Легалізацыя прастытуцыі — новае злачынства супраць жанчын | Друк |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
21.09.2015 14:57

Некаторыя палітыкі і публіцысты ў Беларусі і ў свеце часам кажуць, што варта па розных прычынах зрабіць прастытуцыю легальнай.

Жанчыны, якія вызваліліся з няволі злачыннага секс-бізнесу і вярнуліся да нармальнага жыцця, распавядаюць, чаму легалізацыя прастытуцыі не мае нічога агульнага з дабром грамадства.

Легальнае паляванне на слабых і недасведчаных

Міжнародная праваахоўная арганізацыя Amnesty International нядаўна заявіла, што будзе выступаць за дэкрыміналізацыю прастытуцыі, бо лічыць, што гэта паспрыяе дабру жанчын, якія занятыя ў ёй.

Аднак Рэчэл Морган, якая была прастытуткай з 15 гадоў, можа шмат распавесці самапрызначаным экспертам, што такое рэаліі злачыннага секс-бізнесу, і таму стала адной з галоўных ворагаў яго ўзаконьвання. Яе кніга «Дарагім коштам: мой шлях у прастытуцыі» адкрыта кажа пра гвалт, адзіноту і наркаманію, якія з'яўляюцца неад'емнымі часткамі прастытуцыі. Такім людзям, як яна, кажа Рэчэл, патрэбна не легалізацыя, а дапамога, каб пакінуць прастытуцыю.

У выпадку ж легалізацыі прастытуцыі «дзяржава губляе цікавасць да таго, каб дапамагаць тым, хто хоча вызваліцца», напісала Рэчэл y артыкуле ў The New Yourk Times.

Рэчэл фактычна засталася сіратой у 14 гадоў, калі яе бацька забіў сябе, а маці згубіла правы бацькоўства з-за ментальнай хваробы. Яна не мела дома, адукацыі і ніякага вопыту працы.

На такіх дзяўчын, якія апынуліся ў вельмі складаных сітуацыях і не маюць жыццёвага досведу, не здольныя адэкватна прымаць важныя рашэнні, якраз і палююць суценёры, каб зацягваць сваіх ахвяр у прастытуцыю на доўгія гады.

Маладыя дзяўчыны-падлеткі для суценёраў — «свежае мяса», якое можа дорага і доўга прадаваць, піша Рэчэл.


«Мяне прадавалі і куплялі 7 гадоў... Цяжка апісаць поўнае дзеянне псіхалагічнага ціску, як глыбока ён дзейнічаў на маю асобу. Бліжэй да 20 гадоў я пачала нюхаць какаін, каб трохі суцішыць боль», — адзначае яна.

Жыццё ў няволі і гвалце

Наркаманія — такая ж звычайная рэч для прастытутак, як для афіцыянта — выціраць сталы. «Кожны дзень наносіць траўму, і вам хочацца забыцца», — піша Рэчэл Морган.

Адвакаты легальнай прастытуцыі заяўляюць, што справа толькі ў тым, што прастытуткі самі выбіраюць сабе такі занятак. Фактычна такім чынам яны адварочваюць увагу грамадства ад сапраўдных злачынцаў — суценёраў, трымальнікаў бардэляў, карумпаваных чыноўнікаў, кліентаў прастытутак. То бок тых, хто атрымлівае ад прастытуцыі галоўны прыбытак.

У выніку падобныя «абаронцы правоў чалавека» абараняюць адносна вузкае кола людзей, якія кіруюць крымінальным бізнесам, а не тых, хто сапраўды патрабуе абароны і ратавання.
Калі прастытуцыя робіцца легальнай і сацыяльна прынятай справай, гэты своеасаблівы нявольніцкі рынак толькі расце. У Германіі, дзе прастытуцыя стала афіцыйным бізнесам у 2002 годзе, яна рэзка вырасла, як вырас і секс-турызм.

Легалізацыя зробіць законным попыт на «секс-паслугі», змяняючы ментальнасць грамадства такім чынам, што пакупка сексу за грошы перастае быць бруднай справай. Маладыя хлопцы і мужчыны таксама пачынаюць да ўсіх дзяўчын і жанчын ставіцца як да тавару, які сёння размаўляе, але ў прынцыпе заўтра можа быць афіцыйна выстаўлены на продаж.


Легальная прастытуцыя не знішчае і ўдзел крыміналітэту ў секс-індустрыі. Пасля легалізацыі прастытуцыі ў аўстралійскім штаце Вікторыя колькасць неліцэнзаваных бардэляў вырасла ў тры разы. У штаце Новы Паўднёвы Уэльс, дзе бардэлі былі дэкрыміналізаваны ў 1995 годзе, колькасць іх у горадзе Сіднэй патроілася да 400-500 у 1999 годзе, прычым большасць з іх былі нелегальнымі.

Што рабіць?

Вырашэнне праблемы прастытуцыі — выхаванне самастойных людзей, як дзяўчын, так і хлопцаў, з нармальнай сексуальнай культурай, добрая адукацыя, пазітыўныя сацыяльныя праграмы, якія даюць моладзі магчымасць знайсці свой шлях у жыцці.

Каб зрабіць больш лёгкім выхад жанчын з прастытуцыі, трэба скіроўваць увагу праваахоўных органаў і накладаць жорсткія пакаранні на суценёраў і кліентаў прастытутак.

У той жа час саміх прастытутак, магчыма, увогуле караць не трэба, як гэта робіцца ў Швецыі, Нарвегіі, Канадзе і Ісландыі. У Швецыі падобныя заканадаўчыя рэформы моцна ўдарылі па злачынным бізнесе і дапамаглі многім жанчынам пакінуць яго.

Значна можа дапамагчы таксама рэформа адукацыі, дзякуючы якой ужо з 13-14 гадоў падлеткі змогуць вучыцца і адначасова падпрацоўваць, каб навучыцца зарабляць хоць невялікія грошы сумленнай працай.

Канешне, цалкам праблема прастытуцыі наўрад ці калісьці будзе вырашана, але гэта датычыцца і наркаманіі, і забойстваў, і згвалтаванняў, і хабарніцтва.

Злачынныя з'явы ў жыцці чалавецтва абумоўлены пашкоджанай прыродай чалавека, аднак іх можна звесці да меншай ступені, калі не мірыцца з імі, а змагацца разумна і рашуча.

Аляксандр Гелагаеў паводле lifesitenews.com, nytimes.com, Prostitution, Trafficking and Traumatic Stress. Binghamton: Haworth Press, 2003.

 
© 2003-2024 Catholic.by