстыяй». Кожны дом кангрэгацыі — гэта Бэтлеем, у якім нараджаецца Дзіцятка Езус. Яго прыклад — «Маленькага Боскага Заснавальніка» — з’яўляецца для сясцёр узорам іх жыцця і духу. «Дзіцячасць» сясцёр выяўляецца не ў словах або ўчынках, а ў пакоры і ахвяры, у прастаце думак і апостальстве радасці сярод «маленькіх гэтага свету». Кармэль Дзіцятка Езус — гэта валадарства Божага Дзіцяці, валадарства евангельскай прастаты, валадарства бязмежнай веры, надзеі і любові.

Гэтае валадарства пашырылася таксама на Беларусь, і невыпадкова. Заснавальнік Слуга Божы айцец Ансэльм ад святога Андрэя Карсіні хацеў, каб агонь Божай любові дайшоў да нашай зямлі, да ўсіх тых, хто жадае пайсці ў Неба «маленькім шляхам», указаным святой Тэрэзай ад Дзіцятка Езус. Гэта яна прывяла нашых заснавальнікаў менавіта на такі шлях. Сціплы святар, босы кармэліт, айцец Ансэльм, ідучы за натхненнем Духа Святога і адказваючы на патрэбы свайго часу, у супрацоўніцтве з маці Тэрэзай ад святога Юзафа ў 1921 годзе ў Сасноўцы стварыў новае адгалінаванне кармэліцкага закона.

«У духоўным дзяцінстве чалавек не старэе», — паўтараў айцец Ансэльм і сваім прыкладам сведчыў пра гэтую праўду, захоўваючы да канца жыцця шчырасць, непасрэднасць, паслухмянасць настаяцелям, сардэчнасць да людзей і дзіцячыя адносіны да Бога. За час свайго доўгага жыцця ён паспеў зрабіць шмат добрага для закону і ўсяго Касцёла, ва ўсім шукаючы хвалы Божай.

Дзіцятка Езус — гэта Той, Хто авалодвае сэрцам, захапляе і заахвочвае ісці пад штандарам Яго Дзяцінства ў ахвярнай любові, «праслаўляючы Бога малітваю і апостальствам». Дзякуючы Яму колькасць сясцёр павялічваецца, кангрэгацыя расце і развіваецца на беларускай зямлі, сёстры таксама дзеляцца скарбам даручанага ім харызмату. Ведучы супольнае жыццё, яны сведчаць аб любові і еднасці ў падзеленым нязгодамі свеце.

Апостальства сясцёр кармэлітак ад Дзіцятка Езус — гэта перш за ўсё малітва і кантэмпляцыя (сузіранне), пастаяннае прабыванне з Богам. «Паказаць Богу сваю любоў, аддаць Яму ўсё, любіць Яго таксама за тых, хто адмаўляе Яму ў любові, бо толькі любоў праслаўляе Бога і пашырае Яго Валадарства».

Кармэль дбае пра хвалу Божую і збаўленне душаў, клапоціцца пра тое, каб Касцёл меў святое святарства. Асаблівы абавязак малітвы за святароў і місіянераў з’яўляецца патрэбаю сэрца кожнай кармэліткі, а таксама заданнем, якое вызначыла св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус.

Кармэль — цалкам марыйны. Праз дар святога шкаплера сёстры з’яднаныя моцнай сувяззю са сваёю Маці і Каралеваю. Гэтым знакам кожная кармэлітка ад Дзіцятка Езус вызнае, што яна — дзіця Маці Божай, што яна наследуе жыццё Марыі ў кантэмпляцыі таго, што пазнае пра Божае Дзіцятка. Яднаючыся з Марыяй, сваё пакліканне праз Яе рукі сёстры складаюць за святы Касцёл і такім чынам прымаюць удзел у збаўчай справе Хрыста. Спадзеючыся на Божую дапамогу, яны не перастаюць абвяшчаць прыйсце Божага Валадарства, «абяцанага дзецям».

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 
© 2003-2024 Catholic.by