Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай у Браславе | Друк |

Абраз Маці Божай Браслаўскай
Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай у Браславе звязаны з культам абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Галоўная ўрачыстасць святкуецца 8 верасня і ў трэцюю суботу жніўня.

рКантакты

Тытул дыяцэзіяльнага санктуарыя:
Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі
Адпусты:Урачыстасць Маці Божай, Каралевы Азёраў — 22 жніўня (8 верасня).
Святая Імша:

у нядзелю ў 08.30, 10.00, 11.30, 15.00, 19.00
у будні ў 8.00, 19.00

Адрас:211970 Браслаў, вул. Савецкая, 1
 Вэб-сайт: waladarka.by


З гісторыі парафіі


Браслаўскі касцёлПершыя дакладныя звесткі пра касцёл у Браславе адносяцца да XV ст., калі на Замкавай гары пабудавалі касцёл пад тытулам Маці Божай. Неаднаразова  будынак касцёла знішчаўся. Пасля апошняга пажару ў 1794 г. на працягу 20 гадоў набажэнствы адбываліся ў пуні. У 1824 г. каля падножжа Замкавай гары паўстаў новы мураваны будынак. Паколькі святыня была замалая, да 1897 г. была пабудавана новая. У 1950 г. улады зачынілі касцёл і прызначылі яго пад збожжасховішча, але ўжо праз два гады будынак вярнулі парафіянам. У 1967 г. касцёл — помнік архітэктуры неараманскага стылю — быў адноўлены.
dЗ гісторыі абраза

У галоўным алтары знаходзіцца цудадзейнны абраз Маці Божай Браслаўскай, якую таксама называюць Маці Божай Манастырскай. Апошняя назва звязана з паданнем пра паходжанне абраза. На тэрыторыі браслаўскай парафіі знаходзіўся праваслаўны манастыр, які ўзнік у XV ст. на востраве возера Неспіш па фундацыі віленскага ваяводы Войцеха Манівіда. У першай палове XVII ст. кляштар стаў уніяцкім і ў ім пасяліліся базыліяне. Тут, за тры кіламетры ад Браслава, знаходзілася асабліва шанаваны вернікамі цудадзейны абраз Маці Божай. Падчас святаў шматлікія вернікі прыходзілі, каб аддаць Ёй пашану. З актаў віленскага архіва вядомы трагічны лёс кляштара базыльянаў. У 1832 г. ад удару маланкі ўспыхнуў пажар, які знішчыў усе пабудовы. Ацалеў толькі абраз Маці Божай. Людзі, знайшоўшы абраз на папялішчы, змясцілі яго ў касцёле ў Браславе. У 1999 годзе дыяцэзіяльны біскуп новаўтворанай Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін абвясціў браслаўскі касцёл пад тытулам Нараджэння Маці Божай марыйным санктуарыем Маці Божай, Валадаркі азёраў.

22 жніўня 2009 г. браслаўская парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі перажывала велічную і значную падзею — каранацыю папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Падрыхтоўка да гэтай урачыстасці вялася на працягу доўгага часу. Да яе прычыніліся як прадстаўнікі духавенства, так і свецкія людзі з розных куткоў Беларусі, найперш, з Віцебскай дыяцэзіі, а таксама з-за мяжы. Арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер ўзначаліў цырымонію каранацыі абраза Маці Божай Браслаўскай.





Выкарыстаны матэрыялы з кнігі
Рыма-Каталіцкая Віцебская дыяцэзія (Беларусь). Віцебск. 2004.
 
© 2003-2024 Catholic.by