Праваслаўныя і католікі абмяркуюць прапановы для ўнясення зменаў у Закон РБ «Аб ахове здароўя» | Друк |
29.10.2012 19:51

30 кастрычніка 2012 г. адбудзецца круглы стол «Унясенне дапаўненняў і зменаў у Закон РБ „Аб ахове здароўя“». За ім збяруцца прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Круглы стол пройдзе па адрасе: Мінск, вул. Прытыцкага, 65, храмавы комплекс прыхода Божай Маці «Усіх смуткуючых радасць», канферэнц-зал вучэбнага корпуса.

Прадстаўнікі абедзвюх Цэркваў найперш будуць кіравацца Законам Божым і дабром чалавека. Прапанаваны імі шэраг зменаў у Закон будзе накіраваны на захаванне і ўмацаванне сям’і, а таксама абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

Рэлігійныя арганізацыі невыпадкова занепакоены крызісам сям’і ў наш час. За пяць месяцаў 2012 г. на 1 тысячу сужэнстваў прыпадае 835 разводаў, а за 20 гадоў (з 1990 па 2010 гг.), па даных Міністэрства аховы здароўя РБ, было здзейснена больш за 2,7 мільёнаў абортаў. Як праваслаўныя, так і католікі інструментамі па выпраўленні крызісу бачаць умацаванне духоўна-маральных асноваў сям’і, адраджэнне сямейных каштоўнасцяў, абарону мацярынства і дзяцінства.

Таму ўдзельнікі круглага стала звернуць асаблівую ўвагу на пытанні аб ахове здароўя і захаванні жыцця чалавека, аб ахове рэпрадуктыўнага здароўя, аб забароне правядзення клінічных выпрабаванняў на чалавечых эмбрыёнах, аб правах урача і пацыента, аб дапамозе рэлігійных арганізацый установам аховы здароўя.

Разгляд Закона РБ «Аб ахове здароўя» ўваходзіць у план падрыхтоўкі законапраектаў на 2012 год.

Кантактны тэлефон: 

+375 29 320 70 04   Таццяна Тарасевіч

(VGr)

Адноўлена 29.10.2012 19:53
 
© 2003-2024 Catholic.by