Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды 15-годдзя аднаўлення структуры і адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі | Друк |
Цябе, Бога, праслаўляем, Табе, Пане, хвала вечна
(Гімн падзякі: Te Deum Laudamus)

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У пятнаццатую гадавіну аднаўлення структуры і адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі мы звяртаемся да вас з пастырскім прывітаннем і напамінам пра найбольш важныя моманты нашай сучаснай гісторыі, сумеснымі творцамі якой праз справу Божага Провіду вы з’яўляецеся.

1. Пачынаючы з 1917 года, на працягу 70-ці гадоў на ўсходніх тэрыторыях і 50-ці гадоў на заходніх тэрыторыях Беларусі савецкі рэжым паслядоўна і бескампрамісна рэалізоўваў сваю атэістычна-матэрыялістычную праграму.

У выніку рэпрэсійных акцый савецкіх уладаў Каталіцкі Касцёл на Беларусі меў велізарныя страты сярод духавенства, а таксама былі знішчаны і забраныя шматлікія святыні і кляштары. З сапраўды шатанскай лютасцю пераследавалі тых, хто вызнаваў Бога і спрабаваў выконваць рэлігійныя практыкі. Гэта адбывалася пры адсутнасці ўмяшальніцтва Захаду ў абароне Касцёла і веруючых, якія пераследаваліся савецкім атэістычным рэжымам.

Але Касцёл на Беларусі, пазбаўлены адпаведных касцёльных структураў, церпячы і не раз сыходзячы крывёю, трываў — і выжыў.

І менавіта ў часы надыходзячых пераменаў у Еўропе Папа Ян Павел ІІ асаблівым чынам звярнуў свой позірк і сваё сэрца на жахлівы пераслед вернікаў на Беларусі. «Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту», — заклікаў ён.

2. У кастрычніку 1989 года ён прызначыў і кансэкраваў у Рыме біскупа, які — як Апостальскі Адміністратар — распачаў душпастырскую апеку над усімі католікамі на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам Святы Айцец засведчыў прыгнечаным вернікам збаўчую памяць, запэўніў ратунак і дапамогу, распачаў працэс аднаўлення веры, Касцёла і рэлігійнага жыцця на Беларусі.

Ужо ў наступным годзе была адкрыта Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне, якая да 2006 года выхавала і адукавала больш за сто святароў. Ва ўрачыстым святкаванні 10-годдзя дзейнасці гэтай семінарыі ўдзельнічаў арцыбіскуп Зянон Грахалеўскі, прэфект Кангрэгацыі па справах каталіцкага выхавання, духоўных семінарый і навуковых інстытутаў.

3. 13 красавіка 1991 г. Папа Ян Павел ІІ стварыў у межах Рэспублікі Беларусь Мінска-Магілёўскую Мітраполію, у склад якой увайшла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская і Гродзенская дыяцэзіі. У гэты ж дзень былі прызначаны два біскупы. Гэта была вельмі важная гістарычная падзея для Касцёла на Беларусі, гадавіну якой мы якраз адзначаем.

4. Тым часам адбыўся распад Савецкага Саюза і стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Спыніліся яўныя пераследванні Касцёла і вернікаў, усталявалася прынамсі адносная рэлігійная свабода.

Насталі гады інтэнсіўнага, поўнага энтузіязму і ахвярнасці ўдзелу духавенства і Божага народа ў адраджэнні Касцёла і аднаўленні рэлігійнага жыцця на Беларусі. Было пабудавана некалькі дзесяткаў новых касцёлаў на месцы тых, што былі цалкам разбураныя, была адрэмантавана значна большая колькасць святыняў, якія былі вернутыя, але моцна спустошаныя ці перабудаваныя для свецкіх мэтаў.

Вялікую дапамогу ў гэтай працы аказала новаствораная Арцыбіскупская будаўнічая рада. Дасягненні ў будаўніцтве дазволілі яшчэ больш скіраваць душпастырскую працу на развіццё ўнутранага Касцёла ў чалавечых душах.

5. Пазітыўныя вынікі аднаўлення з’явіліся дзякуючы актыўнай працы мясцовых святароў, законніц і Божага народа, а ў значнай ступені дзякуючы ахвярнай інвестыцыйнай і душпастырскай дзейнасці святароў і сясцёр законных, якія прыбылі з Польшчы на дапамогу. У гэтае аднаўленне ўключыліся цэнтры катэхетычнай фармацыі ў Гродне і Баранавічах, а таксама каталіцкія выданні, якія пачалі выдавацца ў Мінску, Гродне і Баранавічах. Значны ўклад у гэта зрабілі выдавецтвы «Pro Christo» ў Мінску і дыяцэзіяльнае выдавецтва ў Гродне.

