10-12 сакавіка Орша прыме рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» | Друк |
Анонсы
15.02.2017 12:57

«Сужэнскія сустрэчы» праводзяць рэкалекцыі-ўікенды па аднаўленні і паглыбленні сужэнскай еднасці і любові. Бліжэйшы ўікенд адбудзецца 10-12 сакавіка ў Оршы ў парафіі Св. Юзафа па вул. Савецкай, 6.

Рэкалекцыі пачынаюцца ў пятніцу ў 18.00, а заканчваюцца ў нядзелю каля 15.00. Арганізатары забяспечваюць начлег і пасілак. Неабходны ўдзел абодвух сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме. Рэкалекцыі праводзяць аніматары — айцец-дамініканін з Віцебска і сужэнскія пары.

У чым мэта такіх сустрэч?

Мэта «Сужэнскіх сустрэч» — паглыбіць шлюбныя адносіны, дапамагчы мужу і жонцы лепш і глыбей разумець адно аднаго і асэнсаваць таямніцу іх шлюбу. Сужэнствам прапануецца такая форма дыялогу, якая, з аднаго боку, дазваляе мужу і жонцы глыбей пазнаць адно аднаго, а з другога — у выпадку непаразуменняў — дапаможа выходзіць з канфліктных сітуацый.

Сужэнскія пары і святары — аніматары руху — праз уласный досвед рыхтуюць удзельнікаў да самастойнай працы, гэта значыць да правядзення дыялогу.

Гэту працу муж і жонка праводзяць выключна ўдваіх. Уласная праца ўдзельнiкаў з’яўляецца вельмi iнтымнай i таму абавязкова застаецца таямнiцай.

Сямейная пара можа за час правядзення рэкалекцый аднавіць свежасць узаемных пачуццяў, абнавіць ці нанова адбудаваць сваё адзінства. Праграма заснавана на сучасных ведах з галін псіхалогіі, камунікацыі і тэалогіі сям’i і складзена такім чынам, каб дазволіць кожнай пары паглядзець на сваё жыццё ў духу любові.

На «Сужэнскія Сустрэчы» прыходзяць людзі ў розным узросце, з розным досведам сямейнага жыцця, з розным узроўнем ведаў і рознай ступенню пабожнасці. Важна памятаць, што ад адносінаў мужа і жонкі ў вялікай ступені залежаць адносіны бацькоў з дзецьмі, са сваякамі, з іншымі людзьмі.

Больш падрябязную інфармацыю глядзіце на сайце http://suvstrechi.by/
Кантактныя нумары для запісу на рэкалекцыі: +375 (29) 556-26-35, +375 (29) 140-84-56, +375 (29) 782-14-66

Іван і Алена Лубінскія


 
© 2003-2024 Catholic.by