Cвяты Мацей, апостал | Друк |
14.05.2008 14:56
Пасля здрады і самазабойства Юды, аднаго з дванаццаці апосталаў, было вырашана выбраць на яго месца іншага. З двух кандыдатаў, якія належалі да ліку бліжэйшых вучняў Хрыста і Яго надзейных паслядоўнікаў, жэрабе выпала на Мацея, імя якога азначае «дар Ягвэ». Ён, хутчэй за ўсё, паходзіў з Бэтлеему і быў адным з 72 вучняў, пра якіх гаворыцца ў Евангеллі. Ён напэўна ўдзельнічаў ва ўсіх падзеях жыцця Хрыста, пачынаючы ад хросту ў Ярдане аж да ўваскрасення і спаслання Святога Духа.

Пасля далучэння да супольнасці апосталаў Мацей навучаў у Юдэі, «за Эфіопіяй» і, магчыма, у Македоніі і Калхідзе (на Каўказе). Яму прыпісваюць шматлікія цуды. Адносна яго смерці існуюць дзве версіі. Паводле першай, Мацей памёр натуральнай смерцю ў Македоніі, а паводле другой, апостал вярнуўся ў Юдэю, дзе быў пабіты камянямі, і калі ён яшчэ жыў, нейкі жаўнер адсек яму галаву сякерай. У момант смерці яму было каля 63 гадоў. Святы Мацей лічыцца апекуном рамеснікаў, якія займаюцца будаўніцтвам, сталяроў, разьбяроў, кавалёў, а таксама ахоўнікам ад коклюшу і бясплоднасці.

Успамін: 14 мая
Адноўлена 07.02.2012 09:47
 
© 2003-2024 Catholic.by