Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Самасвядомасць бiскупаў Рыма і хрысціянская імперыя (частка I)
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
15.10.2012 12:50

Пачынаючы ад IV стагоддзя магутная Рымская імперыя, на тэрыторыі якой жыла большасць хрысціянаў, пачала ператварацца ў хрысціянскую імперыю з галоўным палітычным цэнтрам у Канстанцінопалі1. Як у гэтай новай сітуацыі ўспрымаўся голас Апостальскага Пасаду, часамі цвёрды і рашучы?

Да гэтага пытання, так важнага ў справе дыялога з праваслаўнымі, нельга падыходзіць павярхоўна. На пачатку варта задумацца над палітычным менталітэтам тагачасных хрысціянаў, калі не былі яшчэ зроблены геаграфічныя адкрыцці новага часу і не было сучасных сродкаў камунікацыі. Было ўяўленне, што ўвесь сусвет — гэта Рымская імперыя плюс нейкія нецывілізаваныя народы на яе межах, якія па тых ці іншых прычынах пакуль што яшчэ не былі пераможаны і далучаны. Такім чынам, цывілізаваная краіна адна і ўладар адзін на ўвесь сусвет — імператар.

І вось імперыя становіцца хрысціянскай, а імператар — хрысціянскім уладаром. Пры тагачасных уяўленнях вельмі лёгка было зрабіць выснову, што бачныя межы Касцёла супадаюць з межамі імперыі. Такім чынам, прыналежнасць да імперыі і яе абарона маглі атаясамлівацца з прыналежнасцю да Касцёла і яго абаронаю. Хрысціянскі імператар успрымаўся як ад Бога пастаўлены галава Касцёла.

Падобныя погляды не асуджаліся і святымі таго часу. Гэта можна ўбачыць, калі прачытаць лісты да імператараў, напрыклад, папаў св. Льва Вялікага або св. Грыгорыя Вялікага2, якія, несумненна, мелі самасвядомасць біскупаў Рыма як наступнікаў Апостала Пятра, маючых вярхоўную ўладу ў Касцёле.

Вышэй апісаныя погляды на адзінства імперыі і адзінства Касцёла спалучаліся з тым, што захад і ўсход дзяржавы пачалі ўсё больш і больш адрознівацца: моваю, культураю, хрысціянскімі звычаямі.

Наступная рэч, якую варта ўлічваць, — тое, што Касцёл у сваіх структурах, па практычных меркаваннях, ад пачатку прыстасоўваўся да палітычна-дзяржаўнага падзелу3. Таму біскупы буйнейшых гарадоў, палітычных цэнтраў мелі большае значэнне. Іншыя навакольныя біскупы прызнавалі ўладу сталічнага біскупа, але (і гэта вельмі важна) была гэта толькі ўлада, якую яны яму прызначылі, з практычных меркаванняў, а не па Божаму ўстанаўленню. Адначасова з гэтым, у Касцёле існаваў прынцып большай вагі біскупаў Апостальскіх Пасадаў — біскупстваў, заснаваных самімі Апосталамі4. Ва ўсходняй палове імперыі такіх біскупстваў было вельмі шмат, і таму хрысціяне перасталі надаваць гэтаму прынцыпу вялікае значэнне. А вось на Захадзе толькі Рым быў Апостальскім Пасадам, тым больш заснаваным святымі Пятром і Паўлам, таму значэнне прынцыпу апостальскага паходжання толькі ўзрастала5.

Да сярэдзіны IV ст., пакуль Рым быў сталіцай імперыі, гэтыя два прынцыпы супадалі на карысць аўтарытэту біскупа Рыма ва ўсім Касцёле. Калі ж, аднак, сталіцай імперыі стаў Канстанцінопаль — новы горад на ўсходзе дзяржавы — то, памятаючы пра менталітэт тых часоў, не магло абысціся без непаразуменняў і пераасэнсавання вышэй названых прынцыпаў. Вельмі паказальнай у гэтым з’яўляецца справа 28-га канона IV Сусветнага Халкідонскага Сабору (451 г.), аб якой будзе гаворка ў наступнай частцы артыкула.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Цяперашні г. Стамбул у Турцыі.
  2. Пар. Ліст папы Льва да імператара Маркіяна; да імператара Льва; ліст папы Грыгорыя да імператара Маўрыкія.
  3. Пар. Й. Лортц «Гісторыя Касцёла» §24.
  4. Пар. Ф. Дворнік «Візантыя і Рымскі прымат», а таксама адзін з папярэдніх артыкулаў рубрыкі.
  5. Пар. Ф. Дворнік «Візантыя і Рымскі прымат».


tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча

18.08 09:34Непрыняцце Фларэнтыйскай уніі ў паўночна-ўсходняй Русі. Арышт мітрапаліта Ісідара
11.12 10:23Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка ІІ)
27.08 12:29Абвяшчэнне Фларэнтыйскай уніі ў Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы (частка І)
31.07 11:27Дэлегацыя з усходнеславянскіх земляў на Ферара-Фларэнтыйскім Саборы
23.05 00:00Прызначэнне Ісідара Мітрапалітам усяе Русі
14.04 08:51Хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІІ)
27.01 15:15Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка ІІ)
17.12 11:39Хрысціянства на ўсходне-славянскіх землях напярэдадні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. (частка І)
01.10 12:58Падзенне Канстанцінопаля (1453 г.): падзеленыя хрысціяне і апошні візантыйскі святы
28.08 10:49Фларэнтыйская унія 1439 года: высновы на сёння