Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Вялікі пост]
Традыцыі Вялікага посту ў гісторыі Касцёла
2013-02-12 20:22:32

Святы Ірыней (памёр каля 202 г.) піша, што ў ягоны час звычай пасціць існаваў у Галіі: у гонар 40-дзённага посту Пана Езуса Хрыста быў наказаны 40-гадзінны пост (гэта значыць, што ён быў абавязковы ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу). У ІІІ ст. пост працягваецца ўжо цэлы тыдзень.

 
Вялікі пост
2012-02-21 09:54:49

У сераду ў Каталiцкiм Касцёле пасыпаннем галоваў попелам распачынаецца Вялiкi пост. Як адзiн з фактараў рэлiгiйнага жыцця пост шырока практыкаваўся ўжо ў часы Старога Запавету. I галоўнай яго мэтай было нагадванне чалавеку аб тым, што ён з’яўляецца iстотай недасканалай, грэшнай i цалкам залежнай ад Бога (пар. Лев 16, 29–34).

 
Папяльцовая серада — пачатак Вялікага посту
2012-02-21 09:51:27

22 лютага ў рыма-католікаў распачынаецца Вялікі пост. Папяльцовая серада з’яўляецца першым днём саракадзённай падрыхтоўкі да Вялікадня, які сёлета будзе адзначацца 8 красавіка.

 
Бэнэдыкт XVI у пасланні на Вялікі пост заклікаў узрастаць у любові, служэнні і добрых справах
2012-02-21 07:58:54

У пасланні Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Вялікі пост, якое ён скіраваў да вернікаў 7 лютага 2012 г., Пантыфік падкрэсліў, што гэты перыяд з’яўляецца магчымасцю паразважаць аб сэрцы хрысціянскага жыцця — любові. Фундаментам для разважанняў Папы стаў кароткі фрагмент з Паслання да Габрэяў: «Будзем уважлівымі адно на аднаго, заахвочваючы да любові і добрых спраў».

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-04-01 12:39:59
3 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. IV Нядзеля Вялікага посту называецца нядзеляй «Laetare» ад лацінскага слова «радавацца». Сапраўды, трэба радавацца, бо ўсё бліжэй Вялікдзень — свята нашага збаўлення.

Сённяшнія чытанні нагадваюць нам, што толькі Бог дапамагае бачыць як вачыма цела, так і душы.  

Адна гісторыя распавядае пра тое, як аднойчы чалавек прыйшоў у школу для дзяцей са слабым зрокам. Вельмі ўзрушаны ўбачаным, ён сказаў: «Гэта павінна быць жудасна — ісці праз жыццё без вачэй». На гэта адна маленькая дзяўчынка адказала: «Яшчэ горш мець два вокі і заставацца сляпым». Так, сапраўды, слепата можа быць фізічная і духоўная. Гэтыя дзве формы слепаты і прадстаўлены ў сённяшнім Евангеллі.

2. Першае чытанне, узятае з Першай Кнігі Самуэля, распавядае пра выбар і намашчэнне Давіда на другога па чарзе караля Ізраэля. Менавіта ў гэтым чытанні мы бачым чалавечую слепату ў нашых суджэннях аб людзях і патрэбу Божай дапамогі, бо чалавек бачыць звонку, а Бог глядзіць у сэрца.  

У другім чытанні св. апостал Павел нагадвае хрысціянам аб іх новай адказнасці як дзяцей святла.

У Евангеллі Езус вучыць нас, што вера адкрывае вочы, і адначасова перасцерагае перад тымі, якія хоць і ведаюць праўду, але на самой справе з’яўляюцца сляпымі. Сляпы ад нараджэння ў Хрысце атрымлівае святло веры, а рэлігійна адукаваныя фарысеі застаюцца духоўна сляпымі.

3. Евангельская сцэна вылечвання сляпога прадстаўляе міласэрнасць Езуса як Святла свету. Габрэі верылі, што, калі прыйдзе Месія, то ён будзе лячыць розныя хваробы, у тым ліку і слепату. Езус даў беднаму сляпому не толькі ласку фізічнага бачання, але і святло веры.

