Можа, сапраўды ў гэтым і ёсць сэнс жыцця? | Друк |
Усяго патроху
06.03.2016 00:00

Часам паўстае пытанне пра сэнс. Навошта я жыву? Дзеля чаго працую? Які сэнс мае ўсё, што адбываецца ў маім жыцці? Тут жа пытанні пра вартасць абранага жыццёвага шляху і месца ў «часапрасторы» (назавём гэта так).

Адукацыя, праца, сям'я ці самотнасць – тут каму як – ці ў гэтым сэнс жыцця?

Раней ці пазней прыходзіць расчараванне адукацыяй, ці, хутчэй, сістэмай яе атрымання, і сапраўднымі перспектывамі, якія ўсё часцей дае дыплом, а можа, проста справа ў тым, што ў пэўны момант прыходзіць разуменне абмежаванасці магчымасцяў чалавечага розуму, карацей – гэта не можа быць сапраўды добрым сэнсам жыцця.

Праца? Так, гэта важны аспект жыццядзейнасці чалавека, але гэта не можа быць галоўным сэнсам яго жыцця і адказам на пытанні тыпу: «Дзеля чаго я жыву?» Сям'я як сэнс жыцця – таксама не вельмі адпаведны адказ, бо раней ці пазней усё ж застанешся самотным; сям'я – гэта нешта іншае: шлях, заданне, пакліканне, крыніца... але не сэнс жыцця.



Ёсць шмат тэорый і светапоглядаў, пазітыўных і негатыўных, рэалістычных і ўтапічных, якія даюць тыя ці іншыя адказы, але на шмат іх не хапае. Калі прыгледзецца больш уважліва, іх вартасць памяншаецца і губляецца.

Лагічна хіба, што зараз будзе шмат тэксту пра хрысціянскі светапогляд, пра тое, што кожны чалавек мае вялікую вартасць у Божых вачах і гэтак далей, але не, у сэнсе, безумоўна, аб'ёму тэксту, бо пра гэта і так шмат гаворыцца. Дык вось сэнс у тым, каб сказаць, а потым пастанна казаць, Богу «так!».

Станавіцца ўсё больш чалавекам, жыць, прыносіць плён, дзякаваць за кожны дзень і кожную падзею, якая адбываецца ў жыцці. Змяняць сябе і змяняць наваколле. Сэнс жыцця ў тым, каб сапраўды жыць. Банальна? Не, вельмі небанальна.

Вартасці, абавязкі, адносіны – усё гэта мае вялікую вартасць, нельга гэтага адкінуць, але гэта не сэнс жыцця, і гэта варта ўсвядоміць, каб адпаведна расставіць прыярытэты, каб пазбегнуць клопатаў і расчаравання.

«Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам» (Мц 6, 33) (варта прачытаць некалькі папярэдніх сказаў, «гэта ўсё» - тут гаворка пра штодзённыя клопаты).

Чалавек створаны дзеля Божага Валадарства, у гэтым сэнс жыцця, астатняе – шлях, па якім мы крочым або да яго, або ў супрацьлеглым напрамку. Шмат чаго можа нас матываваць да жыцця і падтрымліваць запалены агеньчык, але вартая мэта можа быць толькі адна, і толькі вакол яе і дзеля яе ўсё іншае.

Эрнэст Мікалайчык

 
© 2003-2024 Catholic.by