Свабода ­— дар Божы, або як змагацца з маніпуляцыяй | Друк |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
03.09.2015 17:11

У асабістым і грамадскім жыцці для католікаў, як і для ўсіх астатніх, існуе пагроза стаць ахвярай псіхалагічнай маніпуляцыі — зрабіцца лялькай у чужых руках.

Маніпулятары намагаюцца прымусіць нас выконваць іх жаданні ці змяніць нашы каштоўнасці і стыль жыцця праз прыхаваныя і адкрытыя пагрозы, шантаж, прышчэпліванне адчування віны ці ліслівасць, праз гадаванне псіхалагічнай залежнасці.

Як гісторык і журналіст, які шмат працуе з інфармацыяй з розных крыніц і ўдзельнічаў у вострых публічных дыскусіях, хачу падзяліцца сваім досведам супраціўлення маніпуляцыі.

 

Як нападаюць на чалавека і Касцёл

Адны з маніпулятараў, напрыклад, спрабуюць абумовіць сваю павагу да сучасных католікаў і нашых меркаванняў тым, што «спачатку папрасіце прабачэння за інквізіцыю». Быццам вартасць нашых меркаванняў і аргументаў пра тое, што з'яўляецца ці не з'яўляецца сапраўдным сужэнствам і каханнем, залежыць ад гісторыі 500-гадовай даўніны.

Іншыя кажуць: «Вы не маеце права выступаць супраць абортаў, пакуль вы не зробіце...» — і далей ідзе цэлы спіс патрабаванняў, які можна выканаць, толькі маючы поўную дзяржаўную ўладу ў краіне. Як быццам бы забойствы нявінных дзяцей не павінны быць спынены безумоўна.

Тое ж самае здараецца і ў прыватным жыцці — і блізкія, і чужыя людзі могуць выстаўляць да вас нейкія патрабаванні, якім вы быццам бы павінны адпавядаць, каб «лічыцца добрым чалавекам», каб увогуле «мець права голасу».

Такім чынам, вам прышчэпліваюць адчуванне непаўнавартаснасці, ніжэйшасці. У рэшце рэшт гэта робіцца для таго, каб падпарадкаваць вас чужым жаданням, замяніць вашу ўласную сістэму каштоўнасцяў і ацэнак — на чужую.

Таксама маніпуляцыі адбываюцца праз:

  • ліслівасць (спачатку камплімент, потым просьба ці патрабаванне),
  • спробы выклікаць шкадаванне («Яны такія няшчасныя, як жа можна іх асуджаць, давайце адменім запаведзь "не чужалож" ці "не крадзі"»),
  • стварэнне сітуацыі ілжывага выбару (дзе быццам ёсць толькі некалькі варыянтаў і ўсе зводзяцца да таго, што вы павінны пагадзіцца з маніпулятарам),
  • пазбаўленне вас звычанага кола сяброў і сваякоў (вы застаецеся ў адзіноце, без падтрымкі),
  • пагрозы разрыву адносін (тут усё зразумела).

 

Прынцыпы свабоды

Каб не стаць ахвярай маніпуляцыі, трэба памятаць, што:

  • Вы, як і кожны чалавек, маеце права на безумоўную (!) павагу з боку іншых людзей. Бо кожны чалавек мае неад'емную годнасць Божага дзіцяці.
  • Вы, як і Касцёл у цэлым, маеце поўнае і безумоўнае права выражаць свае адчуванні, думкі і жаданні.
  • Вы маеце права казаць «не» без адчування віны, калі гэтая адмова не супярэчыць маральнаму вучэнню Касцёла.
  • Вы, як і Касцёл у цэлым, маеце безумоўнае права на абарону ад любых фізічных ці вербальных нападаў і пагроз.
  • Вы, як і Касцёл у цэлым, маеце безумоўнае права жыць у адпаведнасці са сваім разуменнем маралі і шчасця.

 

Пытанні для праверкі

Аналізуйце выказванні тых, хто нападае на вас і вашыя пазіцыі, хто выстаўляе патрабаванні да вас і да Касцёла.

І думайце самастойна  — гэта галоўнае:

  • Ці шчыра кажа гэты чалавек ці арганізацыя?
  • Ці сапраўды ён паважае мяне і маё права на ўласную думку?
  • Наколькі ягоныя чаканні і патрабаванні маюць грунт?
  • Ці магу я чакаць і патрабаваць ад суразмоўцы ў адказ нечага сапраўды добрага і істотнага?
  • Ці не падрываюць ягоныя патрабаванні маіх прынцыпаў?

Адказы на гэтыя пытанні дапамогуць зразумець — з вамі размаўляюць на роўных ці проста хочуць маніпуляваць.

Маніпулятары, людзі, якія хочуць улады над вамі, хочуць перарабіць вас на ўласны капыл, амаль заўсёды толькі патрабуюць і просяць ад вас, прымушаючы вас жыць не сваімі патрэбамі і прынцыпамі, а чужымі.

 

Абараняйся!

Часта маніпулятары даходзяць да прамых здзекаў і паклёпу, каб прынізіць ахвяру і запалохаць яе - і праз гэта таксама атрымаць кантроль над вамі. Гэта робіцца тады, калі вас лічаць слабым, негатовым да самаабароны, схільным да саступак.

Калі ахвяра не абараняецца, то патрабаванні і здзекі толькі растуць. Але ў душы большасць такіх агрэсараў палахліўцы і адступаюць, калі меркаваная ахвяра праяўляе мужнасць і гатоўнасць адкрыта бараніць свае правы.

Праўда зробіць вас свабоднымі, кажа Хрыстус у Евангеллі паводле Яна, падкрэсліваючы еднасць Свабоды і Праўды.

У сучасным свеце нахабнай прапаганды, агрэсіўнага невуцтва і маніпуляцый чалавек мусіць ведаць, як бараніць сваю Свабоду, калі хоча заставацца ў Праўдзе.

Аляксандр Гелагаеў

Выкарыстаны матэрыялы сайтаў zygmantovich.com, adme.ru і іншых.

 
© 2003-2024 Catholic.by