Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды Х Нацыянальнага дня «Caritas» | Друк |

Тэкст паслання на польскай мове>>>

«Касцёл як Божая сям’я павінен сёння быць, як і ўчора, месцам узаемнай дапамогі і адначасова месцам гатоўнасці служыць усім, хто патрабуе дапамогі, нават тым, хто застаецца па-за яго межамі» (Deus Caritas est 32, Бэнэдыкт XVI).

Да духавенства, кансэкраваных асоб,
вернікаў i ўсіх людзей добрай волі!

III Нядзеля Вялікага посту ўжо традыцыйна ў нашай краіне прысвечана арганізацыі «Caritas». У чарговы раз мы маем магчымасць скіраваць нашыя думкі i нашую ўвагу на тых, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе, і задумацца над тым, як мы можам ім дапамагчы.

Сёння мы чулі пра падзеі, якія адбыліся на гары Гарэб. Прыгледзімся да постаці Майсея, які падчас выканання сваёй штодзённай працы заўважае штосьці незвычайнае. Ён бачыць палаючы куст, які, аднак, не згарае. Здзіўлены гэтай незвычайнай з’явай, Майсей вырашае падысці бліжэй. Так ён апынаецца на святой зямлі і распачынае дыялог з Богам Абрагама, Богам Ісаака і Богам Якуба. Пра што яны размаўляюць? «Я добра бачыў пакуты народу Майго ў Егіпце, Я чуў крык ягоны з-за прыгнятальнікаў яго … сышоў Я, каб вызваліць яго з рук егіпцянаў і вывесці яго з гэтай зямлі…» (Зых 3, 7-8a). Абрагам размаўляе з Богам, які з любові да свайго народу і не жадаючы больш глядзець на тое, як яго крыўдзяць, вырашае яго ўратаваць. Так у Старым Запавеце бачым Бога, які з’яўляецца Любоўю, бачым Бога, які праз канкрэтныя чыны сведчыць пра сваю любоў да Выбранага Народу.

Бог ёсць Любоўю. У поўні Ён засведчыў пра сваю любоў да чалавека, калі паслаў у свет свайго Сына. Езус Хрыстус прыйшоў на зямлю дзеля збаўлення кожнага чалавека. Гэта быў найбольшы чын любові Бога да чалавека. Сваім жыццём, дзейнасцю Езус Хрыстус вучыць нас, што Бог сапраўды ёсць Любоўю. Яго вучэнне, Яго спачуванне бядзе кожнага чалавека аспрэчвае ўсе ідэалогіі i палітычныя сістэмы, якія хочуць паказаць Бога як таго, хто, стварыўшы чалавека, больш не цікавіцца яго лёсам. Новы Запавет, асабліва Евангеллі, апісваюць Хрыста як таго, хто спачувае чалавечай бядзе. Гэтае спачуванне выяўляецца ў аздараўленні калек, уваскрашэнні памерлых, насычэнні галодных. Ён вучыць, што найбольшай запаведдзю з’яўляецца любоў да Бога і бліжняга. «Калі б хто сказаў: „Я люблю Бога“, — а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 20). Запавет любові да Бога і бліжняга Езус пакінуў свайму Касцёлу, тым, хто ствараў першыя хрысціянскія супольнасці. Да выканання гэтага запавету, якім ёсць Евангелле любові, заахвочваюць нас Апосталы, святыя, а таксама Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім навучанні: «Любоў да бліжняга, якая грунтуецца на любові да Бога, з’яўляецца, перш за ўсё, абавязкам кожнага веруючага, а таксама абавязкам усёй касцёльнай супольнасці, на кожным яе ўзроўні: ад мясцовай супольнасці праз мясцовы Касцёл аж да паўсюднага Касцёла ў яго глабальным вымярэнні. Касцёл як супольнасць абавязаны практыкаваць любоў» (Deus Caritas est 20, Бэнэдыкт XVI).

