Слова Жыцця на чэрвень 2017 | Друк |
05.06.2017 17:00

«Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас» (Ян 20, 21)

Пасля ўкрыжавання Езуса вучні Ягоныя, перапалоханыя і разгубленыя, на некалькі дзён закрыліся ў доме. Раней, калі Ён абвяшчаў, што Бог — наш Айцец і пяшчота і любіць кожнага, яны хадзілі за Iм па дарогах Палестыны.

Езус быў пасланы Айцом не толькі дзеля таго, каб засведчыць жыццём гэтую вялікую навiну, але і дзеля таго, каб пракласці чалавецтву шлях да сустрэчы з Богам. Богам, які з’яўляецца Тройцай, супольнасцю любові трох Божых Асобаў, і якi хоча далучыць сваё стварэнне да гэтага кола любові.

Калі Ён выконваў сваю зямную місію, шмат людзей адчувала Яго дабрыню, бачыла вынікі Яго чынаў і словаў: прыняцця, прабачэння, надзеi... Але потым быў прысуд і ўкрыжаванне.

У Евангеллі паводле св. Яна апавядаецца, што ўваскрослы Езус аб’яўляецца сваiм вучням на трэці дзень і пасылае іх выконваць Ягоную місію.

«Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас» (Ян 20, 21)

Як быццам Ён сказаў ім: «Памятаеце, як Я жыў разам з вамі? Як наталяў ваш голад і прагу справядлівасці і супакою? Як вылечваў сэрцы і целы шматлiкiм ізгоям, адкінутым грамадствам? Як абараняў годнасць бедных, удоваў, іншаземцаў? Цяпер вы працягвайце Маю справу: абвяшчайце ўсiм Евангелле, якое атрымалі, абвяшчайце, што Бог прагне, каб усе сустрэлi Яго, і што вы ўсе — браты і сёстры».

Кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Бога-Любові i ўжо носiць ў сэрцы прагненне гэтай сустрэчы; усе культуры і ўсе грамадствы імкнуцца будаваць адносіны i ўзаемныя сувязi. Але колькі ж намаганняў, колькі супярэчнасцяў, колькi цяжкасцяў на шляху да гэтай мэты! Гэтае глыбокае жаданне штодня сутыкаецца з нашай слабасцю, з нашымi страхамі і закрытасцю, з недаверам i ўзаемным асуджэннем адно аднаго.

Але Пан Бог не перастае i сёння з даверам звяртацца з тым жа запрашэннем: «Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас» (Ян 20, 21).

Як жа ў гэтым месяцы на практыцы рэалізаваць гэтае адважнае запрашэнне? Ці не з'яўляецца ад пачатку прайгранай місія будавання братэрскіх адносін сярод людзей, часта параненых бітвай?

Мы самi ніколі не маглі б зрабіць гэта. Менавіта таму Езус даў нам асаблівы дар — Духа Святога, які падтрымлівае нас у імкненні любіць кожнага чалавека, нават ворага.

«Дух Святы, які быў <нам> падараваны падчас хросту [...], з’яўляючыся Духам любові і еднасці, зрабіў усіх веруючых адзiнымi з уваскрослым Хрыстом і паміж сабою, пераўзыходзячы ўсе адрозненні рас, культур і класавага паходжання [...]. Гэта менавіта праз наш эгаізм уздымаюцца бар'еры, якія ізалююць і раздзяляюць людзей, што адрозніваюцца ад нас [...]. Давайце, прыслухоўваючыся да голасу Духа, узрастаць у гэтай еднасці [...], пераадольваючы насенне разладу, якое носім у сабе» (пар. К. Любіч «Слова Жыцця на Студзень 1994»).

З дапамогаю Духа Святога будзем у гэтым месяцы нагадваць сабе і пры кожнай магчымасці намагацца ўводзіць у жыццё словы любовi, каб усталёўваць адносіны з іншымі людзьмі: каб іх прыняць, слухаць, спачуваць, размаўляць, заахвочваць, выказваць клопат пра іх, ацэньваць iх, прабачаць... — будзем рэалізоўваць гэтае запрашэнне Езуса, каб працягнуць Яго місію; будзем каналамi жыцця, якое Ён падараваў нам.

Менавiта гэта перажыла група будыйскіх манахаў падчас прабывання ў мiжнародным гарадку Лап’яно ў Італіі, дзе васемсот ягоных жыхароў стараюцца аддана жыць Евангеллем. Манахі былi глыбока ўзрушаны евангельскай любоўю, якой яны не ведалі. Адзін з іх расказваў: «Я выстаўляў свой брудны абутак за дзверы, а раніцай знаходзiў яго чыстым. Я клаў за дзвярыма сваю брудную вопратку, а раніцай яна была чыстая і выпрасаваная. Яны ведалі, што мне было холадна, таму што я родам з Паўднёва-Усходняй Азіі, і таму паднялі тэмпературу абагрэву і прынеслi мне коўдру... Аднойчы я спытаў: “Чаму вы робіце гэта?” “Таму што мы любім цябе, таму што хочам, каб табе было добра”, — пачуў я ў адказ» (пар. К'яра Любіч, Аахен / Германія, 13.11.1998). Гэты досвед адкрыў шлях для сапраўднага дыялогу паміж будыстамі і хрысціянамі.

Летыцыя Магры

Адноўлена 05.06.2017 17:02
 
© 2003-2024 Catholic.by