Гэтая ж гісторыя нагадвае і пра тое, што ўпартасць фарысеяў і папярэдняе асуджэнне не дазволілі ім у пакорным Сыне чалавечым убачыць доўгачаканага Месію і здзейснены Ім цуд. Яны лічылі, што сляпым нараджаецца дзіця грэшных бацькоў, а ўчынены ў суботу цуд з’яўляецца грахом. Аднак вылечаны чалавек лічыў Езуса Богам, бо Ён зрабіў гэты цуд, і таму гэты чалавек праслаўляў Яго.

Духоўны прагрэс вылечанага Езусам чалавека нагадвае нам аб патрэбе Божай ласкі, каб мы маглі мець добры духоўны зрок.

4. Са старажытных часоў сённяшняя евангельская гісторыя асацыявалася з сакрамэнтам хросту. Як сляпы ўваходзіў у ваду Сілаама і, выйшаўшы, мог бачыць, так і пагружаныя ў ваду хросту выходзяць з яе духоўна здаровымі, вылечанымі з духоўнай слепаты, у якой усе нараджаюцца.

Езус дакарае фарысеяў, якія былі духоўна сляпымі, бо, нягледзячы на выдатную духоўную падрыхтоўку, у іх не было духа Хрыста. Тут існуе кантраст паміж тымі, якія ведаюць, што яны сляпыя, і тымі, якія прэтэндуюць на тое, што ўсё бачаць. На думку фарысеяў Езус, які ў суботу вылечыў сляпога, сам быў грэшнікам, бо яўрэі ў суботу не працуюць. Паводле іх меркавання Езус нават не меў права памазаць вочы сляпога слінай.

5. Хаця гістарычныя фарысеі даўно зніклі з нашага жыцця, тым не менш вельмі часта мы падобныя да іх. Гэта адна з хваробаў нашага часу. Такая слепата адмаўляецца бачыць Божую праўду і ёю жыць. Сучасная духоўная слепата нярэдка адмаўляецца нават прызнаць існаванне Бога і Яго закон. У сёлетнім Пасланні на Вялікі пост папа Бэнэдыкт ХVI падкрэслівае, што цуд аздараўлення сляпога з’яўляецца знакам Хрыста, які разам з фізічным зрокам хоча адкрыць наш унутраны зрок, каб наша вера станавілася ўсё больш глыбокай і каб мы маглі распазнаць у Ім нашага адзінага Збаўцу, які асвячае любы змрок і вядзе чалавека да жыцця «дзяцей святла».

6. Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Евангелля?

Найперш, трэба дазволіць Езусу вылечыць нашу духоўную слепату. Каб вылечыцца, хворы павінен паказацца лекару, каб яго агледзеў і прызначыў лячэнне. На жаль, чалавек не заўсёды так паступае і не заўсёды спяшаецца да лекара. Кажа, што, маўляў, само пройдзе, або лечыцца сваімі спосабамі. Найчасцей такое лячэнне завяршаецца трагедыяй.

У духоўным сэнсе мы маем нешта падобнае. Замест таго, каб жыць у святле Божай праўды, мы жадаем заставацца ў духоўнай цемры. Таму мы павінны прасіць Бога аб ласцы звярнуцца да нябеснага лекара — Езуса Хрыста — які дзейнічае праз святара, асабліва ў сакрамэнце пакаяння.

Далей, нам трэба пазбавіцца ад культурнай слепаты нашага часу. Сучасная культура нячулая да маральных праблем. Культура, мас-медыя, кіно, тэлебачанне, каштоўнасці вельмі часта сляпыя і імкнуцца толькі да самалюбавання і самазадавальнення. У імя правоў асобы вядуцца намаганні прадставіць рэлігію і рэлігійныя практыкі як асабістую справу чалавека.

Нарэшце, нам трэба маліцца аб ласцы добрага духоўнага зроку, каб мы маглі ведаць, чым на самой справе жывём і што ў нашым жыцці з’яўляецца галоўным, а асабліва — ці бачым мы ў штодзённым жыцці дзейнасць Бога.

