Паведамленне з 40-га Пленарнага пасяджэння ККББ | Друк |
У Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое прайшло 25 чэрвеня 2009 года ў памяшканні Сакратарыяту ККББ у Мінску па вул. Кальцова, 153, прынялі ўдзел усе члены ККББ. Прысутнічалі таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі кс. прэлат Крыспін Вітальд Дубель, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі кс. архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС.

У сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў Старшыні, Віцэ-старшыні і Генеральнага сакратара ККББ на пачатку пасяджэння былі праведзены выбары на гэтыя пасады. Тайным галасаваннем было выбрана кіраўніцтва Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў папярэднім складзе тэрмінам на наступныя 3 гады, згодна са статутам ККББ. Старшынём ККББ на новы тэрмін абраны Яго Эксцэленцыя Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі, Віцэ-старшынём — Яго Эксцэленцыя Уладзіслаў Блін, біскуп Віцебскі, Генеральным сакратаром — Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Канферэнцыя Біскупаў чарговы раз выказалася аб тым, што пераклад літургічных тэкстаў павінен адпавядаць нарматывам, пададзеным у інструкцыі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў Liturgiam authenthicam, а менавіта: пераклад літургічных тэкстаў рымскай Літургіі павінен рабіцца з лацінскай мовы і быць не столькі мастацкім творам, колькі дакладнай перадачай на нацыянальных мовах арыгінальных тэкстаў. Зробленыя пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову прызнаныя адпаведнымі гэтым патрабаванням.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў прысутным аб набажэнствах, запланаваных падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, якія пройдуць 1–2 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.

Сабраныя абмеркавалі пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай біскупаў да візіту Ad limina Apostolorum, які прызначаны на снежань бягучага года.

У сувязі з Годам святарства сабраныя ўхвалілі ініцыятыву правядзення сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў з усёй Беларусі, якая адбудзецца ва ўспамін апекуна святароў святога Яна Марыі Віянэя 4 жніўня ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.

Былі таксама абмеркаваны некаторыя іншыя справы, актуальныя для Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
Адноўлена 13.07.2009 16:10
 
© 2003-2024 Catholic.by