Што нас дзеліць? | Друк |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
13.09.2011 14:53

«Жаданне аднавіць адзінства ажыццяўляецца праз навяртанне сэрца, малітву, узаемнае братэрскае пазнанне, тэалагічны дыялог». У звычайнай сям’і, калі здараецца развод, муж і жонка ўжо задоўга перад гэтым жывуць нібыта чужыя. Ці не адбывалася штосьці падобнае і ў вялікай хрысціянскай сям’і?

У гісторыі падзелу з праваслаўнымі менавіта так яно і адбывалася. Да разрыву ткані адзінства дайшло не па прычыне пытання пра ўладу або нейкага здарэння палітычнага1, але праз узрастаючае адчужэнне, калі розніцы двух вялікіх хрысціянскіх традыцый — заходнееўрапейскай і ўсходняй візантыйскай — пачалі ўспрымацца (у тэалогіі, абрадах, спосабе жыцця і мыслення) не як супольнае багацце, а як несумяшчальнасць.

На жаль, цяпер, у XXI стагоддзі, мы часта з’яўляемся спадкаемцамі і паслядоўнікамі таго драматычнага разводу. Ці ж так рэдка можна пачуць высакамерныя выказванні: «Гэтыя праваслаўныя...», «А ў гэтых праваслаўных...» — і наадварот, падобныя выказванні ў бок католікаў. І найгорай тое, што часам розныя павярхоўныя асуджэнні, без добрага пазнання і паважання іншай традыцыі, дазваляюць сабе людзі актыўныя ў касцёле ці царкве, нібыта веруючыя, бывае, нават і пастыры, якія лічаць, што такім чынам дбаюць пра дабро хрысціянскай супольнасці. Смела можна сказаць, што такая псеўдакаталіцкая і псеўдаправаслаўная стараннасць з’яўляецца вялікай перашкодай на шляху да адбудавання адзінства.

Паспрабуем, напрыклад, з бл. Янам Паўлам ІІ2 убачыць у Праваслаўнай Царкве жывую скарбніцу старажытнай хрысціянскай спадчыны, якую яна так рупліва сцеражэ і дзякуючы якой маем магчымасць больш поўна і цэласна зразумець хрысціянства. Давайце разам з Вялікім Папам з пашанай узглянем на гэтых нашых братоў у Хрысце, якія маюць зусім іншы (і гэта не азначае, што няправільны) стыль спаткання са Збаўцам і спосаб выражэння сваёй веры.

Канешне, нельга ўсё прымаць бескрытычна. Справа толькі ў тым, што, не ведаючы добра ўнутранага жыцця Праваслаўнай Царквы ва ўсёй шматграннасці, абапіраючыся толькі на некаторыя факты, наш паспешны суд можа быць несправядлівы. Здаецца, што часцей за ўсё дастаткова абмежавацца толькі нейтральным выказваннем: «Не разумею гэтага». А калі сумленне схіляе заняць больш канкрэтную пазіцыю, то заўсёды трэба памятаць пра сваю, звычайную для ўсіх людзей, абмежаванасць і грэшнасць, і — магчымасць памыліцца.

Найлепшы, аднак жа, шлях — гэта глыбейшае, без тэндэнцыёзнасці, пазнанне Праваслаўнай Царквы, памятаючы пры гэтым, што найперш трэба добра ведаць каталіцкае навучанне і сваю хрысціянскую традыцыю. Для тых, хто пачынае рабіць крокі на шляху ўзаемнага пазнання і дыялога, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыпамінае нам, спадкаемцам падзелаў, што менавіта Хрыстус ёсць спраўнікам таго, «што глухія чуюць, а нямыя гавораць!» (пар. Мк 7, 37), і гэта напойвае надзеяй: усё ж такі магчыма з гарачым прагненнем і ўвагай слухаць адно аднаго, пазнаваць і размаўляць мовай узаемнай любові3.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст «Святло Усходу» 18.
  2. Пар. Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст «Святло Усходу» 5-6.
  3. Пар. Разважанне перад малітвай «Анёл Панскі» 21.01.2007 г.

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2024 Catholic.by