Хрыстафобія — сучасная фобія католікаў | Друк |
Этыка ў штодзённасці. Старонка Рамана Хацяна
04.07.2011 15:59

На самым пачатку Святога Пісання мы бачым падрабязнае апісанне стварэння чалавека, яго задання ў свеце, ягоную вялікую годнасць і адказнасць за ўсё жывое. Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства, даў яму свабодную волю, розум і перадаў уладу над гэтым светам, каб ён рабіў гэтую зямлю сабе падданай.

Абмяжоўваецца Бог толькі адной запаведдзю: не імкнуцца пазнаць зло, не прымаць таго, чаго Бог не жадаў для чалавека. Бо ўсё добрае поўнасцю заложана ў першапачатковай бязгрэшнай ягонай натуры. Чым завяршаецца гэтае апісанне ў Кнізе Быцця мы ўсе добра ведаем. Першародны грэх, з якім нараджаюцца ўсе людзі, гэта стан пазбаўленасці першапачатковай святасці і справядлівасці. У выніку першароднага граху чалавечая натура не цалкам сапсаваная, але зраненая ў сваіх натуральных сілах, падпарадкаваная няведанню, пакутам, уладзе смерці і схільная да граху.

Гэтыя тэалагічныя ўводзіны дапамагаюць нам глыбей зразумець узнятую праблему. Фобія — гэта страх, які суправаджаецца моцным эмацыянальным перажыванем і нежаданнем сутыкацца з пэўным аб’ектам ці сітуацыяй у штодзённым жыцці. Але аб усім гэтым паступова.

Добра памятаем рэакцыю першых людзей, калі яны парушылі Божую запаведзь у раі. Гэта быў страх, які прывёў да таго, што яны вымушаны былі схавацца ад свайго Стварыцеля. Усё гэта зразумела, бо як можна глядзець на Бога, які цябе стварыў, адарыў рознымі дарамі і любіць больш за ўсё на свеце, а ты свядома разрываеш з Ім ахвяраваны дар сяброўства? Чалавек добраахвотна выбірае зло і не можа вытрымаць гэтай раздвоенасці сваёй асобы. Перад ім паўстае пытанне, што выбраць: дарогу жыцця ці смерці? Стоячы перад канчатковым выбарам, чалавек ігнаруе гэтае пытанне і ад сораму хаваецца ад Бога ў «кусты». Але гэта толькі часовы стан бяздзейнасці. Божы голас, якім з’яўляецца сумленне, не дае спакою, знаходзіць нас нават тады, калі здаецца, што добра ад Яго схаваўся. Гэтая дысгармонія дабра і зла парушае ўнутраную раўнавагу чалавека, а яшчэ трэба дадаць, што ён адчувае ўсю адказнаць за здзейснены чын, а гэта, на жаль, прыходзіць толькі постфактум.

З ўсяго вышэй сказанага вынікае кантраверсійнае пытанне: «Ці не лепш у такім выпадку ізалявацца ад Бога»? Адказ на гэтае пытанне мы бачым вакол сябе. Нашая натура, зраненая грахом, у сучасным свеце нямоцна прагне пазнання і еднасці з Богам, а ўсё больш скіроўваецца ў бяздзейнасць і да самападманлівага ігнаравання. Боязь Бога, фобія Хрыста. Поўная гатоўнасць да таго, каб толькі не спаткацца з Богам, нават з усім тым, што Яго прыпамінае ў штодзённасці. А лепш увогуле сцерці са сваёй памяці гэтую фобію. Гэтая ўнутраная гатоўнасць, хрыстафобія, прыводзіць свой нечалавечны план у дзеянне пад найпрыгажэйшым лозунгам, які толькі  можна сабе ўявіць: «у імя салідарнасць з усімі»! Прыгожа, гуманна і не дачапіцца! Сэнс жа і глыбіня праблемы заключаецца зусім не ў салідарнасці, а ў боязі паглядзець на праўду. Страх перад голасам сумленя і адказнасцю за свае дзеянні.

Узгадаем нядаўнія падзеі ў такіх каталіцкіх краінах, як Францыя, Галандыя, Польша і Італія. Забарона крыжоў, рэлігійных сімвалаў, вопраткі і ўсёй наяўнай дзейнасці Касцёла і яго маральнага навучання... Не трэба крыжоў у школах і адміністрацыйных установах. Забарона публічных рэлігійных практык. Божыя маральныя запаветы — гэта мінулае сярэднявечча! Усе пытанні і спосаб існавання чалавека ў соцыуме вырашыць «адукаваная» дэмакратыя, а не нейкая гістарычныя і несучасная ўстанова пад назвай касцёл.

Непакоіць той факт, што хрыстафобіяй хварэюць самі католікі і ўсе хрысціяне. Нам перададзена была праўда дзеля нашага вызвалення. Аднак з-за скажонага яе ўспрыняцця мы сталі нявольнікамі гэтага свету, дзе ўсё будуецца па прынцыпу выкарыстоўвання без нясення адказнасці. Вядома, што адказнасць нясецца за кожны здзейснены чын, і не важна ці мы суб’ектыўна прызнаём існаванне Бога альбо не, адказнасць будзе аб’ектыўнай. Час «адсідкі ў кустах» абмежаваны жыццём чалавека. Астатняе слова будзе за Стварыцелем.

Раман Хацян

 
© 2003-2024 Catholic.by