На працягу гэтых 15 гадоў у значнай ступені былі навярстаны тыя вялікія страты, якія Касцёлу на Беларусі былі нанесены за час пераследу з боку атэістычна-матэрыялістычнай савецкай сістэмы.

6. Пазіцыя Касцёла на Беларусі настолькі ўзрасла, што ён здабыў аўтарытэт, павагу і прызнанне не толькі сярод веруючых людзей, але нават сярод тых, хто яшчэ 15 гадоў таму назад прыкладаў усялякія намаганні, каб цалкам яго знішчыць.

Мінскі архікатэдральны касцёл — вернуты католікам, адбудаваны і рэкансэкраваны 21 кастрычніка 1997 года з удзелам Папскага легата кардынала Эдмунда Шокі — стаў бачным і красамоўным знакам Каталіцкага Касцёла на Беларусі, які адраджаецца.

7. У перыяд аднаўлення Касцёла на Беларусі мелі месца разнастайныя ўхвалы і падзеі, якія ўсё больш выразна і канкрэтна фармуюць аблічча тутэйшага партыкулярнага Касцёла ў паасобных дыяцэзіях.

У лістападзе 1992 года адбылося наладжванне дыпламатычных адносінаў паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь.

26 лістапада 1994 года Папа Ян Павел ІІ паклікаў у склад Калегіі кардыналаў Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Тым часам у 1998–1999 гадах адбылося далейшае папаўненне іерархіі ў структуры Касцёла на Беларусі. Менавіта былі прызначаны тры дапаможныя біскупы і адзін біскуп ардынарый у новайстворанай Віцебскай дыяцэзіі. 28 лістапада 1998 г. была заснавана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, старшынёй якой быў абраны Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Адбыліся ўжо два візіты Ad limina Apostolorum біскупаў з Беларусі ў Апостальскую Сталіцу. Красамоўнымі былі словы Святога Айца, з якімі ён звярнуўся да біскупаў 7 красавіка 1997 г.: «Езус Хрыстус перамог свет, з Ім і вы ўжо з’яўляецеся пераможцамі», а таксама 11 лютага 2003 г.: «Дзякуючы Богу гэты суровы перыяд скончыўся і ўжо на працягу некалькіх гадоў адбываецца рашучае, натхнёнае аднаўленне».

8. Каталіцкі Касцёл на Беларусі ў параўнанні з Праваслаўнай Царквой складае меншасць па канфесійнай колькасці вернікаў. З боку Каталіцкага Касцёла пастаянна праяўляецца добрая воля ў накірунку падтрымання ўзаемнага кантакту Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў духу экуменізму.

9. Велізарнае значэнне ў жыцці і дзейнасці Касцёла на Беларусі меў і надалей мае праведзены на працягу 4 гадоў (з 1996 па 2000 гады) Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, у заканчэнні якога прымаў удзел папскі пасланнік кардынал Каміллё Руіні, Генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі.

10. У Мінску-Пінску, Гродне і Віцебску былі скліканы Судовыя трыбуналы, якія займаюцца перадусім канфліктнымі сужэнскімі сітуацыямі.

11. 12 верасня 2001 года, пасля 62-гадовага перапынку, у вернутым і адрамантаваным будынку былой Вышэйшай духоўнай семінарыі Пінскай дыяцэзіі, была адчынена Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску.

12. Важным элементам аднаўлення рэлігійнага жыцця, а асабліва марыйнага культу на Беларусі сталі, па жаданні Папы, тры вызначаныя (у 1991–1996 гадах) Меншыя базылікі: у Гродна, Будславе і Пінску, а таксама каранацыя папскімі каронамі (у 1996–2005 гадах) чатырох цудатворных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Брэсце, Лагішыне, Будславе і Гродне.

10 снежня 2005 г. па жаданні Святога Айца Яна Паўла ІІ быў каранаваны абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай, ахвяраваны і асвечаны Папам і змешчаны ў галоўным узноўленым алтары мінскай архікатэдры. Прыгожаю праяваю пашаны Найсвяцейшай Панны Марыі сталі праведзеныя ў 1993–1998 гадах у парафіях Мінска-Магілёўскай Мітраполіі перэгрынацыі копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай і фігуры Маці Божай Фацімскай, прывезенай з Партугаліі.

Мы назіраем павелічэнне колькасці пілігрымак у Марыйныя санктуарыі з усё больш шматлікім удзелам у іх вернікаў. Самыя мнагалюдныя пілігрымкі накіроўваюцца ў Нацыянальны санктуарый у Будславе.

13. 13 чэрвеня 1999 года Святым Айцом Янам Паўлам ІІ былі беатыфікаваныя адзінаццаць беларускіх мучанікаў, а 5 сакавіка 2000 года — адзінаццаць сясцёр назарэтанак з Наваградка.

