Да 100-годдзя з дня нараджэння архімандрыта Льва Гарошкі | Друк |
Анонсы
10.03.2011 14:20
Беларуская Грэка-каталіцкая Царква адзначае 100-годдзе з дня нараджэння выбітнага грэка-каталіцкага святара, педагога, даследчыка гісторыі архімандрыта Льва Гарошкі. З 1970 па 1977 гг. архімандрыт узначальваў беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё.

З дакладам «Архімандрыт Леў Гарошка, яго жыццё і пастырская дзейнасць» на штомесячнай катэхетычнай сустрэчы грэка-каталіцкага Клуба інтэлігенцыі імя Кірылы Тураўскага выступіць беларускі даследчык гісторыі д-р Юрась Гарбінскі. Сустрэча адбудзецца 11 сакавіка 2011 г. у  Душпастырскім цэнтры святога Язэпа (Мінск, вул. Арджанікідзэ, 6). Пачатак а 19-й гадзіне.

Леў Гарошка нарадзіўся 26 лютага (11 сакавіка паводле новага календара) 1911 г. у вёсцы Трашчычы на Міршчыне ў беларускай сям’і, у якой яшчэ жыла традыцыя Уніяцкай Царквы.

Скончыўшы сямігадовую школу ў Міры, жадаў паступіць ў тэхнічную школу ў Вільні, але хлопца туды не прынялі з прычыны слабага здароўя. Аднак Леў не пакінуў думкі вучыцца далей і праз год здаў экзамены  ў Навагрудскую беларускую гімназію, дзе вучыўся з 1923 па 1931 гг.  

У 1931 г. праз пасрэдніцтва дырэктара гімназіі Янкі Цеханоўскага і дырэктара беларускага музея ў Вільні Антона Луцкевіча Леў Гарошка паступіў у Львоўскую грэка-каталіцкую багаслоўскую акадэмію. У акадэміі Леў правучыўся пяць год (1931–1936 гг.).

Наступны акадэмічны год 1936/1937 навучаўся  ў  каталіцкім Багаслоўскім інстытуце  ў Інсбруку ў Аўстрыі як стыпендыят грэка-каталіцкага Мітрапаліта Львоўскага Андрэя Шаптыцкага.

17 кастрычніка 1937 г. у Львове з рук біскупа Мікіты Будкі Леў Гарошка атрымаў святарскае пасвячэнне. Першую Боскую Літургію новапрэзбітар  Леў адслужыў ва ўніяцкай парафіі Дзялятычы.

Так пачаўся для а. Льва вельмі складаны шлях служэння Богу і свайму народу на роднай беларускай зямлі. У перыяд з 1937 па 1939 гг. святар служыў у розных каталіцкіх парафіях візантыйскага абраду на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі: у Любешах, Угрынічах, Гродне, Стаўбцах.

У перыяд Другой сусветнай вайны а. Леў працаваў настаўнікам беларускай і лацінскай моў у гандлёвай і медыцынскай школах у Баранавічах.  

2 мая 1942 г. экзарх беларускіх грэка-католікаў Антон Неманцэвіч  прызначыў а. Льва Гарошку сябрам Рады Экзархату.

У чэрвені 1944 г. айцец Леў быў вымушаны пакінуць Беларусь і апынуўся у Нямеччыне. Там у хуткім часе распачаў душпастырскае служэнне сярод беларусаў-католікаў.  У 1945 г. меў магчымасць пераехаць у Рым, дзе жыў да 24 кастрычніка 1946 г. У гэты перыяд святар выдаў малітоўнік на беларускай мове «Божым шляхам».

У канцы кастрычніка 1946 г. айцец Леў Гарошка быў прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі і выехаў у Парыж. Там у 1947 г. пачаў выдаваць беларускі рэлігійны часопіс «Божым шляхам» і з’яўляўся яго рэдактарам да 1957 г.

Праз два гады ўступіў у Рыме ў закон айцоў марыянаў. У 1960 г. быў накіраваны ў Лондан і прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Там жа, у Лондане, быў узведзены ў сан архімандрыта.

З 1970 па 1977 гг. архімандрыт Леў Гарошка выконваў абавязкі кіраўніка беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Памёр у парыжскай бальніцы 28 ліпеня 1977 г. Пахаваны 8 жніўня на могілках св. Панкрата ў Лондане.


Біяграфія паводле Янкі Мойсіка

 
© 2003-2024 Catholic.by