Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by

ПАВЕЛ БІСКУП
СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ
З АЙЦАМІ СВЯТОГА САБОРУ
НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ

ДЭКРЭТ
ПРА АБНАЎЛЕННЕ МАНАСКАГА ЖЫЦЦЯ
«PERFECTAE СARITATIS»

1. У Канстытуцыі, якая распачынаецца словамі «Lumen gentium», Святы Сабор ужо папярэдне паказаў, што дасягненне дасканалай любові шляхам евангельскіх парад бярэ пачатак з вучэння і прыкладу боскага Настаўніка і з’яўляецца выдатным знакам Нябеснага Валадарства. Цяпер Сабор жадае разгледзець жыццё i дысцыпліну інстытутаў, члены якіх абавязваюцца захоўваць чыстасць, убоства i паслухмянасць, і паклапаціцца пра іх патрэбы згодна з умовамі нашага часу.

Ад пачатку ў Касцёле былі мужчыны і жанчыны, якія хацелі праз практыкаванне евангельскіх парад з большай свабодай ісці за Хрыстом і больш Яго наследаваць. Кожны па-свойму вёў жыццё, прысвечанае Богу. Многія з іх па натхненні Духа Святога вялі пустэльніцкае жыццё ці засноўвалі манаскія сем’і, якія Касцёл ахвотна прымаў і зацвярджаў сваім аўтарытэтам. Так, згодна з Божым намерам, узнікла цудоўная разнастайнасць манаскіх супольнасцяў, якія істотна засведчылі, што Касцёл не толькі прыстасаваны да ўсякай добрай справы (пар. 2 Цім 3, 17) і падрыхтаваны да справы служэння дзеля будавання Хрыстовага цела (пар. Эф 4, 12), але таксама ўпрыгожаны рознымі дарамі сваіх дзяцей, «быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха» (Ап 21, 2), і праз яго можна спазнаць «бясконцую мудрасць Божую» (Эф 3, 10).

У такой вялікай разнастайнасці дароў усе, хто быў пакліканы Богам да практыкавання евангельскіх парад і верна іх захоўвае, асабліва прысвячаюць сябе Богу, ідучы за Хрыстом цнатлівым, убогім (пар. Мц 8, 20; Лк 9, 58) і паслухмяным «ажно да смерці крыжовай» (Флп 2, 8), які адкупіў і асвяціў людзей. Узрушаныя любоўю, якой Дух Святы напоўніў іхнія сэрцы (пар. Рым 5, 5), яны ўсё больш жывуць для Хрыста і для Ягонага цела, якім ёсць Касцёл (пар. Клс 1, 24). Чым больш аддана яны яднаюцца з Хрыстом праз такую самаадданасць, якая ахоплівае ўсё жыццё, тым больш красуе жыццё Касцёла, і яго апостальства прыносіць яшчэ большы плён.

Каб вялікая каштоўнасць кансэкраванага жыцця, якое спалучана з вызнаннем евангельскіх парад, i яго неад’емнае заданне ў сённяшнім часе прынеслі Касцёлу яшчэ большую карысць, гэты Святы Сабор дае наступныя распараджэнні, якія датычаць толькі агульных прынцыпаў дастасаванага абнаўлення манаскага жыцця і яго дысцыпліны, а таксама, пры захаванні іх уласнага характару, тых таварыстваў супольнага жыцця, дзе не даюцца абяцанні, у тым ліку і свецкіх інстытутаў. Канкрэтныя нормы, неабходныя для распрацоўкі і выкарыстання гэтых прынцыпаў, павінны быць устаноўлены кампетэнтнай уладай пасля заканчэння Сабору.

2. Дастасаванае абнаўленне манаскага жыцця прадугледжвае адначасова як пастаяннае вяртанне да вытокаў усяго хрысціянскага жыцця і да першапачатковага духу інстытутаў, так і дастасаванне да зменлівых умоў часу. Гэтае абнаўленне пад натхненнем Духа Святога і кіраўніцтвам Касцёла трэба здзейсніць паводле наступных прынцыпаў:

a) Паколькі першаснай нормай манаскага жыцця ёсць наследаванне Хрыста, прапанаванае ў Евангеллі, таму ўсе інстытуты павінны лічыць яго найвышэйшым правілам.

б) Дзеля дабра самога Касцёла неабходна, каб інстытуты мелі свой уласны характар i заданне. Таму трэба верна распазнаваць i захоўваць дух і мэту сваіх Заснавальнікаў, а таксама здаровыя традыцыі, бо ўсё гэта з’яўляецца спадчынай кожнага інстытута.

