Сузалежнасць — нябачны забойца | Друк |
Хрысціянская сям'я. Старонка Віталя Булыгі
28.08.2012 12:00

Магчыма, вы нават не здагадваецеся, што хімічная залежнасць — гэта хвароба. На яе хварэюць як мужчыны, так і жанчыны, падлеткі і пенсіянеры. Яна знішчае здароўе не толькі бедных або сярэдніх слаёў насельніцтва, але і багатых. Яна мае мноства імёнаў, такіх як: алкагалізм, наркаманія, таксікаманія і іншыя.

Хімічная залежнасць — гэта хвароба, якая разбурае не толькі самога залежнага ад рэчываў чалавека, але і ўсіх яго блізкіх. Жыццёва важна, каб усе члены сям’і — абсалютна ўсе блізкія — зразумелі і прынялі гэтую ісціну: «Калі хваробу не лячыць, то ў рэшце рэшт яна заб’е чалавека». Зрабіўшы гэта, вы, верагодна, прыйдзеце да разумення таго, што чалавек, злоўжывае алкаголем або наркатычнымі прэпаратамі, робіць гэта часцей не наўмысна, а таму што ён хворы.

Уявіце сям’ю, у якой муж злоўжывае алкаголем. Залежны, у сілу сваёй хваробы, не можа ці проста не жадае ўдзельнічаць ў сямейным жыцці. Уся гэтая сям’я ўключана ў бясконцы кругавы цыкл: «Ён п’е — яна пакутуе». Яна пакутуе, таму што прыбывае ў бясконцым страху за каханага чалавека, назіраючы, як той павольна сябе забівае. Яна пакутуе, таму што адчувае адназначную асабістую адказнасць за яго п’янкі. Яна пакутуе з-за жорсткага сораму перад навакольнымі людзьмі, з-за п’яных выхадак мужа, з-за таго, што ён траўміруе дзяцей. Яна церпіць з дня ў дзень псіхічныя і фізічныя здзекі, яна ніколі не ведае, што будзе заўтра. Яна губляе кантроль над сваім жыццём, пры гэтым ёй пастаянна здаецца, што ўсё адбываецца не так, як павінна быць. Яе суправаджае бясконцае адчуванне ўласнага бяссілля і нястрымны кантроль за аб’ёмамі спажыванага яе мужам спіртнога. Яна — сузалежная.

Сузалежная асоба канцэнтруецца на сваім залежным партнёру, пры гэтым цалкам ігнаруючы свае ўласныя патрэбы. У сузалежнай асобы можна вызначыць некалькі мадэляў дэструктыўных паводзін.

Перш за ўсё сузалежная канцэнтруе на аб’екце сваёй хваробы — алкаголіку — усе свае думкі, пачуцці і дзеянні. Сузалежная асоба пастаянна пагружана ў глыбокае пачуццё віны за тое, што яна проста не ў стане пракантраляваць, дзе і калі залежны зноў нап’ецца да непрытомнасці.

Вельмі яркім маркерам у паводзінах сузалежнай асобы з’яўляюцца так званыя «эмацыйныя арэлі». Стан гэты вельмі няўстойлівы, таму што сузалежная жыве ў пастаянным напружанні, ад эйфарыі і ўпэўненасці ў тым, што праблему залежнасці ўдасца перамагчы, і веры ва ўсе клятвы залежнага, якія тычацца яго выпраўлення, да крайняга песімізму і пачуцця безнадзейнасці, з-за немагчымасці выйсця з сітуацыі, якая склалася.

Калі залежны чалавек разбурае сябе «рэчывам», то чалавек сузалежны разбурае сябе сам, прычым часцей сам таго не заўважаючы. Залежны і сузалежны проста бегаюць па крузе, а ўсе мы з пачатковай школы ведаем, што геаметрычная фігура круг не мае ні канца, ні пачатку.

Для ілюстрацыі гэтага заганнага круга вернемся да алкагольнай сям’і, дзе муж хворы на алкагольную залежнасць.

Сям’я, у якой існуе праблема залежнасці, нагадвае вір, і гэты вір засмоктвае ў бездань «рэчыва» разам з залежным чалавекам усіх яго блізкіх сваякоў, ды і не толькі.

Першым у смяротны вір трапляе сам залежны. Але чаму? Хімічная залежнасць, як і любая іншая хвароба, заўсёды абвастраецца і прагрэсіруе, калі пакінуць яе без лячэння.

Далей у вір хваробы ўключаецца і сузалежная асоба — жонка. Гвалтоўна прымушаючы ўстрымацца ад ужывання «рэчыва», яна ўступае ў бясконцыя спрэчкі і бессэнсоўныя абмеркаванні. І ў гэты момант муж пачынае цягнуць у «вір залежнасці» за сабой і жонку. Тая, паддаўшыся на яго тлумачэнні аб прычыне яго п’янства і акунуўшыся ў ілюзіі сляпой веры ў тое, што сваёй любоўю яна зможа вылечыць яго хваробу, тоне разам з мужам і цягне ў бездань сузалежнасці яшчэ і дзяцей. Хвароба залежнасці калечыць ўсю сям’ю.

Сузалежнай жанчыне або мужчыну, для таго, каб выратаваць сябе, сваю сям’ю і аказаць рэальную дапамогу сваім залежным сваякам, варта зразумець і прыняць інфармацыю аб тым, што ён ці яна:

  • не нясе адказнасці за ўжыванне рэчыва каханага чалавека;
  • гэта ніяк не ўплывае на факт таго, ужывае ці не ўжывае рэчыва залежны сваяк;
  • мае права і абавязак клапаціцца і абараняць сябе, сваіх дзяцей і сваіх блізкіх.


Выздараўленне і выхад з бяды сузалежнасці — гэта нялёгкі працэс, які павінны абавязкова суправаджаць падрыхтаваныя кансультанты, святары, псіхолагі, псіхатэрапеўты і ўрачы.

Комплексная дапамога сузалежным дапамагае перш за ўсё ім самім у выглядзе аздараўлення і асобаснага росту, а таксама іх сваякам, якія пакутуюць ад залежнасці, і падрастаючым у сям’і дзецям. Для дзяцей гэта істотны элемент ранняй прафілактыкі развіцця залежнасці. Варта нагадаць, што дзеці хворых на залежнасць складаюць групу высокай рызыкі развіцця залежнасці як ад псіхаактыўных рэчываў, так і нехімічных яе формаў — працагалізм, гульняманія, фанатычнай прыхільнасці да якой-небудзь дзейнасці, пераядання, любоўнай залежнасці.

P.S. Больш на тэму ўплыву залежнасці на сямейнае жыццё можна будзе даведацца на практычным сімпозіуме, які адбудзецца 8 верасня ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах. Падрабязную інфармацыю аб мерапрыемстве можна знайсці на нашым сайце ў рубрыцы «Анонсы».

Віталь Булыга

 
© 2003-2024 Catholic.by