Учынак міласэрнасці для душы бліжняга — вучыць тых, хто не ведае | Друк |
Усяго патроху
15.02.2016 00:00


Перажываем святы час — асаблівы час Божай міласэрнасці. Нам неабходна не толькі выкарыстаць гэты час для сваёй душы, але і важна падзяліцца ласкамі з нашымі бліжнімі.

Мы можам спазнаць, што значыць для кожнага з нас Божая міласэрнасць, калі задумаемся над прабачэннем нашых грахоў, над вялікай Таямніцай Божай любові. Але калі спазнаем міласэрнасць, мы павінны ёю дзяліцца, і Касцёл дае нам як прыклад учынкі міласэрнасці для душы і цела бліжняга.

Побач з намі жывуць шматлікія людзі, якія апынуліся ў цяжкoй сітуацыі і якія не ведаюць, які шлях абраць. Вельмі часта мы паводзім сябе абыякава да такіх людзей, можам іх паслухаць, але навучыць, падзяліцца жыццёвым досведам баімся. Тлумачым гэта тым, што ў сваім жыцці не заўсёды ўсё ў парадку, што будзем лезці ў чужое? Але часта здараецца так, што элементарная хрысціянская фраза аб тым, што Бог любіць кожнага чалавека, Ён заўсёды побач, можа паўплываць на рашэнне чалавека і ўберагчы яго ад шматлікіх бедаў.

Гэты ўчынак датычыць таксама і культурных, адукацыйных ведаў. Вельмі часта можна пачуць выраз: «Гэта не мой узровень развіцця чалавека, я з такімі не хачу мець ніякіх спраў». А мы як хрысціяне павінны набліжацца да кожнага, вучыць у любой справе, дапамагаць, можа, коштам свайго часу, сіл, здароўя ці матэрыяльных сродкаў.

Канешне, мы заўсёды павінны ўсведамляць, што выбар застаецца за чалавекам, мы не можам насілу прымусіць, навучыць, але абыякавасць ніколі не павінна кіраваць нашым жыццём. Мы павінны яе выключаць з нашых думак, словаў, спраў.

Ну і самае галоўнае — кіраваць намі павінен Святы Дух, гэта Ён вучыць кожнага з нас і кожнае нашае слова, кожнае нашае дзеянне павінна быць пад Яго натхненнем!

С. Таццяна Гмыза SJE

Усе матэрыялы пра ўчынкі міласэрнасці тут >>>

 
© 2003-2024 Catholic.by