в) Усе інстытуты павінны ўдзельнічаць у жыцці Касцёла i адпаведна ўласнаму характару прысвойваць і па магчымасці развіваць яго ініцыятывы i намеры ў біблійнай, літургічнай, дагматычнай, пастырскай, экуменічнай, місійнай i грамадскай сферах.

г) Інстытуты павінны развіваць сярод сваіх членаў належнае веданне сучасных умоў жыцця людзей, а таксама патрэб Касцёла, каб яны, мудра ацэньваючы ў святле веры ўмовы сённяшняга свету i палаючы апостальскай адданасцю, маглі больш плённа дапамагаць людзям.

д) Паколькі манаскае жыццё перадусім скіравана на тое, каб яго члены ішлі за Хрыстом i ядналіся з Богам праз вызнаванне евангельскіх парад, неабходна сапраўды ўсвядоміць, што нават самыя найлепшыя дастасаванні да патрабаванняў нашага часу стануць безвыніковымі, калі не будуць ажыўлены духоўным абнаўленнем, якому заўсёды, нават у знешняй дзейнасці, трэба аддаваць перавагу.

3. Спосаб жыцця, малітвы i працы павінен адпавядаць сённяшнім фізічным і псіхічным магчымасцям членаў, а таксама, згодна з уласным характарам кожнага інстытута, апостальскім патрэбам, вымаганням культуры, грамадскім і эканамічным умовам паўсюль, асабліва на місійных землях.

Паводле тых жа крытэрыяў трэба перагледзець і спосаб кіравання інстытутамі.

Таму канстытуцыі, «дырэктывы», кнігі звычаяў (libri usuum), малітоўнікі, цырыманіялы i іншыя падобныя кнігі трэба належным чынам перагледзець, скасаваўшы састарэлыя прадпісанні, і дастасаваць да дакументаў, выдадзеных гэтым Святым Саборам.

4. Паспяховае абнаўленне i належнае дастасаванне да ўмоў сучаснасці можна здзейсніць толькі пры супрацоўніцтве ўсіх членаў інстытута.

Аднак устанаўленне нормаў дастасаванага абнаўлення, заканадаўчая дзейнасць, а таксама разважлівае вызначэнне дастатковага тэрміну выпрабавання з’яўляецца выключна справай кампетэнтных улад, у першую чаргу Генеральных Капітулаў, а калі гэтага патрабуе права, застаецца неабходнасць зацвярджэння іх Апостальскай Сталіцай або мясцовым ардынарыем. Настаяцелі павінны адпаведным чынам раіцца з членамі інстытута і выслухоўваць іх па пытаннях, якія датычаць усяго інстытута.

Для дастасаванага абнаўлення жыцця жаночых кляштараў адпаведна ўмовам сучаснасці можна будзе прыслухацца таксама да прапаноў і парадаў, выказаных на пасяджэннях іх федэрацый ці на іншых правамоцна скліканых сходах.

Аднак усе павінны памятаць, што надзея на абнаўленне павінна грунтавацца больш на дакладным захаванні статутаў і канстытуцый, чым на памнажэнні прадпісанняў.

5. Члены ўсіх інстытутаў у першую чаргу павінны памятаць, што праз абяцанне евангельскіх парад яны адказалі на Божы заклік у тым сэнсе, што не толькі памерлі для граху (пар. Рым 6, 11), але таксама выракліся свету і жывуць толькі для Бога. Усё сваё жыццё яны аддалі на служэнне Яму, што з’яўляецца пэўнага роду кансэкрацыяй, глыбока ўкаранёнай у кансэкрацыі хросту, якую больш поўна выяўляе.

Аднак, паколькі гэтае самапрысвячэнне прынята Касцёлам, няхай кансэкраваныя асобы ведаюць, што яны пасвячаны таксама і на служэнне яму. Гэтае служэнне Богу павінна абуджаць і заахвочваць іх да ўзрастання ў цнотах, асабліва ў пакоры і паслухмянасці, мужнасці i чыстасці, дзякуючы якім яны ўдзельнічаюць у Хрыстовым прыніжэнні (пар. Флп 2, 7-8) і адначасова ў Хрыстовым жыцці паводле духу (пар. Рым 8, 1-13).

Таму, пакідаючы ўсё дзеля Хрыста (пар. Mк 10, 28), кансэкраваныя асобы, верныя сваім абяцанням, няхай ідуць за Ім (пар. Мц 19, 21) як за адзіна неабходным, слухаючы Яго словы (пар. Лк 10, 39) i клапоцячыся пра Яго справы (пар. 1 Кар 7, 32).

