Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па праблеме сурагатнага мацярынства | Друк |
27 чэрвеня 2007 г.
 
Ёсць сужэнствы, якія не могуць мець уласных дзяцей. У сувязі з гэтым у апошні час заканадаўства ў некаторых краінах свету дазваляе так званае «сурагатнае мацярынства». Гэтая працэдура супярэчыць хрысціянскай маральнасці.
 
Сурагатнае мацярынства заключаецца ў тым, што эмбрыён імплантуецца ў матку іншай жанчыны, якая пасля перыяду цяжарнасці і нараджэння перадае дзіця генетычнай маці (ад якой паходзіць яйцаклетка); альбо калі жанчына зацяжарала ў выніку апладнення яе яйцаклеткі (натуральным шляхам або штучным метадам) спермай мужчыны, які не з’яўляецца яе мужам, з намерам аддаць дзіця таму, хто яго «замовіў».
 
З пункту гледжання права магчымыя адносіны паміж генетычнымі бацькамі дзіцяці і сурагатнай маці павінен акрэсліць дагавор. Паводле дагавору, такая «паслуга» можа быць бескарыслівай альбо платнай. Таму юрыдычная сітуацыя дзіцяці, які паходзіць ад сурагатнай маці, вельмі няпэўная. Абодва бакі могуць адмовіцца ад ранейшага пагаднення, і такога роду абавязацельства цяжка спагнаць. Акрамя таго, наёмная маці прыніжаецца да ролі прылады, якая вырабляе чалавека, а дзіця — да ролі тавару.
 
З псіхалагічнага пункту гледжання сурагатнае мацярынства — гэта насілле над мацярынскай любоўю, што нараджаецца ў сэрцы жанчыны да дзіцяці, якое яна носіць у сваім улонні, а ў выпадку біялагічнай маці — пазбаўляе яе магчымасці наладзіць кантакт з дзіцём ужо ў дародавы перыяд. Са шкодаю для самога мацярынства мацярынства сурагатнае аддзяляе яго біялагічнае вымярэнне ад псіхічнага і духоўнага. Сурагатнае мацярынства свядома парушае сямейныя адносіны (біялагічная маці — сурагатная маці). Яно таксама мае негатыўны ўплыў на развіццё дзіцяці. Само азначэнне «мацярынства» з’яўляецца неадэкватным для дадзенай сітуацыі, бо з самага пачатку выключае мацярынскую любоў да дзіцяці і адказнасць за яго. Такім чынам мацярынства пазбаўляецца годнасці (паклікання і бескарыслівага дару) і зводзіцца да катэгорыі паслугі.
 
Каталіцкі Касцёл рашуча і адназначна не прымае практыку наёмных маці. У Інструкцыі Кангрэгацыі Веравучэння Donum vitae, зацверджанай 22 лютага 1987 г., выразна гаворыцца, што сурагатнае мацярынства з’яўляецца маральна недапушчальным, бо яно супярэчыць еднасці сужэнства і годнасці чалавечай плоднасці. Яно абражае годнасць дзіцяці і парушае яго права быць зачатым, нарадзіцца і выхоўвацца ўласнымі бацькамі. Практыка наёмных маці прыводзіць да фізічнага, псіхічнага і маральнага разбурэння адзінства сям’і, устаноўленага Творцам (пар. DV ІІ А 3; пар. ККК, 2376).
 
Перад сужэнствамі, якія не могуць мець уласных дзяцей, адкрыты шлях усынаўлення. Шмат пакінутых дзяцей чакаюць, каб хтосьці даў ім прытулак і адарыў бацькоўскай любоўю (пар. ККК, 2378 і 2279).
 
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца з заклікам да ўсіх вернікаў, каб яны, давяраючы вучэнню Касцёла, якое абапіраецца на Божае права, зрабілі ўсё, што ў іх моцы, каб сурагатнае мацярынства наогул не мела месца, а асабліва сярод хрысціянаў.
Адноўлена 13.07.2009 15:45
 
© 2003-2024 Catholic.by