«Вечары для закаханых» будуць праводзіцца ў мінскай архікатэдры | Друк |
Анонсы
04.04.2017 08:35

З 5 красавіка пры архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску будуць праводзіцца «Вечары для закаханых». Пачатак у 19.00.

Запрашаюцца ўсе пары, якія толькі сустракаюцца, ужо вырашылі ажаніцца і якія нават пра гэта не думалі.

«Вечары для закаханых» — цудоўная магчымасць распазнаць сваё пакліканне, паглыбіць свае адносіны, а, магчыма, і прыняць рашэнне на будучыню. У «Вечарах» могуць браць удзел пары закаханых незалежна ад канфесійнай прыналежнасці.

«Вечары для закаханых» — гэта 9 сустрэч, якія доўжацца 2-2,5 гадзіны і праводзяцца раз на тыдзень. У сустрэчах абавязковы ўдзел абодвух закаханых. «Вечары» праводзяцца сужэнскай парай і святаром, аніматарамі руху «Сужэнскія Сустрэчы».

Асноўным метадам працы на «Вечарах» з’яўляецца праца закаханых толькі ўдваіх. Ёй папярэднічаюць прамовы і сведчанні сужэнскіх пар і святароў.

Удзельнікі — у сваіх парах — маюць магчымасць глыбей пазнаць сябе, разабрацца ў сваіх чаканнях, вызначыцца з агульнай сістэмай каштоўнасцяў у жыцці, таксама яны вучацца, як вырашаць праблемы і як будаваць гармонію сваіх адносін. Удзельнікі стараюцца зразумець, у чым сутнасць таямніцы сакрамэнту сужэнства, адкрываюць месца веры ў сваім жыцці, знаёмяцца з вучэннем Касцёла пра сужэнства і сям’ю.

«Вечары» прызначаны як для заручаных, так і для пар, якія сустракаюцца адно з адным без вызначанай даты вяселля, але сур’ёзна думаюць пра шлюб. У праграме «Вечароў» таксама могуць удзельнічаць пары закаханых, якія яшчэ не думалі пра сужэнства, але жадаюць паглыбіць свае веды пра сужэнства і сям’ю.

Стварэнне сям’і — адказны працэс, звязаны з прыняццем сур’ёзных рашэнняў на ўсё жыццё. Праграма «Вечароў для закаханых» прапануе:

  • навучанне дыялогу — дарозе ўзаемнага пазнання як падчас сустрэч адно з адным у перыяд заручын, так і на працягу магчымага будучага сужэнскага жыцця,
  • лепшае пазнанне рысаў, чаканняў, планаў, поглядаў, жыццёвых установак людзей, з якімі плануюць звязаць сваё жыццё,
  • больш глыбокае разуменне значэння таямніцы сакрамэнту сужэнства і слоў шлюбнай прысягі,
  • правядзенне аналізу, наколькі планы сумеснага жыцця дакладныя і сталыя.

Вынікам «Вечароў» з’яўляюцца моцныя сем’і, дзе пануе любоў і згода, дзе сужэнцы слухаюць адно аднаго, дзеляцца сабою, разумеюць сваю другую палавіну і заўсёды гатовыя прабачаць.

Кантактны нумар для запісу на «Вечары»:
Ганна Баярчук +375 (29) 772-91-66
Павел Баярчук +375 (44) 745-22-93

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by