Неабходна, каб члены кожнага інстытута, выключна і перадусім шукаючы Бога, спалучалі кантэмпляцыю, праз якую яны розумам і сэрцам яднаюцца з Богам, з апостальскай любоўю, дзякуючы якой яны імкнуцца ўдзельнічаць у справе Адкуплення і пашырэння Божага Валадарства.

6. Тыя, хто абавязваецца выконваць евангельскія парады, павінны ў першую чаргу шукаць і любіць Бога, які першы нас палюбіў (пар. 1 Ян 4, 10), і ва ўсякіх абставінах павінны імкнуцца да ўкрытага з Хрыстом у Богу (пар. Клс 3, 3) жыцця, з якога вынікае і атрымлівае натхненне любоў да бліжняга дзеля збаўлення свету і будавання Касцёла. Гэтая любоў ажыўляе таксама само практыкаванне евангельскіх парад і кіруе ім.

Члены інстытутаў павінны старанна клапаціцца пра малітоўны дух і саму малітву, чэрпаючы яе з сапраўднай крыніцы хрысціянскай духоўнасці. Перадусім няхай штодзённа бяруць у рукі Святое Пісанне, каб праз яго чытанне i разважанне над ім вучыцца «перавазе пазнання Хрыста Езуса» (Флп 3, 8). Няхай сэрцам і вуснамі здзяйсняюць у духу Касцёла святую Літургію, асабліва найсвяцейшую таямніцу Эўхарыстыі, i жывяць сваё духоўнае жыццё з гэтай найбагацейшай крыніцы.

Насычаныя са стала Божага Закону i са святога алтара няхай па-братэрску любяць іншых членаў Хрыстовага цела, з сыноўскай пашанай i любоўю адносяцца да пастыраў, усё больш жывуць і адчуваюць разам з Касцёлам i цалкам прысвячаюць сябе яго місіі.

7. Інстытуты, цалкам прысвечаныя кантэмпляцыі, члены якіх у адзіноце і маўчанні, у няспыннай малітве i шчырай пакуце прысвячаюць сябе толькі Богу, заўсёды захоўваюць, якой бы пільнай не была неабходнасць актыўнага апостальства, выдатную частку ў Містычным целе Хрыста, у якім «не ўсе часткі выконваюць тыя самыя функцыі» (Рым 12, 4). Яны прыносяць Богу дасканалую ахвяру хвалы, a Божы народ аздабляюць бляскам шчодрых дароў святасці, запальваюць яго прыкладам i прычыняюцца да яго ўзрастання дзякуючы таямнічай апостальскай плоднасці. Такім чынам, яны з’яўляюцца ўпрыгожваннем Касцёла i крыніцай нябесных ласк. Але тым не менш іх спосаб жыцця трэба перагледзець паводле пададзеных вышэй прынцыпаў i крытэрыяў абнаўлення адносна сучасных умоў, захоўваючы, аднак, іх поўнае вырачэнне свету i практыкі, уласцівыя кантэмпляцыйнаму жыццю.

8. У Касцёле існуе мноства інстытутаў, як духоўных, так і свецкіх, якія займаюцца рознымі справамі апостальства. Паводле ўдзеленай ім ласкі яны маюць розныя дары: калі служэнне — трываюць у служэнні; калі навучанне — у навучанні; калі прапаведаванне — у прапаведаванні; калі размеркаванне — раздаюць у прастаце; калі дабрачыннасць, то робяць гэта ахвотна (пар. Рым 12, 5-8). «Розныя ёсць дары, але той самы Дух» (1 Кар 12, 4). У гэтых інстытутах апостальская і дабрачынная дзейнасць належыць да сутнасці манаскага жыцця як святое служэнне і справа любові, якая даручана ім Касцёлам і якую яны выконваюць ад яго імя. Таму ўсё манаскае жыццё іх членаў павінна быць напоўнена духам апостальства, a ўся іх апостальская дзейнасць павінна адзначацца манаскім духам. Каб кансэкраваныя асобы ў першую чаргу маглі адказаць на сваё пакліканне наследаваць Хрыста i служыць Яму ў Яго членах, іх апостальская дзейнасць павінна вынікаць з унутранага з’яднання з Хрыстом. Дзякуючы гэтаму жывіцца любоў да Бога і бліжняга.

