Пастырскі ліст ККББ на ўрачыстасць Звеставання Пана | Друк |
«Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае,
а хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне.
Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі» (пар. Лк 9, 48).


Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Урачыстасць Звеставання Пана з’яўляецца адначасова ўспамінам Уцелаўлення Божага Сына ва ўлонні Панны Марыі i пачаткам нашага збаўлення. Сёння мы асабліва ўсведамляем бясконцую любоў Бога, які першым выйшаў да грэшнага чалавека са сваім дарам міласэрнасці i «так палюбіў свет, што аддаў Сына [свайго] Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (пар. Ян 3, 16).

З вялікай пакораю і ўдзячнасцю мы вызнаём нашую веру, паўтараючы: «Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам» (Апостальскі Сімвал веры).

Уцелаўленне Божага Сына найперш паказвае нам звышнатуральную каштоўнасць i святасць чалавечага жыцця, якое паходзіць ад Бога. Езус пачаў жыць пад сэрцам Марыі, Бог прыняў людское цела, a таму кожнае чалавечае жыццё набыло вялікую каштоўнасць. Аднак сёння мы часта з’яўляемся сведкамі зневажання жыцця i годнасці чалавека, драматычным сведчаннем чаго стала забойства ненароджаных дзяцей, эўтаназія, бессэнсоўныя войны, насілле i забойства бязвінных людзей.

Супрацьстаянне гэтым сучасным тэндэнцыям і падкрэсліванне святасці жыцця — гэта наш хрысціянскі абавязак. Таму таксама Дзень святасці жыцця, які адзначаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана, на стала замацаваўся ў літургічным календары Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Кожная сапраўдная сужэнская любоў павінна быць скіравана на новае жыццё як плён свайго ўзаемнага з’яднання. Нараджэнне i выхаванне дзяцей — адна з першых мэтаў сужэнства. Чым больш у сям’і дзяцей, зачатых у праўдзівай любові сужэнцаў, тым больш Божага благаслаўлення ў іх выхаванні да ахвярнасці i любові.

Сужэнцы, прымаючы рашэнне наконт колькасці дзяцей, не могуць кіравацца эгаізмам, любоўю да выгодаў, кантрацэпцыяй, але павінны кіравацца ахвярнай любоўю. Паколькі сям’я з’яўляецца асяродкам жыцця, то самым цяжкім грахом у гэтай сферы з’яўляецца забойства зачатага жыцця, г. зн. аборт.

Часта спрабуюць зменшыць i апраўдаць гэтае злачынства, называючы яго рэгуляцыяй, аперацыяй, перарываннем цяжарнасці або іншымі ўкрытымі назвамі. Заклапочаны шчасцем сем’яў Слуга Божы Ян Павел ІІ падкрэслівае, што «Бог, Даўца і Валадар жыцця, чакае ад сужэнцаў, каб у служэнні жыццю яны ніколі не адважваліся яго забіваць. Забойства ненароджаных дзяцей — гэта вялікая знявага годнасці i справядлівасці, трэба яго бязлітасна асуджаць i рашуча адкідваць… Народ, які забівае ўласных дзяцей — гэта народ без будучыні» (пар. FC 30).

Ніводная акалічнасць не можа апраўдваць такога дзеяння. Пра забойства зачатага дзіцяці не мае права вырашаць ні айцец, ні маці. Асмельваемся тут таксама нагадаць, што згодна з кананічным правам кожны, хто дапускае грэх аборту, пасля яго здзяйснення падлягае экскамуніцы моцаю самога права (пар. кан. 1398), не толькі маці, але таксама муж, урач і іншыя саўдзельнікі гэтага граху.

Таму трэба прыняць кожнае зачатае дзіця, як Божы дар, бо з самага пачатку гэта чалавек, які развіваецца і створаны паводле Божага вобраза і падабенства. Гэта азначае, што, калі мы служым жыццю, мы служым таксама Стварыцелю. Жыццё кожнага чалавека, без выключэння, ад пачатку ажно да натуральнай смерці, павінна аберагацца не толькі Божым законам, але таксама законам чалавечым.

Каб абараніць наш народ ад злачынства забойства дзяцей, мы распачынаем сёння — у Дзень святасці жыцця — справу духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. Яна заключаецца ў прыняцці пад малітоўную апеку аднаго дзіцяці, якому пагражае смерць ва ўлонні маці. Імя гэтага дзіцяці вядома толькі Богу. Малітвай ахопліваем не толькі зачатае дзіцё, але таксама яго бацькоў, каб яны прынялі яго з любоўю i добра выхавалі. Абавязацельства да такой малітвы прымае канкрэтная асоба на дзевяць месяцаў, г. зн. на час прабывання дзіцяці ва ўлонні маці, а менавіта з хвіліны зачацця да нараджэння.