7. Адзін аповед распавядае пра навяртанне да Бога чалавека, які калісьці быў няверуючым. Яго няверуючы сябар хоча даведацца, чаму ён так паступіў. Ён кажа: «Ты стаў веруючым ў Хрыста». «Так», – адказаў чалавек. — «Тады ты павінен ведаць аб Ім многа. Скажы, дзе Ён нарадзіўся?» — «Я не ведаю». —  «Колькі гадоў Ён меў, калі памёр?» — «Не ведаю». — «Як многа казанняў Ён прамовіў?» — «Не ведаю». — «Сапраўды, ты не многа ведаеш для чалавека, які навярнуўся да Хрыста». — «Гэта праўда, я не многа ведаю пра Яго. Аднак я ўсё ж такі нешта ведаю, і гэта вельмі важна для мяне. Тры гады таму я быў п’яніцай і мая сям’я была разбіта. Цяпер я перастаў піць, мая сям’я шчаслівая і дзеці мяне чакаюць кожны вечар. Усё гэта для мяне зрабіў Хрыстус, і гэта ўсё, што я ведаю пра Яго». Ці гэты адказ не падобны да таго, які даў вылечаны Езусам сляпы, кажучы: «Я быў сляпы, а цяпер бачу»?

Няхай жа сённяшняе Евангелле, якое нагадвае нам аб неабходнасці жыць як дзеці святла, якія шукаюць дабра, справядлівасці і праўды, заахвоціць нас, каб нашы велікапосныя малітвы і ахвяры сапраўды служылі вылечванню ад духоўнай слепаты і каб мы жылі як дзеці святла. Амэн.

 
Для каго Вялікі пост?
2012-02-21 07:37:24

Вялікі пост — гэта шанс для тых, хто ўсведамляе, што з’яўляецца Божым скарбам, а не бязвольнай марыянеткай у руках Збаўцы. Такія людзі разумеюць, што Бог даў нам сапраўдную вольнасць і сапраўдную адказнасць, што кладзе перад кожным з нас жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце, і што жадае, каб мы зрабілі мудры выбар. Вялікі пост патрэбны кожнаму, хто жадае абраць жыццё і благаслаўленне.

 
Крыжовы шлях Пана нашага Езуса Хрыста (разважанні паводле кс. Рамано Гуардзіні)
2011-03-29 12:00:43


Уступ.

Пане, Ты сказаў: «Хто хоча быць Маім вучнем, няхай возьме свой крыж штодзённы і ідзе за Мною». Хачу зараз пайсці Тваімі слядамі і ў думках крочыць шляхам Тваёй Мукі. Таму дазволь, каб жывым вобразам паўстала перад маёй душой усё тое, што Ты выцярпеў дзеля мяне. Адкрый мае вочы і дакраніся да сэрца, каб убачыў і глыбока ўсвядоміў, як моцна Ты мяне палюбіў, каб я ўсёй душой звярнуўся да Цябе, мой Збаўца, каб пакінуў грэх, які прычыніў Табе горкія мукі. Шчыра шкадую за грахі мае, Пане. Хачу распачаць жыццё спачатку; з усёй рашучасцю прагну сёння адправіцца ў шлях і ісці за Табой. Дапамажы мне таксама побач з Табою несці свой крыж. Твой поўны болю шлях — гэта школа цярпення, вытрымкі і пераадольвання сябе. Адкрый мне мізэрнаць маёй слабасці. Дай глыбока зразумець мудрасць гэтага шляху болі, пакажы, штó менавіта я, і менавіта цяпер павінен рабіць. А потым узмоцні гэтае разуменне і зрабі яго плённым, каб паводле яго паступаў у жыцці. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на III Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-03-24 09:06:03
27 сакавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Дарагія браты і сёстры!