Гэтыя інстытуты павінны ўзгадніць свае прадпісанні і звычаі з патрабаваннямі апостальства, якому яны прысвечаны. Аднак, паколькі манаскае жыццё, прысвечанае справам апостальства, мае розныя формы, неабходна, каб яго абнаўленне адносна сучасных умоў улічвала гэтую разнастайнасць і каб у розных інстытутах жыццё членаў, скіраванае на служэнне Хрысту, падтрымлівалася адпаведнымі i ўласцівымі для іх сродкамі.

9. Няхай верна захоўваецца і з кожным днём усё больш ззяе ва ўласцівым для іх духу, як на Захадзе, так і на Усходзе, цудоўнае жыццё манаскіх інстытутаў, якое на працягу многіх стагоддзяў здабыло сабе вялікія заслугі перад Касцёлам i чалавецтвам. Галоўным абавязкам кансэкраваных асоб з’яўляецца пакорнае і ў той жа час узнёслае служэнне Божай велічы за мурамі кляштара, або праз поўнае прысвячэнне сябе Божаму культу ва ўкрытым жыцці, або праз згоднае з правам выкананне пэўных спраў апостальства ці хрысціянскай міласэрнасці. Таму, захоўваючы характар свайго інстытута, яны павіны абнавіць старажытныя дабрачынныя традыцыі i так іх дастасаваць да сучасных патрэб душ, каб кляштары сталі як бы крыніцай будавання хрысціянскага народу.

Таксама манаскія супольнасці, якія паводле статуту ці ўстанаўлення цесна спалучаюць апостальскае жыццё з харальным Афіцыем і манаскімі прадпісаннямі, павінны так узгадніць свой спосаб жыцця з патрабаваннямі адпаведнага ім апостальства, каб верна захоўваць уласную форму жыцця, бо яна мае вялікую карысць для Касцёла.

10. Манаскае жыццё свецкіх, як мужчын, так і жанчын, з’яўляецца ва ўсёй сваёй паўнаце вызнаннем евангельскіх парад. Таму, высока цэнячы такое жыццё як вельмі карыснае для Касцёла ў пастырскім абавязку навучання моладзі, у апецы над хворымі i ў выкананні іншых паслуг, Святы Сабор умацоўвае членаў гэтых інстытутаў у іх пакліканні i заахвочвае, каб сваё жыццё яны дастасавалі да сучасных патрабаванняў.

Як сцвярджае Святы Сабор, нішто не перашкаджае, каб y манаскіх супольнасцях братоў, пры захаванні іх свецкага характару, некаторыя члены паводле распараджэння Генеральнага Капітула атрымалі вышэйшыя пасвячэнні для задавальнення патрэбы ў святарскай паслузе ў сваіх дамах.

11. Свецкія інстытуты, хоць і не з’яўляюцца манаскімі, абавязваюцца, аднак, да прызнанага Касцёлам сапраўднага і поўнага вызнання ў свеце евангельскіх парад. Гэтае вызнанне кансэкруе жыццё мужчын і жанчын, свецкіх і духоўных, якія жывуць у свеце. Таму яны павінны перш за ўсё клапаціцца пра поўнае прысвячэнне сябе Богу ў дасканалай любові, а самі інстытуты павінны захоўваць свой уласцівы і асаблівы, гэта значыць свецкі характар, каб плённа і ўсюды выконваць у свеце і як бы ад імя свету апостальства, дзеля якога былі заснаваны.

Аднак такія інстытуты павінны добра разумець, што гэтае вялікае заданне яны змогуць выканаць, калі іхнія члены будуць старанна навучаныя боскім і чалавечым справам, каб сапраўды быць у свеце рошчынай для ўмацавання і ўзрастання Хрыстовага цела. Таму няхай настаяцелі найперш сур’ёзна клапоцяцца пра належную фармацыю членаў сваіх інстытутаў, асабліва духоўную, i далейшую іх падрыхтоўку.

12. Чыстасць «дзеля Валадарства Божага» (пар. Мц 19, 12), якую абяцаюць кансэкраваныя асобы, трэба цаніць як выключна каштоўны дар. Бо яна асаблівым чынам вызваляе чалавечае сэрца (пар. 1 Кар 7, 32-35), каб яно гарачэй разгаралася любоўю да Бога і ўсіх людзей. Таму чыстасць — гэта асаблівы знак нябесных дабротаў і вельмі адпаведны сродак, які дапамагае кансэкраваным асобам добраахвотна прысвяціць сябе служэнню Богу і апостальскім справам. Такім чынам яны нагадваюць усім вызнаўцам Хрыста гэты заснаваны Богам цудоўны шлюб, які павінен цалкам выявіцца ў будучым свеце; шлюб, праз які Касцёл мае Хрыста за свайго адзінага Абранніка.