Мы бачым, што рэалізацыя любові належыць да сутнасці Касцёла і тых, хто належыць да яго. Учынкі любові і міласэрнасці адносна другога чалавека, асабліва патрабуючага, не падпарадкаваны прынцыпу дабравольнасці, але з’яўляюцца абавязкам, які вынікае з нашага хрысціянскага паклікання. Як калісьці, так і сёння Касцёл павінен быць «месцам узаемнай дапамогі і адначасова месцам гатоўнасці служыць усім, хто патрабуе дапамогі, нават тым, хто застаецца па-за яго межамі» ( Deus Caritas est 32, Бэнэдыкт XVI).

З пачатку свайго існавання Касцёл выконвае гэтае заданне, даручанае яму яго Заснавальнікам. Ужо першыя хрысціяне прыносілі свае даброты, прадавалі, што мелі, для таго, каб затым дзяліцца з патрабуючымі: «Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае; і прадавалі набытак свой і маёмасць, і дзялілі паміж усімі, хто меў патрэбу» (Дз 2, 44-45). Для паслугі caritas Апосталы ўстанавілі дыяканаў, якія адказвалі за тых, хто патрабаваў дапамогі. Сярод святых мы можам назваць Марціна з Тур, Ігнацыя Лаёлу, Францішка з Асізі, Каміля Лільскага, Вінцэнта дэ Поля, Луізу дэ Марыляк, Юзафа Б. Каталенга, Яна Боска, Людвіка Арыёнэ, Тэрэзу з Калькуты. Гэта толькі некаторыя з тых, хто з’яўляецца для нас прыкладам сацыяльнай любові да ўсіх людзей. Святыя — гэта сапраўдныя носьбіты caritas, бо з’яўляюцца людзьмі веры, надзеі і любові.

Браты і сёстры!

Як сёння Касцёл рэалізуе запавет Евангелля любові, пакінуты Хрыстом? У нядаўнім мінулым папа Павел VI паклікаў да існавання Папскую раду «Cor Unum». Яна з’яўляецца адным з ведамстваў Рымскай Курыі, якія дзейнічаюць пры Апостальскай Сталіцы. Заданнем гэтага ведамства з’яўляецца каардынацыя дзейнасці, звязанай з гуманітарнымі акцыямі і дапамогай Ватыкану ў выпадку бедстваў. Рада цалкам каардынуе каталіцкія дабрачынныя арганізацыі. Вядзе таксама нагляд за дзейнасцю Інтэрнацыянальнага «Caritas».

Урады паасобных краін займаюцца пэўнай дзейнасцю на карысць убогіх і патрабуючых. Гэтая «любоў — caritas — заўсёды будзе неабходнай, нават у самым справядлівым грамадстве. Няма такога справядлівага дзяржаўнага ладу, у якім паслуга любові была б непатрэбнай. Хто спрабуе вызваліцца ад любові, будзе гатовы вызваліцца і ад самога чалавека. Заўсёды будзе існаваць цярпенне, якое патрабуе суцяшэння і дапамогі. Заўсёды будзе самотнасць. Заўсёды будуць сітуацыі матэрыяльнай патрэбы, у якіх неабходна дапамога ў духу канкрэтнай любові да бліжняга» (Deus Caritas est 28b, Бэнэдыкт XVI).

У нашай краіне побач з рознымі дзяржаўнымі арганізацыямі, якія займаюцца дапамогай найбольш патрабуючым, існуе таксама касцёльны «Caritas». Чым з’яўляецца арганізацыя «Саritas»? «Caritas» — гэта каталіцкае дабрачыннае таварыства, якое дзейнічае як у Беларусі, так і ва ўсім свеце. І хоць гэта дабрачынная арганізацыя, аднак першым яе заданнем з’яўляецца нясенне Хрыста туды, дзе пра Яго яшчэ не ведаюць. Бо першым лекарам ад самоты і хваробы з’яўляецца Хрыстус і Яго Евангелле. Але «вера без учынкаў — мёртвая», — піша св. Якуб. Таму арганізацыя выконвае заданні, звязаныя з нясеннем дапамогі найбольш патрабуючым, г. зн. хворым, пажылым, бяздомным, дзецям з бедных сем’яў. У Беларусі існуе нацыянальны «Caritas», які каардынуе працу арганізацыі ў кожнай з чатырох дыяцэзій Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі нашай краіны. У кожнай дыяцэзіі існуе асобная адзінка «Caritas», якая выконвае заданні, якія вынікаюць са Статутаў арганізацыі. Ёсць таксама парафіяльны «Caritas», найменшая структурная адзінка. Парафіяльны «Caritas» мае найбольшыя магчымасці дайсці да тых, хто патрабуе фінансавай дапамогі.