1. Усе сённяшнія чытанні засяроджаны на сакрамэнце хросту і новым жыцці, якое вынікае з гэтага сакрамэнту. Сімвал вады выкарыстоўваецца, каб прадставіць адносіны чалавека з Богам. Вада сімвалізуе Дух Божы, які прыходзіць да нас у гэтым сакрамэнце. Падобна як вада заспакойвае цялесную смагу чалавека, так і Дух Божы заспакойвае яго духоўную смагу.

Як вада ў пустыні заспакойвала смагу праходзячых па ёй яўрэяў і падтрымлівала іх жыццё, таксама і вада, якую прапануе Езус і крыніцай якой Ён з’яўляецца, на самой справе ёсць жыццядайнай вадой для тых, хто прымае Яго як Пана і Збаўцу.

Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як Езус каля Якубавай студні ў пустыні прабудзіў у самаранцы, якая была грэшніцай і не паходзіла з выбранага народу, прагненне загубленай цэласнасці як Божага стварэння, якое можа адрадзіць толькі Ён. Вада, якую прапануе Езус, вядзе да навяртання і адпушчэння грахоў.

2. На шляху з Юдэі да Галілеі, дзе Езус абвяшчаў Евангелле, недалёка ад Самарыі, знаходзілася Якубава студня. Вядома, што вада ў пустыні мае вялікае значэнне нават і ў наш час, не гаворачы пра часы Езуса Хрыста. Таму студні ў тыя часы насілі імёны тых, хто іх заснаваў.

Менавіта пры гэтай студні Езус спатыкае грэшную жанчыну. Калі Ён разам з вучнямі прыйшоў да студні, быў поўдзень і было вельмі горача. Яму вельмі хацелася піць, аднак Ён не меў чым зачарпнуць вады. Езус паслаў вучняў у горад, каб купілі ежы, а сам чакаў. І вось у гэты час да студні прыходзіць узяць вады грэшная самаранка, якая жыла ўжо з пяццю мужчынамі і цяпер мела шостага палюбоўніка.

Тут трэба нагадаць пра тое, што яўрэі не любілі самаранаў, бо лічылі іх здраднікамі іўдаізму. Паміж імі былі варожыя адносіны. Можам сабе ўявіць, што адчувала ў сваім сэрцы гэтая жанчына, як нашчадак адрынутага яўрэямі народу. Болей таго, яна чакала пагарды, бо была жанчынай, а ў тыя часы на Усходзе мужчыны сістэматычна прыніжалі жанчын. Яна вяла распуснае жыццё, таму для саміх жа самаранаў была сацыяльнай праказай.

І вось каля Якубавай студні для яе настаў момант «праўды». Езус казаў, што прыйшоў шукаць маральна хворых і іх лячыць. Таму Ён ахвотна размаўляе з гэтай жанчынай, бо хоча ёй дапамагчы. І не толькі размаўляе, але, як добры псіхолаг, паступова шляхам дыялогу вядзе яе ад ігнаравання да духоўнага прасвятлення, або, кажучы сучаснай мовай, катэхізуе яе. Ён хацеў вызваліць яе з рабства граху і змяніць накірунак яе жыцця, хацеў даць ёй жывую ваду. Напрыканцы размовы Ён аб’явіў, што з’яўляецца Месіяй, што пераканала жанчыну паверыць Яму. Шлях яе навяртання меў некалькі стадый. Найперш, яна назвала Яго яўрэем. Потым панам. Далей прарокам. І нарэшце Месіяй. Крок за крокам Езус вёў яе да веры. Такім чынам, Ён моцна ўвайшоў у яе жыццё, і яно сапраўды якасна змянілася. Самаранка не толькі паверыла, але і прывяла да Езуса іншых людзей.

3. Якія высновы мы, людзі ўжо XXI стагоддзя, павінны зрабіць з сённяшняга Евангелля?

Найперш трэба дазволіць Езусу ўвайсці ў наша асабістае жыццё, каб Ён мог там дзейнічаць. Гэта асабліва важна падчас Вялікага посту, калі Езус жадае ўвайсці ў наша «прыватнае» жыццё. Сучаснаму чалавеку з яго індывідуалізмам гэта, напэўна, нялёгка. Мы часта, асабліва за мяжой, можам бачыць надпісы: «прыватная ўласнасць». Часам гэта набывае форму абсурду. Аднойчы ў Лос-Анжэлесе на могілках таксама бачыў таблічку з надпісам: «Private property» і далей імя і прозвішча пахаванага там чалавека. Смешна, але факт. Чалавек ужо не жыве, але існуе яго прыватная ўласнасць.