Штодзённая малітва ў інтэнцыі духоўна ўсыноўленага дзіцяці складаецца з адной таямніцы Ружанца, спецыяльнай малітвы, якую атрымаеце ад сваіх душпастыраў, a таксама дабравольна распачатых дадатковых рэлігійных практык (напр., пост, св. Камунія, дапамога патрабуючым, барацьба з дрэннымі звычкамі і г. д.).

Духоўнае ўсынаўленне вынікае з міласэрнай любові да найменшай і цалкам безабароннай істоты. Гэта непасрэднае даручэнне Богу ў малітве гэтага духоўна ўсыноўленага дзіцяці, a таксама просьба аб змене мыслення яго бацькоў, каб, напоўненыя любоўю, яны не закрываліся на новае жыццё, не баяліся яго, бо яно з’яўляецца Божым дарам.

Гэта вельмі важна, бо перыяд прабывання ва ўлонні маці найважнейшы для далейшага развіцця чалавека. Выпрошванне ў малітве бацькам любові да зачатага дзіцяці, перамены сэрца самых блізкіх, якія супраціўляюцца прыйсцю на свет маленькага чалавека, топіць лёд эгаізму ў свеце.

Сем’і, якія любяць зачатае i народжанае дзіця, здольныя прыняць міласэрнасць Бога. Усё часцей здараецца, што сужэнствы, якія не могуць мець уласных дзяцей, пасля распачацця гэтай малітвы, згаджаюцца на духоўнае ўсынаўленне аднаго, a нават некалькіх дзяцей. Яны становяцца аазісамі цяпла любові ў эгаістычным свеце. Ратуючы зачатых дзяцей, мы прымаем удзел у перамяненні свету, запальваем для свету надзею. Гэта адпаведнае заданне для кожнага хрысціяніна, які павінен быць «святлом для свету».

Духоўнае ўсынаўленне вядзе таксама да ўмацавання супакою ў свеце і ў сэрцах людзей, супрацьстаіць тэрарызму, цывілізацыі смерці i з’яўляецца крыніцай любові паміж людзьмі, а таксама вядзе да адказнасці за жыццё іншых. Яна вызваляе ў чалавеку крыніцы дабра, не дазваляючы з абыякавасцю абмінуць беды, драмы i трагедыі іншых людзей.

На гэтую тэму выказвалася Маці Тэрэза Калькуцкая: «Жыццё — гэта найпрыгажэйшы дар Бога. Ён стварыў нас для вялікіх справаў — любіць і быць любімымі… Вучыце сваіх маладых любіць Бога. Вучыце іх маліцца. Калі палюбяць Бога, зробяць усё, што Ён хоча. Будуць любіць і шанаваць прыгожы дар жыцця. Будуць любіць i шанаваць цудоўны дар магчымасці перадаваць новае жыццё» (Маці Тэрэза Калькуцкая. Лісты).

Духоўнае ўсынаўленне дазваляе таксама чалавеку па-іншаму паглядзець на сябе, ацаніць пачуццё ўласнай годнасці i велічы як Божага дзіцяці, як дару ад Найвышэйшага, як падзяку за тое, што я існую, што жыву i што Бог мяне бязмежна любіць; што я сам, распачынаючы справу духоўнага ўсынаўлення, магу быць таксама дарам для іншых.

Гэта будзе выяўляцца ў павазе да кожнай жанчыны, якая чакае патомства, a таксама да бацькоў шматдзетных сем’яў. Справа духоўнага ўсынаўлення распачынаецца таксама як справа пакаяння за грахі забойства дзяцей. Тады нашая малітва з’яўляецца выпрошваннем у Бога міласэрнасці для свету i такім чынам рыхтуе свет да паўторнага прыйсця Хрыста.

Праз хвіліну будзем даваць абяцанне духоўнага ўсынаўлення. Нагадаем словы Езуса: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, а хто прымае Мяне, той прымае таго, хто паслаў Мяне» (пар. Лк 9, 48), а таксама: «Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (пар. Мц 25, 40).

Гэтыя словы з’яўляюцца гарантыяй узнагароды i Божай прысутнасці ў нашым жыцці, калі мы будзем адкрытымі на тых «найменшых», якія патрабуюць дапамогі. Молячыся да Бога за духоўна ўсыноўленае дзіця, мы дапамагаем самому Хрысту, які жыве ў сваім Касцёле.

Даручаем Багародзіцы, Маці жыцця, усе патрэбы кожнага жыцця. Усім, хто распачынае сёння справу духоўнага ўсынаўлення, абаронцам жыцця ненароджаных, бацькам, цяжарным маці, урачам, медыцынскім і сацыяльным работнікам ад усяго сэрца благаслаўляем + у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

+ Каталіцкія Біскупы Беларусі
Адноўлена 13.07.2009 16:05
 
© 2003-2024 Catholic.by