У гісторыю Касцёла на Беларусі залатымі літарамі ўпісана светлая постаць Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Перад яго труною спачатку ў крыпце, а цяпер у капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у пінскай катэдры пастаянна стаяць жывыя кветкі і рэгулярна ўзносяцца малітвы аб яго беатыфікацыі.

Вялікі духоўны плён прынесла святкаванне Вялікага Юбілею 2000 Года ў катэдрах, у парафіяльных касцёлах і юбілейных святынях, у якія прыбывалі шматлікія пілігрымкі, каб атрымаць адпусты.

14. У мінулым годзе распачалася ўжо трэцяя кананічная візітацыя парафій у дыяцэзіях, якая дае магчымасць пазнаёміцца са становішчам кожнай парафіі і наладзіць непасрэдны кантакт біскупа са святарамі і вернікамі.

15. Вялікім дасягненнем стала выданне ў 2004 годзе Імшала на беларускай мове (вынік шматгадовай працы Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў). Гэты Імшал ва ўсім паўсюдным Касцёле з’яўляецца першым выданнем трэцяй версіі Рымскага Імшала (Editio Typica Tertio), які быў перакладзены на нацыянальную мову. Вынікам працы камісіі таксама з’яўляецца пераклад на беларускую мову некаторых літургічных кніг такіх як «Абрады святога хросту», «Сакрамэнт бежмавання», «Сакрамэнт сужэнства».

16. Вялікае значэнне мае ўдзел партыкулярнага Касцёла на Беларусі ў дзейнасці і рэлігійным жыцці паўсюднага Касцёла.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца членам рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы. Біскупы ўдзельнічаюць у Сінодах біскупаў, у розных кангрэсах, канферэнцыях і сімпозіумах у многіх краінах свету.

Аб прысутнасці Касцёла на Беларусі на міжнароднай арэне сведчаць шматлікія замежныя пілігрымкі. У 1997 годзе каля тысячы вернікаў выехала на спецыяльным цягніку ў Вроцлаў, каб прыняць удзел у 46 Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе і каб сустрэцца з Папам.

З вялікаю радасцю была перажыта ў кастрычніку 1998 года аўтобусная пілігрымка каля 900 вернікаў з усёй Беларусі ў Рым на ХХ гадавіну пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ. На заканчэнне спецыяльнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI Папа, нягледзячы на нямогласць, прайшоў праз усю залу сярод узрушаных і расчуленых да слёз беларускіх пілігрымаў, аказваючы ім асаблівую сардэчнасць і зычлівасць.

У колах Захаду Касцёл на Беларусі, які адраджаецца, атрымаў прызнанне і нават выклікаў здзіўленне, і сёння займае ў паўсюдным Касцёле належнае яму месца нароўні з іншымі партыкулярнымі Касцёламі.

17. У пятнаццатую гадавіну адраджэння Касцёла на Беларусі, калі мы ўсведамляем вялікую колькасць здзейсненых пераменаў і дасягненняў, хоць і не можам іх усіх пералічыць, у пакоры схіляем галовы перад усемагутным Богам і з глыбіні сэрцаў выказваем падзяку за збавеннае кіраванне Божага Провіду, а таксама за пастаянную апеку Маці Божай.

У той жа час шчыры клопат Папы Яна Паўла ІІ залатою стужкаю бацькоўскай любові атульваў гэтыя мінулыя гады цяжкіх выпрабаванняў і нялёгкай справы аднаўлення Касцёла на Беларусі.

Асаблівыя словы ўдзячнасці трэба сказаць Святому Айцу Яну Паўлу ІІ за ратаванне Касцёла на Беларусі ад згубы, за выратаванне чалавечых душаў ад страты веры, за захаванне чалавечых сэрцаў ад знішчэння ў іх любові Бога і вернасці Касцёлу.

Слава людзям за тое, што былі мужнымі ў справе фармавання аблічча Касцёла на Беларусі. Мы маем на ўвазе святароў, законнікаў, мясцовых і тых, хто прыехаў з Польшчы, хто плённа і ахвярна выконваў і выконвае душпастырскую працу ў даручаных ім розных касцёльных пляцоўках. Асаблівае прызнанне выказваем люду Божаму за вернасць у гады пераследу, а таксама за іх актыўны ўдзел у гады адраджэння Касцёла і рэлігійнага жыцця на Беларусі.

Вялікіх спраў Божых нельга забываць. Святы Айцец Ян Павел ІІ сказаў: «Трэба, каб мы з удзячнасцю ўзгадвалі мінулае, усім сэрцам перажывалі сучаснае і былі адкрытымі на будучыню». З бязмежным даверам Касцёл на Беларусі даручае сваю будучыню міласэрнаму кіраванню Божага Провіду, чулай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, кіраўніцтву Апостальскай Сталіцы.

Ад усяго сэрца благаслаўляюць

Каталіцкія біскупы Беларусі
Адноўлена 13.07.2009 15:18
 
© 2003-2019 Catholic.by