Папярэдняя дэгустацыя, ці сямейны развод | Друк |
Хрысціянская сям'я. Старонка Віталя Булыгі
05.10.2011 15:39

«Гэта скрыжаванне дзвюх дарог, на якім мы спыніліся перад выбарам: ці змагацца за нашу сям'ю, у жыцці якой утварылася нечаканая прорва, ці змірыцца, што спроба не атрымалася, і паспрабаваць усё пачаць спачатку. Але ў іншым месцы і з іншым чалавекам?»

«Пасля вяселля з’явіліся новыя, дагэтуль незнаёмыя рысы ў каханым абліччы. З часам аблічча стала тварам. Складана прызнаць, што твар зрабіўся маскай, якая хавала лыч».

                                                Цытаты мужоў і жонак, якія разводзяцца.


У нашым грамадстве, на працы, у нашых сем’ях многія з нас паводзяць сябе так, як быццам канфлікт — гэта штосьці ненармальнае. Таму і самы цяжкі крызіс у сям'і, такі як развод, у псіхалагічнай навуцы называецца «ненарматыўны крызіс». Этымалогія двух раней прамоўленых слоў —  «ненармальнае» і «ненарматыўныя» — папросту ўказвае на тое, што «няма нармальнасці» і «не з’яўляецца нормай». Жалеза жалеза вострыць, і чалавек удасканальвае погляд сябра свайго (Прып 27, 17), а значыць, сам факт таго, што мы адрозніваемся адно ад аднаго, робіць канфлікт непазбежным. Кожны раз, калі сустракаюцца два жывыя чалавекі, раней ці пазней адбываецца канфлікт! Таму наяўнасць рознагалоссяў не праблема. Сапраўдным выпрабаваннем з’яўляецца тое, як мы ўмеем іх вырашаць.

Вядома, значна лягчэй проста сысці, чым марнаваць сілы на вырашэнне канфлікту. Але ўзнагародай за ўстойлівасць з'яўляецца тое, што кожны раз, калі вырашаецца канфлікт, вы становіцеся лепшымі як асобы — вы больш схільныя вырашаць непазбежныя канфлікты, якія рыхтуе будучыня. Канфлікт дапамагае нам стаць больш чулымі да іншага чалавека, да яго пачуццяў і недахопаў. Бо выпрабаванні нараджаюць цярпенне, а маючы цярпенне, мы набываем спрактыкаванасць і цвёрдасць характару (пар. Рым 5, 3–6).

Шматлікія шлюбы трапляюць у прорву, разбіваючыся пры гэтым на дробныя асколачкі, калі сямейны канфлікт дасягнуў свайго апагею. Аператыўныя статыстычныя дадзеныя БЕЛСТАТа сведчаць пра тое, што ў студзені-ліпені бягучага года на 1000 шлюбаў прыходзіцца 506 разводаў. У сям’і непазбежна час ад часу ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі, якія ў выпадку неспрыяльнага збегу акалічнасцяў прымаюць форму вострых канфліктаў, што прыводзяць да негатыўных наступстваў і вельмі часта да разводаў.

Сямейнае жыццё — гэта зносіны, а зносіны — гэта ўзаемапавага, давер, зоркасць, якая своечасова прыкмячае крывізну ў адносінах; гэта і далікатнае маўчанне, і строгая вымова да месца; гэта і пераклад нязручнай сітуацыі на жарты, і строгі погляд, які адбівае жаданне жартаваць сур’ёзнымі рэчамі.

Усе шчаслівыя сем’і, а менавіта ўсе шчаслівыя мужы і жонкі, сведчаць пра тое, што ім удалося знайсці залатую сярэдзіну ў сваіх індывідуальных запатрабаваннях, жаданнях і чаканнях, нейкі баланс, які яны лічаць унікальным і, магчыма, незаменным. Дадзены баланс дазваляе ім абодвум адчуваць, што яны далікатна каханыя, што іх шануюць і, у шматлікіх выпадках, дапамагае захаваць палкую прыхільнасць на працягу ўсяго жыцця.
 
Давер і інтымнасць — гэта плён духоўнасці сям’і, гэта тая дасягальная таямніца, якая ўзгадоўваецца пры боскай прысутнасці, а як мы ведаем, «вялікая таямніца гэта» (Эф 5, 23). Давер і інтымнасць не з’яўляюцца раптам. Яны ўзгадоўваюцца не толькі цёплымі словамі, але абавязкова ўчынкамі, фізічным адчуваннем пляча, на якое можна абаперціся, і самкнутых  у абдымках рук, ад прысутнасці якіх лёгка і спакойна. Кожнаму без выключэння чалавеку важныя і неабходныя дотыкі блізкіх, ад якіх ён чэрпае сілу і ўпэўненасць для быцця ў нашым свеце.

Віталь Булыга

 
© 2003-2024 Catholic.by