Паведамленне з 61-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі | Друк |

4 лютага 2016 г. у Душпастырскім цэнтры ККББ у Мінску адбылося 61-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, на якім прысутнічалі іерархі і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У пасяджэнні таксама прыняў удзел Часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Марынко Антолавіч.

Падчас пасяджэння былі абмеркаваны наступныя пытанні:

  • Біскупы абмяняліся досведам святкавання Надзвычайнага Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці і звярнулі ўвагу адказных за лепшую падрыхтоўку мерапрыемстваў;
  • У агульнабеларускую праграму святкавання Юбілею біскупы ўключылі нацыянальную пілігрымку ў Вострую Браму. Святая Імша з гэтай нагоды запланавана на 19 лістапада 2016 г. у 15.00 (гадзіна Божай Міласэрнасці).
  • Біскупы абмеркавалі працу Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў пры ККББ і падрыхтаваныя ёй правілы прапедэўтычнага года.
  • Сабраныя вызначыліся са складам камісій і радаў пры ККББ.
  • Удзельнікі пасяджэння прынялі рашэнне аб арганізацыі пастырства несакрамэнтальных сужэнстваў. Падрыхтоўка даручана кс. д-ру Уладзіміру Гуляю, Біскупскаму вікарыю Лідскага рэгіёна Гродзенскай дыяцэзіі.
  • Сабраныя разгледзелі сітуацыю з харызматычнымі рухамі ў Беларусі і вырашылі дастасаваць іх дзейнасць да патрабаванняў Кананічнага Права.
  • З вялікай заклапочанасцю біскупы паставіліся да апошніх выказванняў Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі і прынялі адпаведную заяву.
  • Біскупы разгледзелі сітуацыю каталіцкіх медыя і абмеркавалі шляхі іх удасканалення.
  • Сабраныя абмеркавалі ўдзел маладых людзей з Беларусі ў сустрэчы з Папам Францішкам на Сусветных днях моладзі ў Кракаве.
  • Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі прапанову біскупа Караганды Адэліо Дэль’Ора аб магчымасці атрымаць рэліквіі кс. Уладзіслава Букавінскага, які ў хуткім часе будзе беатыфікаваны.


Наступнае пасяджэнне ККББ адбудзецца 24 мая 2016 г. у Гродне.

Адноўлена 05.02.2016 15:55
 
© 2003-2024 Catholic.by