Сэнс жыцця і смерці вачыма дзіцяці | Друк |
Хрысціянская сям'я. Старонка Віталя Булыгі
15.09.2011 12:35

З разважанняў навукоўца: «Кожны вырашае асноўную задачу сэнсу свайго жыцця: „Хаатычнасць і прадвызначэнне пануюць у сусвеце?“».

Паводле прадвызначэння, усё, што адбываецца ў прыродзе, з’яўляецца наступствам папярэдніх падзей ці натуральных законаў, гэта значыць, што ўсё, што прывяло да сучаснасці, адбылося невыпадкова.  Гэта і ёсць прадвызначэнне, калі адчуваецца рука Творцы.

Тэмпература Сонца — 10 000 градусаў па Фарэнгейце, 27 млн. градусаў у ядры. Складаецца галоўным чынам з вадароду, гелію, вугляроду і азоту. Якім павінен быць ідэальны збег акалічнасцяў, якія дазволілі б агністаму шару — Сонцу — апынуцца на патрэбнай адлегласці ад нашай блакітнай планеты, каб узнікла жыццё?

Ва ўсяго ёсць мэта, парадак, які ўжо наканаваны.

Але ёсць і іншая вытворная — тэорыя хаосу, паводле якой усё гэта проста выпадковасць. Сам факт, што мы існуём, — гэта вынік усяго толькі складанага, але непазбежнага, шэрагу хімічных рэакцый і біялагічных мутацый, без усялякага глабальнага намеру, без усялякай мэты.

Кожны з нас дасць адказ: «Ці хаатычнасць, ці прадвызначэнне; бо нішто не можа існаваць само па сабе».

Са службовай дакументацыі: «…За першае паўгоддзе 2011 года ў Брэсцкай вобласці зафіксавана 4 выпадкі суіцыду сярод навучэнцаў…»

З дзённіка псіхолага: «Так. Чатыры дзіцяці, гэта значыць чатыры суіцыды, і ў межах цэлай Брэсцкай вобласці?.. Гэта як пясчынка на фоне зямнога шара… Стоп. Як жа сорамна. Прабач мне, Божа мой, прабач за страшныя думкі мае і цынізм…

Што можа быць каштоўнейшае за чалавечае жыццё?..»

З выпадкамі страты сэнсу жыцця ў сталага чалавека кожны з нас сутыкаецца даволі часта, калі не сказаць, штодня. Таму прыкладаў мноства: алкаголікі, наркаманы, бамжы, забойцы, разводы, аборты, злачынствы і гэтак далей. Але калі дзіця губляе сэнс свайго святога існавання, каштоўнасць свайго жыцця, кожнаму становіцца не па сабе. Такіх прыкладаў паквітавання з жыццём ў дзяцей мноства, але, напэўна, мы, дарослыя, проста не заўважаем гэтай трагедыі ці не жадаем заўважаць. Бо гэта балюча і непрыемна для кожнага.

Калі дзеці 3–10 гадоў паведамляюць сваім бацькам пра жаданне памерці, то такая інфармацыя  звычайна носіць характар пагрозы ў бок блізкіх. У гэтых выпадках спробы самагубства прадпрымаюцца ў адсутнасці дарослых, употай ад іх і носяць галоўным чынам па-дзіцячаму наіўны характар. Дзеці спрабуюць галадаць, падоўгу сядзяць у ванне з халоднай вадой, дыхаюць праз фортачку марозным паветрам, ядуць снег ці марожанае, каб застудзіцца і памерці.

Прычынамі суіцыдаў у дзіцячым і падлеткавым узросце могуць быць:

- несфармаванае разуменне смерці, калі ў паняцці дзіцяці смерць не азначае беззваротнае спыненне жыцця. Дзіця думае, што ўсё можна будзе вярнуць назад;

- адчуванне непатрэбнасці, дэпрэсія;

- ранняе палавое жыццё, што прыводзіць да ранніх расчараванняў. Пры гэтым узнікае сітуацыя, у меркаванні падлетка, несумяшчальная з уяўленнем «як жыць далей» (страта каханага, нежаданая цяжарнасць), адбываецца страта мэты;

- алкагалізм, наркаманія, крыміналізацыя соцыуму;

- пратэст, накіраваны ў бок бацькоў, настаўнікаў…

Падводзячы выснову вышэйпаказаным прычынам самагубства, варта адзначыць, што агульнымі  прычынамі страты сэнсу жыцця ў дзіцяці з’яўляецца дысфункцыя ў сям’і. Аднак гэтая «дысфункцыя» мае не знешні, а ўнутраны характар: у першую чаргу парушаны бацькоўска-дзіцячыя адносіны. Роля «апошняй кроплі» часцей за ўсе прыходзіцца на школьныя сітуацыі, паколькі школа — гэта месца, дзе дзіця праводзіць значную частку свайго часу.

Цяжка гэта канстатаваць, але, пачаўшы гутарку пра дзяцей, якія забіваюць сябе, мы прыйшлі да бацькоў. Сям’я павінна прапаноўваць каштоўнасці, а не проста спажываць тое, што прапануе жыццё. Часта гэта азначае рашуча і цвёрда супрацьпаставіць сябе свету. Бо сённяшняе грамадства навязвае свае «каштоўнасці» хітра, уладна, ужываючы тактыку, якая адначасова зачароўвае і душыць вас. У бацькоў павінна быць іерархічная, трывалая і добра разгалінаваная сістэма каштоўнасцяў. Каштоўнасці павінны быць як ягады рабіны, якія цягнуць за сабой адна адну. Асноўная каштоўнасць, якую выбірае якая-небудзь сям’я, непазбежна «павядзе» шэраг іншых каштоўнасцяў, якія затым утвораць гронку.

Кажучы пра дзіцячае разуменне смерці, хочацца ўспомніць пра выдатнага педагога Дона Боска. Дон Боска не баяўся казаць сваім выхаванцам пра смерць. Больш за тое, у сваім асяроддзі ён увёў адмысловую традыцыю: яна звалася «Практыкаванне добрай смерці» і заключалася ў тым, каб на пачатку кожнага месяца паспавядацца і прыняць Камунію так, як калі б гэта былі апошнія ў жыцці споведзь і Камунія. Так выхоўвалася свядомасць падлетка глядзець на жыццё з пункту гледжання смерці. Гэта быў свайго роду штомесячны прыпынак, які дазваляў адказна перагледзець сваё стаўленне да самога сябе.

Так, гэта было сапраўднае свята. Дон Боска жадаў, каб дзеці бачылі сэнс ва ўсім, каб яны думалі пра смерць, менавіта для таго, каб прадухіліць усё, што звязвала яе са страхам і трывогай. Дзеці адчувалі невымерную важнасць і каштоўнасць свайго жыцця праз прызму прадвызначэння.

Віталь Булыга
 
© 2003-2024 Catholic.by