Хрыстус жадае ўвайсці ў наша прыватнае жыццё не для таго, каб паставіць нас у нязручную сітуацыю або асудзіць. Не, Ён жадае нас вызваліць і змяніць, жадае ахвяраваць нам тое, што нам найбольш патрэбна, а менавіта самога сябе, сваю ласку і дары Духа Святога, як жывую ваду. Гэтую жывую ваду мы знаходзім у сакрамэнтах, малітве і слове Божым.

Далей, нам трэба быць сведкамі Езуса, як Яго сведкай з публічнай грэшніцы стала самаранка. Нам трэба стаць «Езусавымі» ва ўсіх абставінах нашага жыцця таксама для тых, хто не хоча іншага.

Нам трэба быць адкрытымі на іншых людзей і прыняць іх такімі, якімі яны ёсць, як гэта рабіў Езус, бо мы ўсе дзеці Божыя. Гэта будзе шлях да нашага духоўнага ўваскрашэння і ўваскрашэння нашых братоў і сясцёр.

Нам трэба пакінуць свае грахі і злыя звычкі: сужэнскую нявернасць, алкагалізм, наркаманію, грахі супраць Божага дару жыцця, амаральныя і несправядлівыя ўчынкі і г. д., усё тое, што не дапускае нашых адносін з Богам — як гэта зрабіла самаранка, каб навярнуцца і жыць верай у Бога.

4. Мы добра ведаем, што чалавек можа даволі доўга жыць без ежы. Аднак без вады не можа. Вада з’яўляецца неабходнай для жыцця. У пэўным сэнсе вада — гэта жыццё. Дзе няма вады, там няма і жыцця. Нездарма вучоныя шукаюць ваду на Марсе, каб даказаць, што там ёсць нейкая форма жыцця. Кактусы і вярблюды, некаторыя карлікавыя дрэвы і пустынная трава прыстасаваныя да жыцця ў абставінах з малой колькасцю вады. Але не чалавек. Недахоп вады вядзе яго да смерці. Нездарма Езус выкарыстаў ваду і смагу для духоўнага навучання пры Якубавай студні. Калі смага цела з’яўляецца адзнакай наступаючай смерці, то смага душы з’яўляецца знакам духоўнай смерці.

Мы ўсе пакліканы да жыцця, і хрысціянства — гэта рэлігія жыцця. Таму выкарыстаем час Вялікага посту, каб наблізіцца да крыніцы жывой вады, якой ёсць Езус, напіцца з яе і тым самым, будучы памерлымі духоўна, уваскрэснуць да жыцця ў ласцы, якая патрэбна да збаўлення. Амэн.

 
Велікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by (MР3)
2011-03-14 11:04:30

Дарагія сябры! Спецыяльна для вас на нашым партале праводзяцца велікапосныя рэкалекцыі. Падрыхтаваў разважанні кс. Віктар Місевіч, пробашч парафіі ў Бягомлі, адказны за СМІ ў Віцебскай дыяцэзіі і вядомы блогер.

 
Бэнэдыкт XVI: дар — нішто без любові, якая ажыўляе яго
2011-03-11 14:05:57

11 сакавіка 2011 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю членам таварыства «Pro Petri Sede», якое дзейнічае ў Бельгіі. Госці, якія наведваюць Рым кожныя два гады, перадалі Пантыфіку сродкі на дабрачынныя мэты.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на I Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-03-11 12:07:39
Сорак дзён вяртання

13 сакавіка 2011 г., мінская архікатэдра

Дарагія браты і сёстры!

1. Некалькі дзён таму, пазначаныя попелам, мы распачалі новы літургічны перыяд — Вялікі пост, як новы духоўны шлях падрыхтоўкі да святкавання пасхальнай таямніцы.