«Caritas» у Беларусі арганізуе сімпозіумы, курсы для моладзі, інтэграцыйныя паездкі ў іншыя краіны. У Мінску дзейнічае сацыяльна-рэабілітацыйны дом, у якім анкалагічна хворым дзецям і іх сем’ям на час лячэння даецца жыллё. Вядуцца таксама розныя праекты, напр., дапамога дзецям з вясковых рэгіёнаў, рэабілітацыя маладых інвалідаў у Вілейцы, праграма падтрымкі маладых талентаў у Нясвіжы, сацыяльная школа, падрыхтоўка маладых інвалідаў да працы. Гродзенскі «Caritas» з 1996 г. фінансуе кухню для бедных, якую арганізавалі сёстры назарэтанкі пры пабрыгідскім касцёле ў Гродне. Пры падтрымцы «Caritas» кухня атрымлівае неабходныя прадукты для прыгатавання бясплатных абедаў для бяздомных, бедных пенсіянераў і самотных, якім не хапае грошай на штодзённыя гарачыя абеды. Адным з важных праектаў «Caritas» можна назваць праект «Сацыяльны пункт Caritas». У гэтых пунктах валанцёры прымаюць і выдаюць патрабуючым гуманітарную дапамогу: прадукты, вопратку i іншыя неабходныя рэчы. «Caritas» мае таксама аптэчныя пункты, дзе кваліфікаваныя спецыялісты, лекары i аптэкары выдаюць бясплатныя лекі. У Лагішыне дзейнічае Дом міласэрнасці для пажылых і хворых асоб.

Бачым, што каталіцкае дабрачыннае таварыства «Caritas» вядзе шмат спраў, праз якія служыць усім, хто патрабуе дапамогі. Для гэтай дзейнасці неабходны, між іншым, валанцёры, а таксама матэрыяльныя сродкі, якія арганізацыя атрымлівае дзякуючы дабрачынцам з-за мяжы і з нашай краіны. Хочам сёння падзякаваць усім, хто ўдзельнічае ў дапамозе іншаму чалавеку, працуючы ў «Caritas». Дзякуем усім, хто падтрымлівае «Caritas» грашовымі ахвярамі. Гэта нашае супольнае заданне, каб у сям’і, якой з’яўляецца Касцёл, не было нікога, хто цярпеў бы недахоп у самым неабходным. Памятайма таксама, што «caritas-agape выходзіць па-за межы Касцёла; прыпавесць аб добрым самараніне застаецца крытэрыем, які робіць любоў паўсюднай, скіраванай да кожнага патрабуючага, якога „выпадкова” сустракаем (пар. Лк 10, 31), кім бы ён не быў» (Deus Caritas est 25b, Бэнэдыкт XVI).

Усім, хто неабыякавы да патрэбаў іншага і гатовы аказаць дапамогу, ад усяго сэрца благаслаўляем.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня ККББ                                 

Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны сакратар ККББ
Старшыня Рады па справах
дабрачыннасці, справядлівасці i міру

Гэтае пасланне трэба прачытаць ва ўсіх касцёлах нашай краіны ў III Нядзелю Вялікага посту, 3 сакавіка 2013 г.

Адноўлена 02.05.2013 14:39
 
© 2003-2024 Catholic.by