Віншавальны ліст старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Сіноду Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы | Друк |

Мінск, 6 жніўня 2013.

Яго Благаславенства
Найдастойнейшы СВЯТАСЛАЎ
Першаіерарх і Глава
Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы
КІЕЎ

Ваша Благаславенства!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прагну выказаць Вашаму Благаславенству, усім Найдастойным Уладыкам – членам Сіноду Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы
братэрскае прывітанне і шчырыя віншаванні з нагоды Юбілея 1025-годдзя Хросту Кіеўскай Русі.

Хрост Святога Уладзіміра ў 988 годзе адбыўся ў той час, калі Царква Канстантынопальскага Патрыярхату ды Рымская Царква жылі ў еднасці. Праз Таямніцу Хросту Кіеўская Русь увайшла ў супольнасць Адзінай, Святой, Каталіцкай і Апостальскай Царквы, у вялікую сям’ю хрысціянскіх народаў. 

Лучнасць веры і пастырскага служэння ў адзінстве з Рымскай Царквой была на працягу гісторыі ды застаецца сёння каштоўнай духоўнай спадчынай Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. 

Мінулыя цяжкія дзесяцігоддзі пераследаванняў хрысціян на нашых усходнеславянскіх землях пакінулі нам прыклады ўзаемадапамогі (часам у экстрэмальных умовах вязніцы), а таксама мужнага душпастырскага супрацоўніцтва паміж духавенствам і вернікамі рыма-католікамі ды грэка-католікамі нашых народаў. 

У Юбілейным Годзе 1025-годдзя Хросту Кіеўскай Русі каталіцкія біскупы, духавенства і вернікі Беларусі цешацца, бачачы адраджэнне і развіццё Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы і шчыра жадають, каб душпастырскія высілкі Вашага Благаславенства, Дастойных Іерархаў ды духавенства прыносілі шчодры плён і служылі паглыбленню супрацоўніцтва паміж католікамі ўсходняй і заходняй традыцый у справе Новай евангелізацыі сярод нашых народаў. 

У духу малітвы еднасці ў Хрысце Збаўцы

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

 
© 2003-2024 Catholic.by