Грэка-католікі Мінска запрашаюць на моладзевыя вялікапосныя сустрэчы | | Друк | |
Анонсы |
02.03.2017 17:07 |
Мінская грэка-каталіцкая моладзь арганізоўвае падчас Вялікага посту малітоўныя сустрэчы «Як эфектыўна выкарыстоўваць час», якія будуць адбывацца кожную суботу. Першая запланавана на 4 сакавіка.
«Час Вялікага посту — гэта час, калі Бог дакранаецца да сэрца кожнага з нас і перамяняе яго, — распавялі Krynica.info арганізатары. — Таму мы вырашылі ладзіць кожную суботу сустрэчы, дзе б маглі абмяркоўваць тыя пытанні, на якія мы штодзённа шукаем адказы. Як правільна выкарыстоўваць свой час? Як выкарыстоўваць тыя таленты, якія нам даў Бог, — не на самарэалізацыю, але на дапамогу бліжнім? Як сябе паводзіць, калі трапляеш у цяжкія сітуацыі і не разумееш, для чаго яны табе дадзеныя? Мы хочам разам шукаць адказы на гэтыя пытанні». На сустрэчах грэка-католікі будуць прапаноўваць далучацца да спеваў, чытання і слухання вершаў, прагляду невялікіх пастановак. На свята Дабравешчання (Звеставання Пана) запланавана творчая вечарына, а перад Вербнай нядзеляй — больш шчыльнае знаёмства з велікоднымі традыцыямі, асвойванне розных тэхнік фарбавання яек, знаёмства са стравамі на велікодны стол. Месца сустрэч: парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі (ст. м. «Маладзёжная», завулак Снежны, 7). Пачынацца сустрэчы будуць у 18.30 з малітвы — Вячэрні, а ў 19.30 будуць працягвацца размовай пры гарбаце. Паводле krynica.info |