Бюст Сталіна перасунулі ад праваслаўнай капліцы на "Лініі Сталіна" | Друк |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
08.07.2015 15:54

Бюст савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна на забаўляльна-мемарыяльным комплексе "Лінія Сталіна" быў дэмантаваны, паведаміў tut.by кіраўнік аддзела па справах моладзі Мінскай дыяцэзіі Беларускай Праваслаўнай Царквы протадыякан Максім Логвінаў.

Іосіф Сталін вядомы правядзеннем масавага тэрору супраць жыхароў Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін, якія патрапілі пад уладу бальшавіцкай Масквы. Падчас ягонага кіраўніцтва (з 1925 па 1953 год) былі забіты зброяй і голадам, прайшлі праз знясільваючаю працу і катаванні ў камуністычных канцлагерах мільёны людзей, у тым ліку сотні тысяч беларусаў. Асабліва жорсткімі былі ганенні супраць святароў, манахаў, манахінь і свецкіх вернікаў — праваслаўных, католікаў, мусульман, юдэяў.

Тое, што ў Беларусі стаяць помнікі кату (яшчэ адзін стаіць у г. Свіслач у Гродзенскай вобл.), якога часта параўноўваюць з лідарам нацызму Адольфам Гітлерам, неаднаразова выклікала незадаволенасць у беларускім грамадстве і крытыку з боку гісторыкаў і хрысціян розных канфесій.

Урочышча Курапаты пад Мінскам. Тут савецкія каты забілі тысячы жыхароў Усходняй Беларусі.

Прывяла да дэмантажу помніка на "Лініі Сталіна" апошняя хваля абурэння грамадзян, выкліканая інфармацыяй пра тое, што побач з помнікам будзе знаходзіцца праваслаўная капліца. Да 1939 года Праваслаўная Царква ў захопленай Саветамі Беларусі была амаль цалкам знішчана — былі забіты, адпраўлены ў турмы ці вымушаны сысці ў падполле амаль усе святары, адабраны і зачынены сотні храмаў.

Дыскусія паўплывала на сітуацыю, і помнік Сталіну вырашылі перанесці ў іншае месца.

Але застаецца пытанне — наколькі ўвогуле ў нашай краіне, якая атрымала незалежнасць толькі праз ліквідацыю СССР і пад савецкай няволяй згубіла тысячы сваіх сыноў і дачок, дапушчальныя такія помнікі, якія якраз з савецкіх часоў ставіліся з мэтай прапаганды антычалавечай і антыхрысціянскай камуністычнай ідэалогіі?

Толькі ў лютым 1940 года камуністы адправілі ў ГУЛАГ больш за 50 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі. Да вясны з іх загінула больш за 11,5 тыс., перадусім дзеці і старыя.
 

Аляксандр Гелагаеў паводле інфармацыі tut.by, churchby.info i belsat.eu.

 
© 2003-2024 Catholic.by