«Аднаполыя шлюбы» — агрэсія супраць асабістай свабоды кожнага чалавека | Друк |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
10.07.2015 11:46

Шлюб — саюз мужчыны і жанчыны, гэта ведае кожны католік. «Аднаполы шлюб» такім чынам — нешта немагчымае, аксюмаран, хімера мовы, тое, што можна сказаць, але немагчыма знайсці ў жыцці. «Аднаполы шлюб» — тое ж самае, што «непрыгожая красуня».

Аднак часта чуваць галасы: «Якая розніца? Унутры Касцёла вы ўсё роўна будзеце вянчацца, як і раней, а дзяржаўныя ўлады няхай рэгіструюць усё, што заўгодна. Гэта не парушае вашых правоў».

Ці сапраўды гэта будзе магчымым для хрысціян — свабодна жыць у такім свеце? Можа быць, Касцёл і католікі занадта пераймаюцца гэтым пытаннем? Няхай гомасексуалісты жывуць, як ім заўгодна, мы ж усё роўна будзем жыць па-свойму!

Уявіце сітуацыю, якая ўжо зараз можа сустрэцца ў тых краінах, дзе ўведзены «аднаполыя шлюбы»: хрысціянін не можа адмовіцца ў судзе называць такі «шлюб» шлюбам. Такім чынам яго вымушаюць ісці супраць свайго сумлення, парушаюць ягоныя правы на свабоду слова і веравызнання.

Але ці можа хрысціянін адасобіць сваё жыццё ад грамадскага жыцця? Паставім пытанне нават больш востра: ці мае ён права на гэта?

«Асоба не можа дасягнуць паўнаты ў самой сабе, адкідваючы існаванне "з" іншымі і "для" іншых», — кажа Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла. Менавіта з гэтай прычыны католік мае абавязак удзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці, сказаў у маі 2015 года і Папа Францішак.

«Ці магу я як католік проста "глядзець з балкона"? Не, не магу. Я мушу сысці з балкона і ўдзельнічаць!» — сказаў Папа.

За гэтымі словамі стаіць разуменне таго, што немагчыма свабодна жыць у свеце, які патрабуе хлусіць.

Два асобных чалавекі маюць юрыдычнае права грашыць у сваім ложку так, як ім заўгодна. Аднак законы пра "адпаполыя шлюбы" не маюць ніякага дачынення да права на асабістае жыццё. Патрабаванне называць сужыццё двух аднаполых людзей "шлюбам" толькі таму, што ім гэтага хочацца, — пытанне не прыватнае, гэта пытанне грамадскага статусу і юрыдычнага прызнання.

Гомасексуалістам ніхто не замінаў жыць разам менавіта што ў прыватным жыцці і называць гэта як заўгодна — паміж сабой. Аднак законы пра "аднаполыя шлюбы" — нешта іншае, піша каталіцкі гісторык і грамадскі дзеяч Павел Парфенцьеў.

Гэтыя законы, як калісьці ў СССР камуністычная ідэялогія, ад кожнага грамадзяніна вымагаюць прызнаваць за праўду тое, што згодна з вучэннем Касцёла з'яўляецца хлуснёй:

1) Згодна з гэтымі законамі шлюбам і сям'ёй ёсць нешта тое, што на самой справе не шлюб і не сям'я.

2) Дзяржаўны службовец павінен рэгістраваць такія "шлюбы" незалежна ад таго, ці лічыць ён іх сапраўднымі "шлюбамі". Такім чынам хрысціяне ці, напрыклад, мусульмане фактычна не могуць знаходзіцца на адпаведных пасадах. Што гэта, калі не дыскрымінацыя?

3) Бізнесоўцы, якія абслугоўваюць сужэнскія пары, ужо зараз вымушаны прадастаўляць свае паслугі і парам, якія, мягка кажучы, не з'яўляюцца сужэнскімі. Нават калі гэта можа супярэчыць іх маральным перакананням. У выпадку адмовы такія людзі ўжо зараз у ЗША вымушаны плаціць грашовыя штрафы.

4) Нават на рэлігійныя супольнасці ўжо аказваецца ціск за адмову вянчаць "аднаполыя шлюбы", падаюцца судовыя іскі. Што таксама наўпрост парушае свабоду веравызнання.

5) Грамадства ў цэлым прымушаецца да забяспячэння аднаполым парам сацыяльных ільгот, на якія маюць права толькі сапраўдныя сем'і.

Аднак сапраўдным сем'ям гэтыя даброты соцыум забяспечвае не таму, што хтосьці кагосьці кахае, разам з ім жыве і паставіў подпіс у кнізе грамадскіх станаў — але таму што сям'я ёсць унікальнай з'явай, якая забяспечвае натуральнае нараджэнне дзяцей і найлепшае асяроддзе для іх гадавання.

І менавіта ад сапраўдных сем'яў залежыць існаванне і будучыня гэтага грамадства.

Касцёл наўпрост называе ў сваіх дакументах грамадскім грахом кожны грэх супраць свабоды іншага чалавека і супраць свабоды вызнання Бога і пакланення Яму, супраць агульнага дабра і патрабаванняў агульнага дабра ва ўсёй сферы правоў і абавязкаў грамадзян.

Такім чынам, рашуча выступаць супраць любых спробаў прапаганды і тым больш увядзення "аднаполых шлюбаў" — абавязак не толькі католікаў, але і кожнага чалавека, які любіць свабоду, праўду і імкнецца да дабра для свайго народа і ўсяго свету.

Аляксандр Гелагаеў паводле Кампендыя сацыяльнага вучэння Касцёла, National Catholic Reporter і блога Паўла Парфенцьева

 
© 2003-2024 Catholic.by