Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB | Друк |
09.01.2014 12:48

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі,
біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці

Нарадзіўся 6 жніўня 1974 г. у г. Смаргонь. У 1991 г. паступіў у салезіянскі навіцыят ў г. Чэрвіньск над Віслай (Польшча). Вывучаў філасофію ў салезіянскай духоўнай семінарыі ў г. Лодзь (Польшча) і тэалогію ў Папскім Салезіянскім Універсітэце ў Рыме, дзе атрымаў ступень ліцэнцыята дагматычнай тэалогіі. У 1998 г. склаў вечныя манаскiя абяцаннi ў Салезіянскай Кангрэгацыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 2000 г. у г. Смаргонь.

Займаў пасаду адміністратара парафіі ў в. Баруны, потым у в. Жодзішкі, выконваючы адначасова абавязкі вікарыя парафіі ў г. Смаргонь. З 2001 г. па 2002 г. выконваў абавязкi дырэктара салезіянскай супольнасці ў п. Акцябрскі Маскоўскай вобласці і быў адказным за салезіянскі прэнавіцыят. Пасля вяртання ў Беларусь займаў пасаду адміністратара парафіі ў в. Жупраны. У перыяд 2003-­2005 гг. быў сакратаром Спецыяльнай Акругі Салезіянскай Кангрэгацыі (Усходне­-Еўрапейскай) з сядзібай у г. Масква. З 2005 г. па 2008 г. займаў пасаду дырэктара салезіянскай супольнасці ў г. Мінск; з 2005 г. па 2011 г. быў адказным за салезіянскі араторый у Мінску. З 2005 г. па 2010 г. быў інспектарыяльным дарадцам Спецыяльнай Акругі Салезіянскай Кангрэгацыі з сядзібай у г. Масква. З 2005 г. па 2010 г. быў старшынёй катэхетычнага аддзела Мінска-­Магілёўскай архідыяцэзіі, выконваючы адначасова абавязкі вікарыя ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля. У перыяд 2006-­2010 гг. быў членам катэхетычнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. У 2011 г. быў прызначаны дырэктарам салезіянскай супольнасці ў г. Смаргонь; выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў г. Смаргонь. З 2011 г. з’яўляецца адказным за салезіянскі прэнавіцыят для грамадзян Беларусі. З 2013 г. займае пасаду вікарыя і эканома Iнспектарыяльнай Дэлегатуры Варшаўскай Салезіянскай Інспекторыі св. Станіслава Косткі.

У 2014 г. прызначаны дырэктарам салезіянскай супольнасці ў Мінску і вікарыем мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля. З’яўляецца выкладчыкам дагматычнай тэалогіі ў Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля. Валодае беларускай, рускай, польскай i iтальянскай мовамі.

9 чэрвеня 2015 г. Папа Францішак прызначыў кс. Аляксандра Яшэўскага S.D.B. дапаможным біскупам Мінска-­Магілёўскай архідыяцэзіі, надаючы яму тытулярную біскупскую кафедру Фурнос майор (Furnоs maior) і скіроўваючы на служэнне ў Магілёўскую частку архідыяцэзіі. 27 чэрвеня 2015 г. атрымаў біскупскае пасвячэнне.



Спампаваць у высокай якасці

Адноўлена 15.09.2016 00:42
 
© 2003-2024 Catholic.by