Клопат ці апека? Як быць дарослым у адносінах з дарослым чалавекам | Друк |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
27.07.2015 17:34

Думаеце, што вы клапоціцеся пра сябра, сяброўку, мужа, жонку? Нічога падобнага. Падаўляючая большасць людзей не ўмее гэтага рабіць. А вось апякаць – умеюць вельмі добра.

Проста людзі блытаюць гэтыя два паняцці, падмяняюць першае другім. Людзям здаецца, што яны клапоцяцца, але сапраўднага клопату там няма. Абсалютна няма!

Не верыце? Давайце зазірнем у Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Там мы ўбачым, што клопат – «увага да патрэб і запатрабаванняў каго-небудзь».

А апекай называецца – «нагляд за недзеяздольнымі асобамі (малалетнімі, хворымі і пад.)». Ключавое слова – «недзеяздольнымі».

Як мы бачым, клопат і апека – розныя рэчы. Апякуюцца тымі, хто сам не можа пра сябе паклапаціцца, і таму апякун мае права прымаць рашэнні ЗА таго, кім ён апякуецца.

Клопат – іншая справа. Клопат – увага да патрэб чалавека і, падкрэслю асабліва, увага да яго асабістай тэрыторыі і межаў. Бачыце, наколькі вялікая розніца?
Возьмем трохі анекдатычны прыклад. Жанчына пайшла ў краму і між іншым набыла мужу пяць пар шкарпэтак. Што гэта – клопат ці апека?

У гэтым варыянце – апека. Жанчына ЗА мужа вырашыла, што яму патрэбныя новыя шкарпэткі, і ЗА яго іх набыла. Атрымліваецца, што муж недзеяздольны, не можа ані вырашыць за сябе, ані набыць. Відаць, зусім яму дрэнна, хворанькаму.

А як бы выглядаў клопат?

Жанчына пайшла ў краму і там патэлефанавала мужу і спытала, ці патрэбныя таму шкарпэткі. І зрабіла б у адпаведнасці з ягоным адказам. Вось гэта – клопат. Тое ж самае справядліва і для мужчын. Прыклад можаце прыдумаць самастойна.

Схема простая – вы бачыце, што сужэнцу штосьці трэба (альбо вам падаецца, што вы гэта бачыце). Вы не кідаецеся адразу гэта рабіць, а пытаецеся ў сужэнца. І робіце так, як вашая жонка/муж скажуць. Вось гэта – дарослыя адносіны.

Чаму апека – шкодная, мяркую, ужо зразумела. Шлюб – саюз дарослага мужчыны і дарослай жанчыны, і менавіта ў гэтым ягоная каштоўнасць. У даросласці і роўнасці.

Аднак гэтая роўнасць сустракаецца не так і часта. Вельмі шырока распаўсюджаны адносіны па прынцыпе «Дарослы – дзіця». То бок нехта галоўны, а нехта – быццам бы ў падпарадкаванні.

Менавіта пра такія сітуацыі кажуць, калі выкарыстоўваюць прымаўку «ў жанчыны заўсёды на адно дзіця больш, чым ёсць». То бок яна мае сапраўдных дзяцей, а таксама і муж яе – дзіцёнак малы.

Гэта нездаровыя адносіны. У такіх "бацькоўска-дзіцячых" адносінах вельмі мала прыемнага і радаснага. Больш напружанасці і прымусу.

Як іх пазбегнуць? У адным артыкуле ўсяго не распавядзеш, аднак замяніць апеку клопатам – гэта якраз і дазваляе дадаць даросласці ў адносінах.

Сужэнства - абарончы і наступальны саюз роўных дарослых людзей.

Таму, каб не быць мамуляй свайму мужу, паважаныя жанчыны, каб не быць папусям сваёй жонцы, паважаныя мужчыны, трэба адмовіцца ад апекі і пераключыцца на клопат.

Можа ўзнікнуць пытанне: ці значыць вышэй сказанае, што любая апека заўсёды шкодная? Не, не значыць. Часам бывае вельмі прыемна, калі чалавек за вас вырашае, што трэба накрыць коўдрай ці прынесці гарачай гарбаты. Ці, напрыклад, купляе падарунак, які вы самі сабе ніколі не асмеліліся б набыць.

Але – часам. То бок нячаста. То бок не кожны раз. То бок – вы зразумелі. Часам – гэта значыць менавіта "часам".

Таму – калі хочаце адносінаў у шлюбе, заснаваных на ўзаемнай павазе і роўнасці, мусіце клапаціцца пра сужэнца, а не апекавацца ім. Будзе – лепей.

Павал Зыгмантовіч (АлГ) 

 
© 2003-2024 Catholic.by