Ці віншаваць законных сясцёр з 8 сакавіка? | Друк |
Усяго патроху
08.03.2013 03:43

(…) Пробашч парафіі думаў, што 8 сакавіка ў яго не будзе надта шмат наведвальнікаў. Ён усеўся ў канцылярыі, каб падрыхтаваць казанне да вечаровага набажэнства з нагоды жаночага дня. Як толькі ён апынуўся за пісьмовым сталом, адразу ж з’явіўся наведвальнік па метрыку, затым прыйшоў іншы запрасіць святара да хворага, яшчэ адзін — наконт хросту дзіцяці. Святар ужо прыняўся пісаць метрыку, як у пакой нечакана заляцела нейкая жанчына. Яна была вельмі ўзбуджана і ўзрушана, злосць у ёй так і кіпела.

— Ксёндз-пробашч, — гаварыла яна хутка, на павышаных танах, — прашу Вас зараз жа з ёю разабрацца, інакш я пайду, куды трэба!

— Прабачце, — спакойна адказаў святар. — Вы ж бачыце, што ў мяне наведвальнік. Прашу пачакаць у вітальні.

— Няма ў мяне часу на чаканне! Прашу неадкладна заклікаць яе да парадку.

— Не ведаю пра каго гаворка… Калі ласка, пасядзіце ў вітальні і пачакайце некалькі хвілін, пакуль я абслужу гэтага спадара.

Ксёндз працягваў спакойна пісаць, не звяртаючы больш увагі на ўсхваляваную жанчыну. Тая, бачачы, што пробашч не рэагуе, ляснула дзвярыма і выйшла. Ледзьве наведвальнік выйшаў з канцэлярыі, яна зноў з’явілася, гэтым разам з хлопчыкам гадоў дванаццаці. І зноў кінулася штармаваць.

— Я ёй не дазволю крыўдзіць маё дзіця! Што яна сабе думае? Калі ксёндз-пробашч з гэтым не разбярэцца, то я ёй вочы выдрапаю!

— Прашу вас сесці, — спакойна працягваў святар, які, як бачна, прывык да тых, хто любіць урывацца без папярэджання.

— Не буду сядаць!

— А я не буду з Вамі размаўляць. Калі Вы прыйшлі штосьці ўладзіць, то прашу Вас сесці і размаўляць спакойна.

Жанчына раптам змоўкла і села на край крэсла. Тады пробашч сказаў:

— Зараз я магу з Вамі пагаварыць, але спачатку я хацеў бы Вас павіншаваць з сённяшнім святам. Бо сёння Дзень жанчын. Слухаю вас? Чым я магу служыць?

— Я тут з-за майго сына. Чаму яна яго крыўдзіць?

— Хто — яна? Пра каго гаворка?

— Ну, гэта сястра, якая вучыць рэлігіі.

— Сястра? Пакрыўдзіла Вашага сына? Ды яна за любое дзіця скокнула б у агонь. Не жартуйце так, калі ласка.

— Менавіта, што пакрыўдзіла. Уз’елася на майго сына. Ужо ў трэці раз паставіла яму па рэлігіі тройку за чвэрць! Вы сабе ўяўляеце? Другія дзеці маюць пяцёркі, а мой сын — тройку!

— Можа, проста Ваш сын не ведаў таго, што патрэбна?

— А што тут ведаць? Няўжо недастаткова таго, што ён ходзіць на заняткі? Замест таго, каб пахваліць, зацікавіць — тройку ставіць, каб толькі яго ад веры адвярнуць. І гэта робіць законніца!

— Чаго ж Вы, уласна кажучы, ад мяне хочаце?

— Хачу, каб ксёндз-пробашч загадаў ёй паставіць майму дзіцяці пяцёрку па рэлігіі!

— Ну што ж… Гэта ў маёй моцы як пробашча, але толькі я павінен спачатку дзіця праэкзаменаваць. Быць можа, сястра памылілася. Няма людзей, якія не памыляюцца.

Пробашч падняў слухаўку тэлефона і набраў нумар.

— Скажыце, калі ласка, сястры, каб зайшла ў канцэлярыю з журналам.

Ён паклаў слухаўку і звярнуўся да хлопчыка.
— Паслухай, малады чалавек, пакажы мне свой сшытак па рэлігіі.

— У мяне няма…

— Забыўся дома?

— Не, — заспяшалася на дапамогу маці, — я не патрабую, каб ён вёў сшытак, каб яго не перагружаць.

— Ты не вядзеш сшытак, аднак, напэўна, у цябе добрая памяць. Назаві тры апошнія тэмы па рэлігіі, пра якія казала сястра.
Хлопчык маўчаў.

— А ў якім ты класе?

— У пятым.

— А якая адзнака была ў пасведчанні за чацвёрты клас?

— Не ведаю. Я не атрымліваў пасведчання.

— А скажы мне, што ты ведаеш з малітваў? Назаві дзесяць Божых запаведзяў.