У першыя стагоддзі хрысціянства сорак дзён Вялікага посту азначалі час падрыхтоўкі да сакрамэнту хросту, які звычайна ўдзяляўся ў вігілію Пасхі. Гэта было вельмі сімвалічна. Пасха азначае перамогу жыцця над смерцю. Таксама і хрост вядзе да ўваскрашэння з грахоў і да новага жыцця ў Хрысце.

Такая практыка была вельмі важнай у духоўным плане. Як Езус сорак дзён рыхтаваўся да выканання сваёй місіі, так і тыя, хто адчуў хрысціянскае пакліканне, рыхтаваліся стаць хрысціянамі.

З часам, аднак, усё часцей сакрамэнт хросту ўдзяляўся дзецям. Таму перыяд Вялікага посту пачаў выкарыстоўвацца для духоўнага аднаўлення і вяртання да Бога праз экзамен жыцця ў святле навучання Хрыста. Так Касцёл разумее гэты час і заклікае людзей да навяртання і крочання за Хрыстом. Вялікі пост прыгадвае нам праўду аб тым, што сэнс хрысціянскага жыцця не толькі ў захаванні Божага закону, але і ў жыцці Хрыстом, якога трэба спаткаць, прыняць і наследаваць.

2. Напэўна, не адзін з нас чытаў розныя гісторыі пра людзей, якія імкнуліся быць багатымі і на самой справе такімі станавіліся. Аднак нярэдка яны канчалі жыццё самагубствам або гінулі ў змаганнях за дабрабыт.

Два тысячагоддзі таму адзін галілеянін сказаў: што дасягне чалавек, калі нават завалодае ўсім светам, але страціць душу? Гэты галілеянін —  Хрыстус. У Ім ёсць штосьці такое, што ўжо на працягу дваццаці стагоддзяў зачароўвае чалавецтва. Ён надае новае значэнне часу і месцу, культуры і традыцыям, нацыянальнасцям і мовам. У Ім ёсць штосьці такое, што прамаўляе да нас вельмі ясна, асабліва ў сённяшнім Евангеллі пра спакушэнне.

Адразу пасля свайго хросту ў водах Ярдану, калі Бог Айцец сказаў, што Ён — Сын Яго ўмілаваны, якога трэба слухаць, Езус быў выведзены Духам у пустыню. Там Ён пасціўся на працягу сарака дзён і начэй і потым павінен быў супрацьстаяць спакусам злога духа. Праблема не ў тым, што Езус мог завалодаць усім светам, як Яму прапанаваў д’ябал, але ў тым, як бы Ён ім валодаў, а менавіта — сваёю моцай ці моцай злога духа?

На пачатку Езус быў спакушаны неналежным выкарыстаннем моцы. Далей — неналежнай папулярнасцю. І нарэшце — неналежным спосабам супрацоўніцтва. Такім чынам, на безжыццёвых Юдэйскіх узгорках Езус змагаўся сам з сабою, а менавіта паміж тым, каб быць Валадаром сусвету моцаю злога духа або стаць ім праз паслухмянасць волі Нябеснага Айца.
 
3. Праблема, узнятая Езусам два тысячагоддзі таму, з’яўляецца адной з самых вялікіх у сучаснасці і той, на якую мы не надта звяртаем увагу. Усе хочуць мець уладу, быць багатымі і шчаслівымі. У той жа час далёка не ўсе задумваюцца над тым, як з маральнага пункту гледжання яны імкнуцца ўсё гэта дасягнуць і як будуць гэтым карыстацца. Што для іх самае галоўнае — улада, багацце, танная папулярнасць, пошук задавальненняў і г. д. ці сапраўднае хрысціянскае жыццё згодна з маральнымі прынцыпамі?

На гэтыя і падобныя пытанні мы павінны адказаць падчас Вялікага посту, праходзячы спецыяльныя велікапосныя курсы хрысціянскай фармацыі. Сорак дзён — гэта не малы час, каб навучыцца чамусьці добраму, адмовіцца ад злога і ад дрэнных звычак.

