Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі да ўсіх святароў на Беларусі з нагоды распачацця Года святарства | Друк |
Дарагія браты ў святарстве!

У адпаведнасці з рашэннем Святога Айца Бэнэдыкта XVI, 19 чэрвеня 2009 года ў паўсюдным Касцёле распачнецца Год святарства, дэвіз якога — «Вернасць Хрыста, вернасць святара». Ён будзе ўрачыста распачаты падчас Нешпараў урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У Рым прыбудуць рэліквіі святога Яна Марыі Віянэя, які ў Год святарства будзе абвешчаны апекуном усіх святароў у свеце. Запланавана таксама публікацыя зборніка выказванняў Святога Айца на тэму жыцця і місіі святароў у наш час.

Рыхтуючыся да гэтых падзеяў, мы жадаем нанава асэнсаваць велізарную ролю святароў у фармаванні рэлігійнага і грамадскага жыцця. Аднак выкананне гэтага задання залежыць ад духоўнай дасканаласці святара, ад яго асабістай святасці. Менавіта з гэтага павінны браць пачатак усе іншыя яго справы і дзеянні. Асабліва таму, што сучасны свет часта зводзіць людзей на аблудныя шляхі. На жаль, некаторыя святары таксама даюць сябе звесці.

Таму мы далучаемся да словаў Слугі Божага Яна Паўла ІІ і настойліва просім усіх вас, дарагія браты ў святарстве: «Падобна да Езуса, <святар> павінен адмовіцца ад усялякай палітычнай дзейнасці, асабліва тады — а гэта амаль заўсёды непазбежна, — калі гэтая палітыка мае прадузяты характар, каб заставацца чалавекам для ўсіх на падставе братэрства, а таксама, калі гэта будзе прынята, духоўнага айцоўства» (Генеральная аўдыенцыя, 28 ліпеня 1993 г.).

Таксама і Кангрэгацыя па справах духавенства выразна падкрэслівае, што «святар, з’яўляючыся служыцелем Касцёла, які з прычыны сваёй універсальнасці і каталіцкасці не можа звязвацца з аніякімі гістарычнымі абставінамі, павінен стаяць вышэй за любыя палітычныя прыхільнасці» (Дырэкторый пра служэнне і жыццё святароў, 33).

Папа Бэнэдыкт XVI даносіць да духавенства думку, што «вернікі чакаюць ад святароў толькі аднаго: каб яны былі спецыялістамі ў галіне сустрэчы чалавека з Богам. Ад святара не патрабуецца, каб ён быў прафесіяналам у эканамічных, будаўнічых ці палітычных справах. Ад яго чакаюць толькі аднаго — а менавіта, каб ён быў прафесіяналам у сферы духоўнага жыцця» (Прамова ў варшаўскай катэдры, 25 мая 2006 г.).

Настойліва заахвочваем усіх вас няспынна звяртацца да вытокаў і быць з Хрыстом. Пакліканне да святарства і сакрамэнтальнага жыцця — гэта незвычайны Божы дар, што з’яўляецца праяваю вялікага плана Любові і Збаўлення, які Бог мае для кожнага чалавека і для ўсяго чалавецтва.

Святы Павел, якога мы асаблівым чынам узгадваем у Год, прысвечаны яму, так піша ў Пасланні да Эфесцаў: «Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові» (Эф 1, 3–4).

Дарагія браты ў святарстве, не паддавайцеся страху перад абліччам цяжкасцяў ці сумненняў. Памятайце пра вашае галоўнае заданне, даверанае вам Хрыстом — навучаць народы, і не дайце звесці сябе на аблудныя шляхі!

Майце давер да Бога і верна ідзіце за Езусам, і так станеце сведкамі радасці, што струменіць з блізкай еднасці са Збаўцам.

Ад усяго сэрца благаслаўляем усіх вас і тых, каму вы служыце.

Каталіцкія біскупы Беларусі
Адноўлена 13.07.2009 16:10
 
© 2003-2019 Catholic.by