Неабходна, каб кансэкраваныя асобы, імкнучыся верна захоўваць свае абяцанні, верылі словам Пана і, спадзеючыся на Божую дапамогу, не разлічвалі празмерна на свае сілы, але практыкавалі ўстрыманне i сачылі за сваімі пачуццямі. Яны не павінны таксама занядбоўваць натуральныя сродкі, якія спрыяюць духоўнаму і цялеснаму здароўю. Дзякуючы гэтаму іх не звабяць ілжывыя тэорыі, якія даказваюць, што абсалютнае ўстрыманне немагчыма або шкоднае для развіцця чалавека. Кіруючыся пэўным духоўным інстынктам, няхай адкідваюць усё, што пагражае чыстасці. Больш за тое, няхай усе, асабліва настаяцелі, памятаюць, што чыстасць лягчэй захаваць, калі сярод членаў у супольным жыцці пануе сапраўдная братняя любоў.

Паколькі захаванне дасканалага ўстрымання датычыць укрытых, найбольш глыбокіх схільнасцяў чалавечай натуры, кандыдаты не павінны абяцаць чыстасць і не павінны быць дапушчаны да гэтага абяцання, калі не прайшлі сапраўды дастатковае выпрабаванне i не набылі адпаведнай псіхічнай і пачуццёвай сталасці. Трэба не толькі асцерагаць іх перад небяспекамі, якія пагражаюць чыстасці, але таксама вучыць іх, каб прысвечаны Богу цэлібат прынялі як сродак развіцця сваёй асобы.

13. Дабравольнае ўбоства дзеля наследавання Хрыста, якое сёння асабліва высока цэніцца як Ягоны знак, кансэкраваныя асобы павінны старанна практыкаваць і пры неабходнасці нават выражаць яго ў новых формах. Дзякуючы ўбоству яны ўдзельнічаюць ва ўбостве Хрыста, які, будучы багатым, стаў для нас убогім, каб нас узбагаціць сваім убоствам (пар. 2 Кар 8, 9; Mц 8, 20).

Што датычыць манаскага ўбоства, то недастаткова быць залежным ад настаяцеляў у карыстанні дабротамі, але трэба, каб кансэкраваныя асобы былі ўбогімі духоўна і матэрыяльна, маючы скарб у небе (пар. Mц 6, 20).
У сваім служэнні кожны павінен падпарадкоўвацца агульнаму закону працы і, здабываючы неабходныя сродкі для ўтрымання і вядзення сваёй дзейнасці, адкідваць усялякі празмерны клопат і давярацца Провіду Нябеснага Айца (пар. Mц 6, 25).

Манаскія кангрэгацыі могуць у сваіх канстытуцыях дазволіць сваім членам адмаўляцца ад спадчыннай маёмасці як ужо набытай, так і той, якая можа быць у будучыні.

Зважаючы на мясцовыя ўмовы, інстытуты павінны імкнуцца даваць у пэўным сэнсе калектыўнае сведчанне ўбоства i ахвотна аддаваць пэўную частку сваёй маёмасці на іншыя патрэбы Касцёла і на ўтрыманне бедных, якіх усе кансэкраваныя асобы павінны любіць любоўю Хрыста (пар. Mц 19, 21; 25, 34-46; Як 2, 15-16; 1 Ян 3, 17). Правінцыі і дамы інстытутаў павінны дзяліцца паміж сабою зямнымі дабротамі, каб тыя, хто мае больш, дапамагалі тым, хто церпіць недахоп.

Хоць інстытуты згодна са сваімі статутамі i канстытуцыямі могуць мець усё, што неабходна для іх утрымання i вядзення дзейнасці, аднак няхай пазбягаюць усялякай празмернасці, неапанаванай хцівасці i назапашвання маёмасці.

14. Праз абяцанне паслухмянасці кансэкраваныя асобы цалкам прысвячаюць сваю волю Богу, як бы прыносячы сябе ў ахвяру, і праз гэта больш стала і надзейна яднаюцца са збаўчай воляй Бога. Па прыкладзе Езуса Хрыста, які прыйшоў, каб выканаць волю Айца (пар. Ян 4, 34; 5, 30; Гбр 10, 7; Пс 40 [39], 9), і, «прыняўшы постаць слугі» (Флп 2, 7), «навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў» (Гбр 5, 8), кансэкраваныя асобы, заахвочаныя Духам Святым, у веры падпарадкоўваюцца настаяцелям, якія выступаюць ад імя Бога, і пад іх кіраўніцтвам служаць усім братам у Хрысце, як сам Хрыстус праз сваю паслухмянасць Айцу служыў братам i аддаў сваё жыццё для адкуплення многіх (пар. Mц 20, 28; Ян 10, 14-18). Такім чынам яны штораз больш далучаюцца да паслугі Касцёла i імкнуцца дайсці «да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты» (Эф 4, 13).

