Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на сакавiк 2012
29.02.2012 17:32


Прэзентацыя >>>

«Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» (Ян 6, 68).

Натоўпы людзей ішлі да Езуса, а Ён казаў iм пра Валадарства Божае. Казаў простымi словамі, ужываючы прыпавесці, заснаваныя на штодзённым жыццi, але Ягоныя словы мелi асаблiвую прывабнасць. Людзей глыбока кранала Яго навука, бо Ён навучаў як той, хто мае ўладу, а не так, як кнiжнiкi. Нават стражнiкi, пасланыя, каб арыштаваць Яго, калі фарысеi і кніжнiкі пыталiся ў iх, чаму яны не выканалi загаду, адказалi: «Нiколi яшчэ нiхто з людзей не прамаўляў так, як гэты Чалавек».

Евангелле паводле Яна распавядае пра напоўненыя святлом размовы Езуса з некаторымі людзьмi, напрыклад, з Нiкадзімам альбо з самаранкаю.

Яшчэ больш глыбокiя словы звяртаў Езус да сваіх Апосталаў — Ён адкрыта, не карыстаючыся прыпавесцямi, казаў iм пра Айца i справы Неба. Яны паверылi Яму i не адыходзілi ад Яго, нават калi не да канца разумелi гэтыя словы, калi здавалася, што iх занадта цяжка прытрымлівацца.

«Цяжкая гэтая мова!» — казалi Яму некаторыя з вучняў, пачуўшы, што Езус дасць iм есцi сваё Цела і піць сваю Кроў.

Езус, убачыўшы, што вучнi адступаюцца i не ідуць за Iм далей, звярнуўся да  дванаццаці Апосталаў: «Цi i вы таксама хочаце адысці?» Пётр, сэрца якога незваротна было аддана Езусу, зачараваны словамi, што пачуў ён у дзень сустрэчы з Iм, адказаў Яму ад iмя ўсіх:

«Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» (Ян 6, 68).

Пётр зразумеў, што словы яго Настаўнiка адрозніваюцца ад словаў іншых настаўнiкаў. Словы, што кiруюцца з зямлi на зямлю, маюць зямное паходжанне i зямное прызначэнне. А словы Езуса ёсць духам i жыццём, таму што яны iдуць з Неба: гэта Святло, што сыходзiць ад Бога і мае магутнасць Бога. Ягоныя словы маюць такі сэнс і глыбiню, якiх не маюць iншыя словы, сказаныя фiласофамi, палiтыкамi цi паэтамi.

Гэта «словы вечнага жыцця», якiя змяшчаюць у сабе, выяўляюць i перадаюць паўнату бясконцага жыцця, жыцця самога Бога.

Езус уваскрос і жыве, а Ягоныя словы, няхай сабе сказаныя даўней, — не проста ўспамiн: з гэтымi словамi Ён звяртаецца сёння да кожнага з нас i да ўсiх людзей усіх часоў i ўсiх перакананняў — гэта словы ўніверсальныя i вечныя.

Словы Езуса! Напэўна, яны былi Ягоным, так бы мовiць, найвялiкшым мастацтвам. Спрадвечнае Слова, прамаўляючае словамі людскiмi — якi змест, якая моц, якая iнтанацыя, які голас!

«Аднойчы — кажа айцец Касцёла, бiскуп Цэзарэi Васiль Вялiкі, — я, нiбыта абудзiўшыся ад доўгага сну,  узглянуў на цудоўнае святло праўды Евангелля і спасцiг марнасць мудрасцi ўладароў гэтага свету».

Святая Тэрэза ад Дзiцятка Езус у лiсце ад 9 мая 1987 г. пiсала: «Часам, калi чытаю некаторыя духоўныя трактаты, … мой бедны маленькі дух адразу стамляецца. Я закрываю мудрыя кнiгi, ад якiх разламваецца на кавалкi мая галава i высыхае сэрца маё, i адкрываю Святое Пісанне. I адразу ж усё для мяне напаўняецца святлом, аднаго слова дастаткова, каб для душы маёй адкрылiся бясконцыя гарызонты, i дасканаласць сталася такой блізкай».

Так, Божыя словы насычаюць дух, створаны для вечнасцi; яны асвячаюць знутры не толькi розум, але ўсю iстоту, таму што яны ёсць святлом, любоўю i жыццём. Яны даюць супакой, той супакой, пра якi Езус казаў «Мой» — «супакой Мой даю вам» — нават у хвiлiны хвалявання, трывогі.

Яны прыносяць паўнату радасцi, нягледзячы на цярпенне, што часам сцiскае душу. Яны даюць моц, асабліва, калі надыходзяць разгубленасць альбо смутак. Яны вызваляюць, бо адкрываюць перад намi шлях Праўды.


«Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» (Ян 6, 68).

Слова гэтага месяца нагадвае, што адзiным Настаўнiкам, за якiм мы хочам iсцi, ёсць Езус. Нават тады, калi Ягоныя словы могуць здавацца нам жорсткiмi альбо занадта цяжкiмi для выканання: быць сумленнымi на працы, прабачаць, служыць блiжнiм замест таго, каб эгаiстычна дбаць пра сябе, захоўваць вернасць у сямейным жыццi, апекавацца безнадзейна хворым, не згаджаючыся на эўтаназiю…

Ёсць шмат настаўнiкаў, якiя заклiкаюць нас прымаць простыя рашэннi, iсцi на кампрамiсы. Але мы жадаем слухаць адзiнага Настаўнiка і iсцi за Iм, за Тым, хто адзiны кажа праўду i «мае словы вечнага жыцця». Таму мы таксама можам паўтарыць словы апостала Пятра:


«Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» (Ян 6, 68).

У перыяд Вялiкага посту, рыхтуючыся да вялiкага свята Уваскрассення, мы павiнны сапраўды запiсацца ў школу адзiнага Настаўнiка i стацца Ягонымi вучнямi. Няхай народзiцца ў нашых сэрцах руплівая любоў да слова Божага: будзем уважлiва слухаць яго падчас лiтургii, чытаць яго, вывучаць, разважаць над iм…

Але перадусiм, аднак, мы паклiканы жыць iм згодна з напiсаным у Святым Пiсаннi: «Будзьце ж выканаўцамi слова, а не толькi слухачамі, якія ашукваюць саміх сябе». Таму мы i выбiраем кожны месяц адзiн верш са Святога Пiсання i дазваляем гэтым словам пранiкаць у нас, фармаваць нас, дзейнiчаць праз нас.

Жывучы адным са словаў Езуса, мы тым самым жывём паводле ўсяго Евангелля, таму што ў кожным слове Ён цалкам аддае сябе, Ён сам прыходзіць, каб жыць у нас. Гэта Ён — Уваскрослы — маленькай кропляй Божай мудрасці павольна абмывае нашы душы і замяняе на свой наш спосаб мыслення, прагнення i дзеяння ва ўсiх акалічнасцях нашага жыцця.

«Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага».

К’яра Любiч

Адноўлена 01.03.2012 12:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.