Хлопчык толькі паціснуў плячыма.
— Здзіўляюся, — зноўку ўмяшалася маці, — што ксёндз-пробашч пытае ў яго малітвы. Ён жа ж ужо быў дапушчаны да Першай Камуніі.

Увайшла сястра. Пробашч узяў з яе рук журнал і стаў праглядаць.
— Няхай сястра задасць яму некалькі пытанняў па пройдзеным матэрыяле.

Хлопчык не адказаў ні на адно. Пробашч зазірнуў у калонку наведванняў.

— Паслухай, маладзец. Ты пачаў хадзіць прыкладна з паловы кастрычніка. Два разы не быў у лістападзе, адзін раз — у снежні, раз — у студзені і два разы — у лютым. Не быў на рэкалекцыях падчас каляднага посту і на мінулым тыдні на велікапосных. Чаму?

— Таму што ў яго шмат заняткаў у школе, — патлумачыла маці, — ён ходзіць і на англійскую мову, і ў спартыўную секцыю, і ў розныя кружкі. Я хачу, каб мой сын атрымаў рознабаковую адукацыю.

— Я пытаюся яшчэ раз, навошта Вы сюды прыйшлі?

— Для таго, каб сястра не ставіла яму тройку па рэлігіі. Ходзіць на заняткі, і тое ўжо нядрэнна, за гэта яму ўжо пяцёрка належыць…

— Але ж ён нічога не ведае!

— Вы мяне здзіўляеце, ксёндз-пробашч. Рэлігія ж — не школьны прадмет, каб яго вучыць. Навошта яму патрэбныя будуць усе гэтыя веды?

— Прабачце, для веруючага чалавека Закон Божы — гэта найважнейшы прадмет. Звяртаю Вашу ўвагу на тое, што сястра пакрыўдзіла гэтага хлопчыка тым, што не паставіла яму двойку. Гэта ўсё, што я магу Вам сказаць.

— Ах, так?! — сарвалася маці са стула. — Выглядае, што і Вы таксама такі? Значыць, і святар ад святой веры адварочвае? Няма справядлівасці ў касцёле! Яшчэ здзіўляюцца, чаму людзі сыходзяць са святыні, а самі іх выганяюць бязглуздымі патрабаваннямі! Добра! Не прыйдзе больш мой сын на рэлігію! — у злосці яна выскачыла з парафіяльнай канцэлярыі.

— Мне непрыемна, — сказаў пробашч сястры, — што такія віншаванні сястра атрымала ў жаночае свята.

— Нічога, — усміхнулася сястра, — я прывыкла. Гэта мой хлеб штодзённы, толькі што другія бацькі не ідуць з гэтым да ксяндза-пробашча. Ім хапае і таго, што выльюць на мяне сваю злосць за тое, што самі не прасачылі за рэлігійным выхаваннем і адукацыяй сваіх дзяцей.

— Няхай сястра скажа мне праўду, колькі дзяцей прынеслі Вам кветкі ў Жаночы дзень? Я бачыў праз акно, што яны ішлі з кветкамі.

— У мяне быў сёння толькі адзін урок, але ні адзін з іх не дадумаўся. А гэтыя кветкі дзеці нясуць настаўніцам у школу.

Сястра выйшла, таму што праз некалькі хвілін павінны былі пачацца наступныя заняткі. Пробашч хацеў сесці за падрыхтоўку казання, але вырашыў прагуляцца па сакавіцкаму ветрыку, каб супакоіцца, таму што, хоць у размове з наведвальніцай ён і трымаў сябе ў руках, аднак унутрана зусім разнерваваўся. Перад канцылярыяй праходзілі мамы з дзецьмі. «Напэўна, падрыхтоўчы або першы клас», — падумаў пробашч. І мамы, і дзеці неслі ў руках кветкі. Дзецям было весела. Яны падбеглі да пробашча і перакрыкваючы адно аднаго, прывіталіся: Хвала Хрысту!

— Навекі хвала, — адказаў пробашч, — а куды гэты вы ідзяце?

— На рэлігію!

— Колькі цудоўных кветак, — сказаў пробашч, — гэта, напэўна, для сястры.

— Не, гэта для настаўніцы ў школе на Жаночы дзень.

— А сястры не прынеслі? Сястра ж — таксама жанчына.

Дзеці пераглянуліся і пачалі смяяцца, а адна нават падбегла да маці:
— Мамачка, гэты ксёндз такі смешны, кажа, што сястра — таксама жанчына!

Маці ўсміхнуліся, прыняўшы гэта за жарт з боку пробашча, і пашлі ў залу. За імі пабеглі дзеці. Пробашч хацеў вярнуцца ў канцылярыю, але застаўся на плошчы перад святыняй, каб зрабіць яшчэ кола, таму што зараз яму не трэба было спяшацца: тэма для казання была ўжо гатовая.

Паводле кнігі а. Браніслава Канта «Хто гэта такі?»
Пераклад з рускай І. Лапато OCDS

 
© 2003-2024 Catholic.by