Члены інстытутаў у духу веры і ўмілавання Божай волі павінны выказваць пакорную паслухмянасць сваім настаяцелям згодна з нормамі статутаў i канстытуцый, выкарыстоўваючы сілы розуму і волі, а таксама дары натуры i ласкі для выканання прадпісанняў i здзяйснення даручаных ім заданняў, усведамляючы, што яны прычыняюцца да будавання Хрыстовага цела паводле Божага плану. Такая манаская паслухмянасць не толькі не змяншае годнасці чалавечай асобы, але наадварот вядзе яе да поўнай сталасці, памнажаючы свабоду дзяцей Божых.

Настаяцелі, абавязаныя даць справаздачу аб давераных ім душах (пар. Гбр 13, 17) і паслухмяныя Божай волі ў выкананні свайго абавязку, павінны карыстацца сваёй уладай у духу служэння братам, каб праз гэта паказаць тую любоў, якой іх любіць Бог. Яны павінны кіраваць падуладнымі як дзяцьмі Божымі i, шануючы чалавечую асобу, садзейнічаць іх дабравольнай паслухмянасці. Таму няхай дадуць ім належную свабоду, асабліва ў дачыненні да сакрамэнту пакаяння і духоўнага кіраўніцтва. Настаяцелі павінны весці членаў свайго інстытута да актыўнага і адказнага супрацоўніцтва ў выкананні сваіх абавязкаў і ў розных ініцыятывах. Таму няхай ахвотна выслухоўваюць меркаванні членаў i заахвочваюць іх да аднадушнага супрацоўніцтва на карысць інстытута i Касцёла, аднак не змяншаючы сваёй улады ў вырашэнні i загадванні таго, што трэба рабіць.

Капітулы і Рады павінны верна выконваць даручаныя ім абавязкі ў справе кіравання, пры гэтым усе яны па-свойму павінны быць выяўленнем удзелу і клопату ўсіх членаў інстытута на карысць усёй супольнасці.

15. Супольнае жыццё на ўзор першапачатковага Касцёла, у якім шматлікія вернікі ўтваралі адно сэрца і адну душу (пар. Дз 4, 32), падтрыманае евангельскім вучэннем, святой Літургіяй і асабліва Эўхарыстыяй, павінна пастаянна спалучацца з малітвай і еднасцю ў тым самым духу (пар. Дз 2, 42). Кансэкраваныя асобы, як члены Хрыста, павінны апярэджваць адно аднаго ў выказванні пашаны (пар. Рым 12, 10), носячы цяжар адно аднаго (пар. Гал 6, 2). Паколькі Божая любоў выліта ў сэрцы Духам Святым (пар. Рым 5, 5), манаская супольнасць як сапраўдная сям’я, сабраная ў імя Пана, радуецца Яго прысутнасці (пар. Mц 18, 20). Любоў жа ёсць выкананнем закону (пар. Рым 13, 10) і повяззю дасканаласці (пар. Клс 3, 14), i ведаем, што дзякуючы ёй мы перайшлі ад смерці да жыцця (пар. 1 Ян 3, 14). Больш за тое, братэрская еднасць сведчыць аб прыйсці Хрыста (пар. Ян 13, 35; 17, 21) і з’яўляецца крыніцай вялікай апостальскай сілы.

Каб паміж членамі была больш цесная братэрская сувязь, тыя, каго называюць канверсамі, супрацоўнікамі або неяк інакш, павінны трываць у цеснай лучнасці з жыццём і справамі супольнасці. Калі сапраўды акалічнасці не патрабуюць іншага вырашэння, трэба прыкласці намаганні, каб жаночыя інстытуты перайшлі да адной катэгорыі сясцёр. У такім выпадку трэба захаваць толькі такую розніцу паміж асобамі, якая вынікае з розных спраў, да якіх прызначаны сёстры паводле спецыяльнага Божага паклікання або асаблівых здольнасцяў.

Мужчынскія кляштары і часткова духоўныя інстытуты паводле свайго характару павінны прымаць на аднолькавых умовах згодна з канстытуцыямі таксама свецкіх, даючы ім аднолькавыя правы і абавязкі, за выключэннем тых, якія вынікаюць са ступені пасвячэння.

