Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дабрачынныя рахункi: як адрознiць сапраўдную патрэбу ў дапамозе ад крадзяжу
Усяго патроху
14.01.2013 12:40

Дабрачыннасць… на сёння гэтае слова для вялiкай колькасцi людзей не значыць нешта сапраўды зразумелае, таму патрабуе значнай увагi. Нягледзячы на развiццё сродкаў масавай iнфармацыi, у многіх паўстае пытанне: дзе сапраўдныя дабрачынныя рахункi i як я магу адважыцца дапамагчы, калi нават не змагу даведацца, каму пайшлi мае грошы альбо рэчы — дзiцяцi ці злачынцу?

На жаль, сёння і сапраўды так шмат сайтаў, розных паведамленняў, якiя ствараюцца не гаротнымі матулямі ды татамi, а тымi, хто марыць пра нешта больш «зямное», чым выратаванне жыцця альбо здароўя. Таму мы пагаворым пра тое, як адрознiць сапраўдную просьбу аб дапамозе ад фальшывай.

Асноўныя прыкметы дабрачыннага руху

Першая асноўная прыкмета — наяўнасць сведкаў, якiх можа праверыць кожны чалавек. Калi вы бачыце iнфармацыю пра рахунак у банку, а таксама фотаздымкi, тэлефоны, звярнiце ўвагу на тое, наколькi падрабязна, зразумела і звязна падаецца гiсторыя.

На несапраўдным дабрачынным сайце альбо ў групе, прысвечанай збору сродкаў на дапамогу, вы можаце знайсцi сапраўдныя гiсторыi з сапраўднымi фотаздымкамі, але вось толькi банкаўскiя рахункi і нумары тэлефонаў належаць злачынцам.

Другая асноўная прыкмета — наяўнасць менавiта дабрачыннага рахунку (рус. благотворительного счета). Справа ў тым, што на тэрыторыi Беларусi ў банках ёсць iх асаблiвы выгляд для такiх выпадкаў, якi i мае такую назву: дабрачынны, і, каб яго стварыць, патрэбна вельмi добрая аснова ў выглядзе адпаведных дакументаў. Каб даведацца, цi з’яўляецца пэўны рахунак сапраўдным, трэба пайсцi ў банк I проста запытацца ў яго працаўнiкоў, цi сапраўды ён з’яўляецца такiм. Таксама звяртайце ўвагу на «прызначэнне плацяжу», дзе павiнна быць пазначана, на чыё імя і для якой мэты адкрыты рахунак. Збор грошай павiнен быць на iмя таго, хто з’яўляецца калi не бацькамi, то роднымi таму, каму збiраюцца сродкi, але не на iмя сябра альбо валанцёра.

Iнфармацыя павiнна быць поўнай, каб чалавек мог выйсцi на сувязь і з бацькамі, і са шпiталем, дзе лячыўся альбо працягвае лячэнне хворы чалавек.

Гэта не толькi грошы

Яшчэ адна прыкмета: нярэдка хворым патрэбна дапамога ў выглядзе не толькi грошай, але і адзення альбо iншых неабходных для кожнага чалавека рэчаў, як збiраюць, напрыклад, валанцёры ў дапамогу анкалагiчна хворым дзецям з дзiцячага анкацэнтра ў Бараўлянах з Клуба 5000. Дабрачынцы спраўляюць з iмi святы, збiраюць неабходныя рэчы альбо купляюць лекi, а ў руху «Выратаванне немаўлят» — дапамагаюць разам з фондам «Матуля» ратаваць дзяцей і ix мацi ад аборту. У такiх групоўках будуць рады бачыць не толькi грашовую дапамогу, але і прысутнасць дабрачынцы ў агульных справах. Што датычыцца фальшывых сайтаў і лiстовак, то там вы наўрад цi знойдзеце нейкія пошукi дапамогi, акрамя грошай. Хаця, безумоўна, і тут бываюць выключэнні: сям’я мае нармальны даход, можа апрануць, накарміць дзіця, парадаваць цацкамі і падарункамі. Але сума на лячэнне аказваецца проста непад’ёмнай для сярэднестатыстычнай беларускай сям’і, якая, хай сабе, не перабіваецца з гроша на грош. Тады бацькі просяць менавіта матэрыяльную дапамогу на лячэнне. У такім выпадку зноў жа дзейнічаюць метады праверкі — сувязь з бацькамі, наведванне хворага дзіцяці, кантакт з медперсаналам. Гэта можна ўбачыць на ўласныя вочы і праверыць.

Спадзяемся, што гэтыя веды дапамогуць вырашыць сапраўдныя праблемы. Будзьце ўважлiвымi!

Юлія Вольская

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.