Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Учынак міласэрнасці для душы бліжняга – суцяшаць засмучаных
Усяго патроху
21.02.2016 00:00

Вялікі пост – гэта выдатны час, калі мы сустракаемся са Словам, якое ўцелавілася і прыйшло ў свет, каб адкупіць нас. Разважаючы над Крыжовым шляхам, гледзячы асабліва на восьмую стацыю, бачым, як Езус суцяшае жанчын Ерузалема, якія плачуць. 

Езус падчас сваёй Мукі заўважыў смутак іншых і, нягледзячы на неміласэрнасць салдат, аказвае міласэрнасць тым, якія плачуць. Падобным чынам у казанні на гары Ён кажа: «Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны» (Мц 5, 4).

Сённяшні свет падобны да натоўпу людзей, якія жывуць у вялікім смутку. Свет адкідвае Хрыста, але толькі Хрыстус можа суцешыць свет.

Аднойчы я сустрэў святара-місіянера, які цяпер працуе ва Уругваі. Ён распавёў наступную гісторыю. Няверуючы чалавек з горада, дзе ён працуе, спытаўся ў яго: «Як гэта магчыма: нашы сем'і, жонкі часта сумныя, а хрысціянскія сем'і заўсёды поўныя радасці?» На гэтае пытанне місіянер адказаў: «Напэўна, яны сустрэлі Хрыста, які ўнёс у іх жыццё радасць і ўсмешку». Сустрэча з Хрыстом з'яўляецца нечым вельмі важным ў жыцці. Мы, як хрысціяне, можам вучыцца ад нашага Настаўніка, як аказваць міласэрнасць і прыходзіць на дапамогу сумнаму чалавеку. Наш прыклад, нашыя ўчынкі, наш просты жэст можа дапамагчы іншым людзям убачыць Хрыста.

Кожны чалавек слабы і часта пападае у сеткі д'ябла, граху. Грэх – вірус, які ўводзіць у наша жыццё смутак. Лекамі ад гэтага вірусу з'яўляецца Божая міласэрнасць. Сястра Фаўстына пісала: «Калі б грахі былі, як пурпур, стануцца як белы снег» (Дз 699). Колькі людзей у свеце, якія чакаюць нас, нашай рукі дапамогі! Часам дастаткова простага слова, часам аднаго невялічкага жэсту.


Пост – гэта асаблівы час, калі мы можам праяўляць сваю міласэрнасць, каб дапамагчы «ажывіць» (уваскрасіць) людзей у адносінах з Богам. Евангеліст піша: «Вялікая радасць ад аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не маюць патрэбы ў навяртанні». І мы можам прыняць удзел у гэтым і рабіць учынкі міласэрнасці для душы бліжняга.

Семінарыст Яўген Вінтоў

Усе матэрыялы пра ўчынкі міласэрнасці тут >>>

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.