16. Папская кляўзура надалей захоўваецца для манашак, жыццё якіх прысвечана выключна кантэмпляцыі, але яе трэба дастасаваць да ўмоў часу і месца, скасаваўшы састарэлыя звычаі і ўлічыўшы пажаданні саміх кляштараў.

Іншыя манашкі, якія паводле ўстанаўлення прысвячаюць сябе знешнім справам апостальства, павінны быць выключаны з-пад папскай кляўзуры, каб лепш маглі выконваць даручаныя ім абавязкі апостальства, захоўваючы аднак кляўзуру паводле нормаў канстытуцый.

17. Манаскае адзенне, як знак кансэкрацыі, павінна быць простым, сціплым, убогім i адначасова эстэтычным, павінна адпавядаць патрабаванням гігіены, умовам часу i месца, а таксама дастасаваным да паслугаў. Адзенне кансэкраваных асоб, якое не адпавядае гэтым нормам, трэба змяніць.

18. Дастасаванае абнаўленне інстытутаў найбольш залежыць ад фармацыі членаў. Таму ні манахі, якія не маюць пасвячэння, ні манашкі не могуць адразу пасля навіцыяту займацца справамі апостальства, але іх духоўную, апостальскую, навуковую і тэхнічную фармацыю, нават пасля атрымання адпаведных тытулаў, трэба належным чынам надалей працягваць у прызначаных для гэтага дамах.

Аднак, каб дастасаванне манаскага жыцця да патрэб нашага часу не было толькі павярхоўным, каб тыя, хто паводле свайго асаблівага паклікання займаецца знешнім апостальствам, не сталі няздольнымі выконваць свае заданні, трэба, улічваючы інтэлектуальныя здольнасці і характар кожнага, адпаведна пазнаёміць іх з распаўсюджанымі ў сучасным грамадскім жыцці звычаямі, поглядамі і катэгорыямі каштоўнасцяў. Гэтую фармацыю трэба праводзіць так, каб дзякуючы гарманічнаму спалучэнню яе элементаў яна садзейнічала адзінству жыцця саміх членаў.

На працягу ўсяго свайго жыцця члены інстытутаў павінны імкнуцца да таго, каб старанна ўдасканальваць гэтую духоўную, дактрынальную i тэхнічную культуру, a настаяцелі, пры неабходнасці, павінны стварыць ім для гэтага магчымасці і даць час.

Настаяцелі абавязаны таксама клапаціцца пра тое, каб кіраўнікі, духоўныя настаўнікі і выкладчыкі старанна выбіраліся і атрымлівалі грунтоўную падрыхтоўку.

19. Пры заснаванні новых інстытутаў трэба сур’ёзна разважыць іх неабходнасць або прынамсі іх карысць, а таксама перспектывы іх развіцця, каб па неразважлівасці не ўзніклі непатрэбныя або нежыццяздольныя інстытуты. У маладых Касцёлах трэба асабліва падтрымліваць і развіваць тыя формы манаскага жыцця, якія ўлічваюць характар і звычаі жыхароў, а таксама мясцовыя традыцыі і ўмовы.

20. Інстытуты павінны верна захоўваць i развіваць уласцівую ім дзейнасць, а таксама, улічваючы дабро ўсяго Касцёла i паасобных дыяцэзій, дастасоўваць яе да патрэбаў часу і месца, выкарыстоўваючы адпаведныя, нават новыя сродкі, адыходзячы ад спраў, якія сёння менш адпавядаюць духу i сапраўднаму характару інстытута.

У манаскіх інстытутах трэба захоўваць ва ўсёй паўнаце місійны дух i паводле характару кожнага з іх дастасоўвацца да сучасных умоў так, каб абвяшчэнне Евангелля ўсім народам станавілася больш плённым.

21. Тым інстытутам і кляштарам, якія на думку зацікаўленых мясцовых ардынарыяў і паводле меркавання Апостальскай Сталіцы не даюць абгрунтаванай надзеі на далейшае развіццё, трэба забараніць прымаць у будучыні навіцыяў i, калі гэта магчыма, далучыць іх да іншага, больш дынамічнага інстытута або кляштара, які нязначна адрозніваецца ад іх па мэце і духу.

22. Аўтаномныя (sui iuris) інстытуты і кляштары пры наяўнасці сур’ёзных прычын і з дазволу Апостальскай Сталіцы могуць арганізоўваць федэрацыі, калі нейкім чынам належаць да той самай манаскай сям’і; аб’яднанні — з умовай, што яны маюць амаль аднолькавыя канстытуцыі i звычаі, а таксама той самы дух (асабліва, калі гэтыя інстытуты ці кляштары невялікія); асацыяцыі — калі яны займаюцца аднолькавай або падобнай дзейнасцю.