Аднак, па праўдзе кажучы, калі нават велікодныя яйкі могуць сапсавацца, то і многія нашы велікапосныя намаганні не прынясуць плёну, калі мы не паставім перад сабой адпаведнай мэты. Вялікі пост вядзе нас да Пасхі, калі мы разважаем аб праўдзе Уваскрасення Езуса Хрыста. Таму наша ўваскрашэнне з грахоў павінна стаць мэтай Вялікага посту, каб мы не паддаліся спакусам і па прыкладзе Езуса Хрыста маглі іх адкінуць. І тут сучаснаму чалавеку ёсць аб чым падумаць у яго імкненні быць вялікім.

Адна гісторыя апавядае пра вельмі вядомага пратэстанцкага прапаведніка. Аднойчы вечарам ён рыхтаваўся да нядзельнага казання. Яго малы сын папрасіў тату, каб той паклаў яго спаць. На гэта пастар адказаў: «Ідзі да ложка, а я праз некалькі хвілін прыйду». Аднак потым ён так захапіўся падрыхтоўкай да казання, што пра сваё абяцанне ўспомніў значна пазней, калі яго сын ужо спаў. Безумоўна, вельмі важным было казанне, але значна важнейшым было сямейнае жыццё і выхаванне маладога пакалення праз выкананне дадзенага слова.

Падобная гісторыя вельмі часта паўтараецца ў нашым жыцці. Спакуса перамагае нас, калі мы не да канца асэнсоўваем тое, што робім. Імкнёмся працаваць, каб зарабіць і ўтрымаць сям’ю. Здаецца, што гэта вельмі добра. Аднак нярэдка працуем і ў нядзелю. Гэтым самым занядбоўваем нядзельную Імшу, не маем часу для сям’і, не даём добрага прыкладу дзецям і не маем часу на іх выхаванне. Потым дзівімся, што распадаецца сям’я і дзеці растуць не такімі, якімі мы іх хочам бачыць.

Бог аб’яўляе свой закон, і толькі ад нас залежыць выбар паміж дабром і злом, жыццём і смерцю.

4. Не хлебам адным жыве чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых, — так адказаў Езус на спакусы злога духа. Хоць багацце, улада, задавальненні з’яўляюцца хлебам, якога шукае сучасны чалавек і якім захапляецца, аднак трэба памятаць і пра духоўнае жыццё.

Таму час Вялікага посту павінен быць прысвечаны вяртанню да Бога. Свабода ад Бога робіць чалавека бездухоўным целам і выганяе з раю, з «духоўна экалагічнага» жыцця. Вядома, што калі ў свеце жывёлаў парушаецца экалагічная раўнавага, то яны нішчаць адно аднаго. Падобна і чалавечы свет без Бога становіцца халодным і бяздушным, жорсткім і несправядлівым. Гэтую праўду трэба ўсвядоміць на пачатку Вялікага посту, каб яго саракадзённая пілігрымка стала пілігрымкай вяртання да Бога і гэтым самым вяртання да «духоўна экалагічнага» жыцця, здольнага захаваць створаны Творцам парадак і гармонію ў адносінах паміж людзьмі і з Богам.

У гэтай велікапоснай пілігрымцы нам трэба прыняць запрашэнне Езуса ісці за Ім праз жыццё паводле евангельскага радыкалізму, каб адмовіцца ад старога чалавека і апрануцца ў Хрыста, паўтарыўшы разам са св. апосталам Паўлам: жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстус.

Няхай жа лекцыя першай нядзелі Вялікага посту — нядзелі спакушэння — дапаможа нам рашуча выказацца за Бога і перамагчы ў барацьбе са спакусамі, каб назаўсёды застацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, за што Хрыстус узнагародзіць вечным шчасцем у небе. Амэн.

 
Пост: з якой мэтай і якім чынам?
2011-03-11 08:41:02

Перыяд Вялікага посту — гэта шанец для кожнага хрысціяніна падвергнуць евангельскай рэвізіі сваё жыццё. Інстынктыўнае жаданне дабра і не менш уласцівая чалавеку лянота спрыяюць таму, што многія гэтую рэвізію зводзяць да вылічэння балансу паміж дабром і злом.

