Пазнаваць тое, што нас дзеліць | Друк |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
01.03.2012 14:47

Каб перамагчы хваробу, неабходна ведаць яе прычыны. Таксама і канфесійны падзел паміж хрысціянамі можна вылечыць толькі тады, калі пазнаём яго сутнасць і прычыны ўзнікнення. Будзем разважаць пра тое, што нас дзеліць, не таму, што хочам «сыпаць соль на раны», але каб з любоўю шукаць шляхоў да поўнай еднасці1. Кожны мае ў гэтым свой удзел паводле свайго месца і паклікання ў Касцёле.

Мне здаецца, што большасць з тых, хто чытае гэтыя радкі, — католікі свецкія, без вышэйшай тэалагічнай адукацыі. Такі вернік павінен мець хоць і мінімальныя, але ясныя веды аб тым, што нас адрознівае ў веравызнанні ад іншых канфесій і якія магчымыя перпектывы адбудовы страчанага адзінства. Навярстаць недахопы сваёй адукацыі добра было б якраз цяпер, калі Святы Айцец аб’явіў гэты год Годам Веры, сцвярджаючы паважны сур’ёзны крызіс веры ў сучасным грамадстве2. Пра экуменічны дыялог Бэнэдыкт XVІ кажа, што ён павінен абапірацца на прыярытэце веры, каб мужна закранаць таксама спрэчныя пытанні, але заўсёды ў братнім духу ўзаемнай павагі3.

Таму калі, як часам бывае, з праваслаўным суседам або праваслаўнай знаёмай распачнецца гаворка пра розніцы ў нашых «верах», трэба ведаць, што правільна адказаць. Значна горш, калі такая размова будзе абапірацца на выпадковых крыніцах. Можна прывесці, як прыклад нядобрай крыніцы, адзін артыкул папулярнай сярод народа газеты «Комсомольская правда», чытаючы які, цяжка ўстрымацца ад крытыкі (артыкул знаходзіцца тут). Але цяпер прашу звярнуць увагу толькі на адзін раздзел гэтага артыкула, які датычыць менавіта справаў веры і не залежыць ад даўнасці выпуску нумара газеты: «ИЗ ИСТОРИИ ВОПРОСА. Православие — католицизм: пять основных отличий».

Толькі некаторыя справы пададзены правільна, большасць — недакладна акрэслены, што значна змяняе іх сэнс. Няправільна ацэньваецца таксама важнасць адрозненняў (апошнія тры пункты нельга называць «основными отличиями»). У выніку чытач такога артыкула будзе мець вельмі скажонае ўяўленне аб канфесійных розніцах.

У наступных артыкулах нашай рубрыкі будзем разважаць пра асноўныя адрозненні ў веры паміж католікамі і праваслаўнымі. Здаецца відавочным, што пачаць трэба ад тэмы «Роля біскупа Рыма ў Касцёле», бо менавіта гэтым пытаннем займаецца Змешаная міжнародная камісія па справах тэалагічнага дыялога паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, ацэньваючы гэтую тэму, як найбольш важную. Але ў нашых разважаннях акрамя акрэслення існуючых розніц звернем увагу таксама на тое пазітыўнае ў нашай супольнай гісторыі, што можа служыць «мостам» для адбудовы адзінства.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Пар. выказванне кард. Коха пра мэту сапраўднага экуменізму.
  2. Пар. прамова Бэнэдыкта XVІ да Кангрэгацыі Веравучэння 30.01.2012 (пар. таксама тут).
  3. Пар. там жа (апошні абзац).


tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2024 Catholic.by