23. Трэба падтрымліваць канферэнцыі або рады вышэйшых настаяцеляў, устаноўленыя Апостальскай Сталіцай, якія могуць значна прычыніцца да больш поўнай рэалізацыі мэтаў паасобных інстытутаў, падтрымання больш плённага супрацоўніцтва на карысць Касцёла, больш справядлівага размеркавання працаўнікоў Евангелля на акрэсленай тэрыторыі, а таксама да вырашэння супольных манаскіх спраў праз устанаўленне адпаведнай дамоўленасці і супрацоўніцтва з Канферэнцыямі Біскупаў у тым, што датычыць здзяйснення апостальства.

Такія канферэнцыі могуць быць устаноўлены таксама для свецкіх інстытутаў.

24. Святары і хрысціянскія выхавацелі павінны прыкладваць сур’ёзныя намаганні, каб у адпаведнасці з патрэбамі Касцёла ўзрастала колькасць манаскіх пакліканняў, старанна і адпаведна падабраных. Таксама ў звычайным абвяшчэнні Божага слова трэба часцей гаварыць пра евангельскія парады і пра выбар манаскага жыцця. Бацькі, клапоцячыся пра хрысціянскае выхаванне сваіх дзяцей, павінны выхоўваць і аберагаць у іхніх сэрцах пакліканне да манаства. Каб падтрымліваць пакліканні, інстытутам дазваляецца распаўсюджваць інфармацыю пра сябе i шукаць кандыдатаў, аднак з умовай, што гэта будзе рабіцца з адпаведнай разважлівасцю і з захаваннем нормаў, устаноўленых Апостальскай Сталіцай і мясцовым ардынарыем.

Аднак кансэкраваныя асобы павінны памятаць, што прыклад іхняга ўласнага жыцця — гэта найлепшая рэкамендацыя іх інстытута i самае паспяховае запрашэнне выбраць манаскае жыццё.

25. Інстытуты, для якіх устанаўліваюцца гэтыя нормы дастасаванага абнаўлення, павінны ахвотна адказаць на Божы заклік і выканаць сваё заданне ў сучасным Касцёле. Святы Сабор высока ацэньвае спосаб іх жыцця — цнатлівага, убогага i паслухмянага, прыкладам якога з’яўляецца сам Хрыстус Пан, i моцна спадзяецца на іхнюю вельмі плённую працу, ці то ўкрытую, ці то бачную. Таму няхай усе кансэкраваныя асобы з поўнай верай, любоўю да Бога і бліжняга, з умілаваннем крыжа i надзеяй на будучую хвалу распаўсюджваюць ва ўсім свеце добрую навіну пра Хрыста, каб іх сведчанне было бачным для ўсіх i каб быў праслаўлены наш Айцец, каторы ёсць у небе (пар. Mц 5, 16). Так, праз заступніцтва наймілейшай Багародзіцы Дзевы Марыі, «жыццё якой ёсць прыкладам для ўсіх»1 , яны з кожным днём будуць узрастаць i прыносіць штораз багацейшы плён збаўлення.  

Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.


Рым, у св. Пятра, 28 кастрычніка 1965г.

Я, ПАВЕЛ, БІСКУП КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
(Ідуць подпісы Айцоў)
 
Дэкрэт пра абнаўленне манаскага жыцця абмяркоўваўся на ІІІ сесіі Сабору і абнародаваны 28 кастрычніка 1965 года.

У дакуменце патрабуецца, каб духоўнае абнаўленне папярэднічала абнаўленню інстытуцыйных форм, каб кансэкраваныя асобы вярнуліся да вытокаў хрысціянскага жыцця, да першапачатковага намеру заснавальнікаў іх супольнасцяў, і ў той жа час адпавядалі зменлівым умовам часу, новым патрэбам Касцёла і грамадства, шукаючы новых шляхоў для місіі ў дыялогу з культурай і часам. Паслядоўнікі ўбогага, цнатлівага і паслухмянага Хрыста, якія прысвяцілі сябе місіі збаўлення чалавецтва, узбагачаюць жыццёвыя сілы Касцёла і з’яўляюцца знакам Божага Валадарства, якое ўжо прысутнічае ў гэтым свеце. Дакумент прапануе ажыццявіць глыбокія змены ў арганізацыі жыцця манаскіх інстытутаў.

 

q

  1. S. Ambrosius, De Virginitate, 1. II, c. II, n. 15.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.