 
Бэнэдыкт XVI: у Касцёле існуюць негатыўныя аспекты, але прыналежнасць да яго — радасць
2011-03-10 13:52:47

«У Касцёле існуюць аспекты негатыўныя і цяжкія, бо ён вельмі чалавечы. Аднак мы павінны цешыцца з таго, што належым да Касцёла, што з’яўляемся Касцёлам, і павінны бачыць, што праўда мацнейшая за хлусню», — падкрэсліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з духавенствам дыяцэзіі Рыма 10 сакавіка 2011 г. Па традыцыі Папа сустрэўся са святарамі Вечнага Горада ў пачатку Вялікага посту.

 
Вялікі пост пачынаецца ў сэрцы і ў маўчанні, каб праявіцца ў паўнаце спраў
2011-03-10 14:08:06

У жыцці ёсць моманты, калі разумееш, што настаў спрыяльны час для таго, каб здзейсніць нейкае падарожжа, вырашыць нейкую сітуацыю ці выправіць нейкія адносіны. Гэты час з’яўляецца спрыяльным у сілу таго, што ўзнікае шэраг падзей, праз якія разумееш, што калі не вырашыш якое-небудзь пытанне ў гэты момант, то гэтыя акалічнасці наўрад ці прадставяцца табе зноў.

 
Набажэнствы з удзелам Папы ў Папяльцовую сераду
2011-03-07 14:34:21
Служба папскіх літургічных цэлебрацый пацвердзіла, што ў Папяльцовую сераду 9 сакавіка Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліць традыцыйную працэсію.
 
9 сакавіка ў католікаў распачаўся Вялікі пост
2011-03-08 00:59:00

9 сакавіка ў Каталіцкім Касцёле распачаўся Вялікі пост. Папяльцовая серада — першы дзень саракадзённага літургічнага перыяду падрыхтоўкі да велікодных святаў. Падчас літургіі адбываецца абрад пасыпання галоваў попелам. Адсюль і назва — Папяльцовая серада.

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Пальмовую нядзелю
2010-03-29 10:31:36

Мінская архікатэдра, 28 сакавіка 2010 г.

Пальмовая нядзеля — заклік да духоўнай інверсіі

1. Сёння ўвесь хрысціянскі свет адзначае Пальмовую нядзелю. У тых краінах, дзе растуць пальмы, вернікі ў руках трымаюць пальмовыя веткі. Мы трымаем вербы — галінкі тых дрэваў, якія пры нашым клімаце першымі распускаюцца пасля зімы. Чаму? Што ўсё гэта азначае?

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас велікапоснага чування моладзі
2010-03-20 22:06:02


V Нядзеля Вялікага посту, Год С
Мінская архікатэдра, 20 сакавіка 2010 г.

Галоўная справа

1. Пахвалёны Езус Хрыстус! Добры вечар усім вам, дарагая моладзь, якая сабралася на традыцыйную малітоўную сустрэчу ў Вялікім посце.

 
Велікапосныя канферэнцыі ў фармаце МР3
2010-03-15 13:08:57

Перажыванню Вялікага посту спрыяюць адпаведныя набажэнствы, а таксама рэкалекцыйныя гаміліі і канферэнцыі. Сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць вяртацца да разважанняў, прапанаваных рэкалекцыяністам, таксама ў штодзённасці. Заахвочваем да асабістага духоўнага росту праз слуханне велікапосных канферэнцый у фармаце МР3.

 
Велікапосныя рэкалекцыі ў мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля (MP3)
2010-03-10 09:39:46

8 сакавіка 2010 г. завяршыліся трохдзённыя велікапосныя рэкалекцыі ў мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранкаўскі дэканат). Дні духоўнага аднаўлення для мясцовых вернікаў правёў кс. Аляксандр Мятліцкі SDB.

 

Усяго 47 матэрыялаў адзначана цэтлікам Вялікі пост.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.