Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кангрэгацыя Святога Арханёла Міхала (міхаліты)
Законная супольнасць айцоў міхалітаў была заснаваная на пачатку ХХ стагоддзя. Яе заснаваў благаслаўлёны ксёндз Браніслаў Маркевіч. Ён нарадзіўся 13 ліпеня 1842 года ў Польшчы. Ксёндз Браніслаў быў святаром Пшэмысльскай дыяцэзіі, ахвярным і паважаным душпастырам, а таксама выкладчыкам у духоўнай семінарыі. З самага пачатку свайго святарства яго асабліва турбавала рэлігійная, маральная і матэрыяльная занядбанасць дзяцей і моладзі, а таксама нядоля простага люду. Вырашэнне грамадскіх праблем ён бачыў у выхаванні моладзі і павышэнні маральнасці ўсяго грамадства.

Для таго, каб лепш рэалізаваць пастаўленую душпастырскую місію, пасля глыбокага роздуму айцец Браніслаў выязджае ў Італію, каб уступіць у закон тэатынцаў. Падчас дарогі ён спыняецца ў Турыне, дзе сустракае святога Яна Боско і становіцца яго вучнем. У 1892 г., пасля сямігадовага знаходжання ў Італіі, айцец Браніслаў вяртаецца ў Польшчу і распачынае працу ў парафіі, дзе апрача душпастырскай працы ён вядзе шырокую выхаваўчую дзейнасць у арганізаваных ім выхаваўчых установах. Нарэшце прымае рашэнне стварыць новую законную супольнасць. Аднак, нягледзячы на прыкладзеныя намаганні, ён не дачакаўся моманту зацвярджэння кангрэгацыі. 29 студзеня 1912 года айцец Браніслаў Маркевіч памірае.

Толькі праз 9 гадоў пасля смерці айца Браніслава Маркевіча Кракаўскі біскуп Адам Стэфан Сапега выдаў дэкрэт аб заснаванні кангрэгацыі, а 15 чэрвеня 1966 года кангрэгацыя была зацверджана Папам.

Духоўнасць міхалітаў заключаецца ў дэвізах: «Хто ж як Бог!» і «Стрыманасць і праца». Першы дэвіз — гэта заклік св. Міхала Арханёла, які з’яўляецца апекуном кангрэгацыі. Міхаліты акрэсліваюць такім чынам сваё захапленне веліччу, дабрынёю і любоўю Бога, а таксама выяўляюць сваю гатоўнасць Яго ўшаноўваць і нават змагацца за гэтае належнае Богу ўшанаванне, калі б узнікла такая патрэба.

Устрыманасць — гэта праява ўнутранай свабоды чалавека, які можа перамагчы дрэнныя схільнасці і ўсялякую неўпарадкаванасць, уласцівую чалавечай натуры, весці сціплае жыццё дзеля большай свабоды ў служэнні Богу. Ад устрыманасці нельга аддзяліць працу ў трайным вымярэнні: духоўным, разумовым і фізічным. Дзякуючы стылю жыцця, пабудаванаму на такім разуменні ўстрыманасці і працы, члены кангрэгацыі рэалізуюць сябе і такім чынам праслаўляюць Бога.

Апостальская дзейнасць Кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала канцэнтруецца на выхаваўчай працы сярод дзяцей і моладзі, асабліва маральна і матэрыяльна занядбанай. Міхаліты апякуюцца выхаваўчымі ўстановамі, каталіцкімі школамі, араторыямі — душпастырскімі моладзевымі цэнтрамі — пры парафіях. Кангрэгацыя мае ўласнае выдавецтва кніг і каталіцкай прэсы «Michalineum». Айцы абвяшчаюць Божае слова на рэкалекцыях і на місіях. «Мы пойдзем ўсюды, куды пакліча нас Бог», — запэўніваў айцец Маркевіч. Таму міхаліты ажыццяўляюць сваю дзейнасць у Польшчы і па-за яе межамі, у тым ліку ў Беларусі, Украіне, Дамініцы, Аргенціне, Аўстраліі, Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі, Канадзе, Парагваі, Папуа-Новай Гвінеі, Францыі і Італіі.

Апрача мужской кангрэгацыі айцец заснавальнік даў пачатак кангрэгацыі сясцёр святога Арханёла Міхала (сёстры міхаліткі) і апостальскім рухам, якія аб’ядноўваюць кансэкраваных асобаў і свецкіх супрацоўнікаў.

Гэты незвычайны выхавацель і грамадскі дзеяч самым галоўным у сваім жыцці лічыў не дынаміку дзейнасці, а дынаміку малітвы. Ад Хрыста Эўхарыстычнага ён вучыўся паслухмянасці Божай волі, пакоры і ахвярнай любові да бедных. «Святая Імша — гэта галоўнае ў маім жыцці, — пісаў ён у духоўным дзённіку, — у ёй я магу лепш падабацца майму Пану і больш зрабіць для Яго хвалы». Айцец заснавальнік ведаў, якім вялікім дарам для чалавека на шляху да святасці ёсць Эўхарыстыя, таму ён клапаціўся пра тое, каб парафіяне і яго выхаванцы як мага часцей прымалі ўдзел у гэтым цудзе і перажывалі яго як мага глыбей. «Пан Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце заслугоўвае найвышэйшай пашаны і найбольшага праслаўлення, бо Ён — наш Створца, Пан і Збаўца, Ён палюбіў нас чулаю і бязмежнаю любоўю», — навучаў ксёндз Браніслаў падчас вячэрняга казання. Таму ў сваіх выхаваўчых асяродках ён увёў практыку штодзённай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і часта сам шмат часу праводзіў перад табэрнакулюмам. За святарскую самаадданасць парафіяне і выхаванцы называлі яго «апосталам частай Святой Камуніі вернікаў». Эўхарыстыя была для яго самаю вялікаю раскошаю і скарбам.

19 чэрвеня 2005 года ў Варшаве падчас ўрачыстай святой Імшы, якая завяршала святкаванне Эўхарыстычнага кангрэса ў Польшчы, кардынал Юзаф Глемп, Прымас Польшчы, далучыў да шэрагу благаслаўлёных Слугу Божага айца Браніслава Маркевіча, заснавальніка Кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.