Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям’і | Друк |
Возьмем пад апеку сямейнае жыццё

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам адзначаць свята Святой Сям’і. І гэтае сённяшняе свята скіроўвае нашыя думкі і сэрцы да таго месца, дзе Пан Езус  разам з Марыяй і Юзафам правёў гады свайго дзяцінства і юнацтва, а менавіта — да дома ў Назарэце. У гэтым доме развіваліся сямейныя адносіны паміж Езусам, Марыяй і Юзафам, тут Пан Езус адчуў сямейнае цяпло, узрастаў у мудрасці, якой вучыўся ад бацькоў, і такім чынам пазнаваў Бога і людзей.

Сёння Евангелле запрашае нас разам з Марыяй, Юзафам і Езусам у святыню, куды, паводле закона, трэба было прынесці першароднае дзіця, каб ахвяраваць Богу. У святыні Святая Сям’я сустракае Сімяона, які, убачыўшы Дзіцятка Езуса, узнёс прыгожы гімн праслаўлення. У той жа час з ягоных вуснаў Марыя пачула таксама словы, якія тады не зразумела, але якія захавала ў сваім сэрцы.

Потым Святая Сям’я вярнулася дадому ў Назарэт. Езус «рос і ўмацоўваўся, і напаўняўся мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім»  (пар. Лк 2, 40). За гэтымі словамі відаць звычайнае, простае сямейнае жыццё, якое і для нашых сем’яў  з’яўляецца школаю евангельскага жыцця. Гледзячы на жыццё Святой Сям’і ў Назарэце, мы вучымся праслаўляць Бога сярод штодзённых цяжкасцяў, бо, хоць  Марыя, Юзаф і Езус спазналі беднасць і пераслед, яны заўсёды давяралі Богу.

Мы перажываем у Касцёле год святога Паўла, апостала народаў. Сёння нам трэба асаблівым чынам далучыцца да Марыі і Юзафа, якія разам з Езусам, баючыся за Яго жыццё, уцякаюць у Егіпет. Якая ж адважная была Марыя, калі, пачуўшы словы Юзафа аб тым, што трэба ісці, узяла Дзіцятка і ноччу накіравалася ў невядомы шлях. Яны былі адважныя, бо ахоўвалі сваю сям’ю, жыццё свайго дзіцяці ад бязлітаснага Ірада. Святы Павел нагадвае: «Бог не даў нам Духа боязі, але сілы, любові і разважлівасці» (пар. 2 Цім 1, 7). Гэта значыць, што, дзякуючы Божай ласцы, мы таксама пакліканыя да такой жа адвагі і разважлівасці ў барацьбе за хрысціянскую сям’ю, за кожнае ненароджанае і народжанае чалавечае жыццё.

Слуга Божы Ян Павел ІІ у Энцыкліцы Evangelium vitae нагадвае нам, што  выбар Хрыста — гэта таксама прызнанне святасці чалавечага жыцця: «Рашучы выбар на карысць жыцця набывае сваё поў¬нае рэлігійнае і маральнае значэнне, калі вынікае з веры ў Хрыста, праз яе ўдасканальваецца і з яе чэрпае сваю моц. Нішто так не дапамагае правільна падыходзіць да канфлікту паміж смерцю і жыццём, які з’яўляецца нашаю рэальнасцю, як вера ў Сына Божага, які стаўся чалавекам і прыйшоў да лю¬дзей» (EV 28). Кожны чалавек адораны розумам, вольнаю воляй і сумленнем, а кожны хрысціянін мае маральны і рэлігійны наказ адважна абараняць і шанаваць кожнае чалавечае жыццё. Менавіта ў Хрысце Бог дае нам дапамогу, робячы нас здольнымі дзейнічаць, рабіць дабро, «любіць чалавечае жыццё, служыць яму, абараняць і падтрымліваць яго».

У супольнасці, якой з’яўляецца Касцёл, мы ўсе пакліканыя любіць чалавечае жыццё і служыць жыццю. У Энцыкліцы Evangelium vitae Папа піша: «Усе мы павінны несці нашаму бліжняму паслугу любові, баронячы яго жыццё і заўсёды падтрымліваючы яго, асабліва тады, калі яно слабое альбо знаходзіцца ў небяспецы. Мы павінны клапаціцца пра яго не толькі паасобку, але таксама  супольна, беручы падмурак для новага грамадства, як безагаворачную павагу да чалавечага жыцця» (EV, 77). Каталіцкі Касцёл у Беларусі таксама ажыццяўляе шмат ініцыятываў, скіраваных на абарону чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці. Адна з такіх ініцыятываў, якая называецца «Духоўнае ўсынаўленне», ужо некалькі гадоў праводзіцца ў нашай краіне. Дзякуючы адвазе і вытрымцы многіх тысяч вернікаў шмат ненароджаных дзяцей, якія знаходзяцца ў небяспецы смерці, застаюцца жыць. Дзякуючы малітвам і самаахвярнасці гэтых людзей бацькі, перад якімі стаіць дылема, перамагаюць страх і прымаюць смелае рашэнне, каб пакінуць свайму дзіцяці жыццё, а потым выхоўваюць яго ў атмасферы сямейнай любові.

Мы ведаем, што «Духоўнае ўсынаўленне» звязана з асаблівымі намаганнямі і самаадрачэннем. Для многіх людзей іх уласнае цярпенне набыло сэнс, калі яны ахвяравалі яго ў інтэнцыі безабароннага дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту. Папа Ян Павел ІІ, сёння Слуга Божы, у 1994 годзе, калі вярнуўся са шпіталя, такім чынам тлумачыў сэнс свайго цярпення: «Усё гэта з-за таго, што сям’я знаходзіцца ў небяспецы, сям’і наносіцца ўдар. Папа таксама трапляе пад удар, і ён павінен цярпець, каб падрыхтаваць будучыню, трэцяе тысячагоддзе сем’яў: кожнай сям’і і ўсіх сем’яў».

Усім вернікам, якія ў мінулым годзе з энтузіязмам уключыліся ў «Духоўнае ўсынаўленне», мы выказваем словы сваёй глыбокай удзячнасці. Мы дзякуем і молімся за тых, хто якім-небудзь чынам служыць сям’і і чалавечаму жыццю.

На працу служэння сем’ям і жыццю мы даручаем усіх вас словамі малітвы Слугі Божага Яна Паўла ІІ: «Няхай Святая Сям’я, ікона і ўзор для кожнай чалавечай сям’і, дапаможа кожнаму дзейнічаць у духу Назарэта. Няхай яна  дапаможа кожнай сям’і паглыбляць усведамленне ўласнай місіі ў грамадстве і ў Касцёле праз слуханне Божага слова, малітву і годнае братэрскае жыццё. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці прыгожай любові, і святы Юзаф, апякун Адкупіцеля, суправаджаюць усіх сваёю пастаяннаю апекаю» (Ян Павел ІІ, Ліст да сем’яў, 23).
Ад шчырага сэрца ўсіх вас благаслаўлем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Мінск, 5 снежня 2008 года


+Антоні Дзям’янка
Тытулярны біскуп Лесві
Адказны за Душпастырства
Адноўлена 13.07.2009 16:02
 
© 2003-2024 Catholic.by