«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: голас сэрца ў цішыні перад Абліччам Збаўцы (малітвы сястры Фаўстыны перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам) | Друк |
Усяго патроху
01.09.2016 00:00

Час адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, прысвечаны Богу — гэта час асаблівай Божай ласкі, адчування прысутнасці жывога Бога, калі Дух Святы асвячае душу і напаўняе сэрца глыбокім унутраным супакоем і сапраўднай радасцю — радасцю прабывання ў духоўным адзінстве з уваскрослым Збаўцам. Але, каб сэрцам адчуць Ягоную прысутнасць, патрэбна цішыня. На жаль, у штодзённай мітусні чалавек вельмі рэдка можа знайсці цішыню навокал сябе і засяродзіцца на ўнутранай малітве сэрца, таму што яго пастаянна турбуюць жыццёвыя свецкія справы.

Каб малітва адарацыі — праслаўлення Бога — прынесла трывалы духоўны плён, неабходна пастарацца ўвайсці ў святло Божай прысутнасці — у Ягоную святасць, цалкам даверыцца Божай міласэрнасці. Чалавек, па-першае, павінен зразумець, дзе ён знаходзіцца, спыніцца на некалькі хвілін і пастарацца суцішыць сваё сэрца, заглыбіцца ў маўчанне і сузіранне Святых Дароў. Менавіта ў маўчанні распачынаецца малітва сэрца.

Многія кажуць, што падчас адарацыі яны не адчуваюць прысутнасці Святога Духа, а гэта вынік таго, што чалавек не падрыхтаваў сваё сэрца належным чынам на сустрэчу з Богам, не знайшоў у сабе ўнутраную цішыню, а  занепакоены непатрэбнымі клопатамі. Прыходзячы на адарацыю, шмат хто нават не выключае мабільны тэлефон, а потым здараецца так, што яму пачынаюць тэлефанаваць, і тады той чалавек сам не можа сканцэнтравацца на малітве і, больш за тое, перашкаджае маліцца іншым. Альбо хтосьці пачынае мітусіцца і шапацець пакетамі, што таксама раздражняе прысутных.

Кожны перш за ўсё павінен распачаць навяртанне менавіта з сябе, патрэбна змяніцца самому, а не імкнуцца перамяняць іншых. Іншыя з цягам часу таксама змогуць перамяніцца з дапамогай Божай ласкі.

Важна, прыходзячы на адарацыю, не мець крыўды на бліжняга. Галоўнае — прабачэнне, каб адчуць унутраны супакой у сэрцы. Навучыцца прабачаць і дараваць правіны нашым бліжнім так, як Бог прабачае нам у сакрамэнце пакаяння, калі прыходзім да Яго са скрушаным сэрцам. Прабачэнне ачышчае сэрца. Толькі чыстыя сэрцам змогуць увайсці ў святасць Бога Усемагутнага і праслаўляць свайго Стварыцеля.

Святая сястра Фаўстына на старонках свайго духоўнага Дзённіка «Божая міласэрнасць у маёй душы» вельмі трапна апісвае, як яна перажывала хвіліны адарацыі і шукала цішыню ў сваім сэрцы:

«Мая ціша — для Езуса. Я імкнулася да поўнай цішыні для Езуса. Сярод найбольшага шуму для Езуса заўсёды была ціша ў маім сэрцы, хоць часта мне гэта дорага каштавала. Але хіба для Езуса можа быць чагосьці шмат, для Таго, каго я люблю ўсёю сілаю маёй душы?» (Дз. 185).

«Маё сэрца — пастаяннае жытло для Езуса. Апроч Езуса туды нікому няма доступу. З Езуса я чэрпаю сілы для барацьбы з усімі цяжкасцямі і перашкодамі. Я прагну перайсці ў Езуса, каб магчы дасканала аддацца душам. Без Езуса я не наблізілася б да душаў, бо ведаю, кім я ёсць сама па сабе. Я ўбіраю Бога ў сябе, каб аддаць Яго душам» (Дз. 193), — гаворыць сястра Фаўстына.

Таму варта зараз у малітоўным чуванні ўслухацца ў голас яе сэрца, чытаючы і разважаючы над словамі гэтых цудоўных малітваў:

«О Езу, сёння мая душа як бы азмрочаная цярпеннем. Аніводнага промня святла. Бура шалее, а Езус спіць. О мой Настаўнік, я не буду Цябе будзіць, не перарву Твайго салодкага сну. Я веру, што Ты без майго ведама ўмацоўваеш мяне.

Бываюць цэлыя гадзіны, у якія я адарую Цябе, о Хлебе жывы, сярод вялікіх застояў душы. О Езу, чыстая любоў, мне не патрэбны суцяшэнні, я сілкуюся Тваёю воляю, о Валадар. Воля Твая – мэта майго існавання. Мне здаецца, што ўвесь свет мне служыць і ад мяне залежыць. Ты, Пане, разумееш маю душу ва ўсіх яе памкненнях.

Езу, калі я сама не магу спяваць Табе гімну любові, то захапляюся спевам серафімаў — тых, што так узлюбленыя Табою. Я прагну гэтак, як яны, патанаць у Табе. Такой любові нішто не паставіць перашкоды, бо над ёю няўладная ніякая сіла. Яна падобная да бліскавіцы, якая асвячае цемру, але не застаецца ў ёй. О мой Настаўнік, Сам фармуй маю душу паводле сваёй волі і  адвечных сваіх задумаў» (Дз. 195).

«Я праслаўляю Цябе, Створца і Пане, утоены ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Я праслаўляю Цябе за ўсе справы рук Тваіх, у якіх аб’яўляецца для мяне столькі мудрасці, дабрыні і міласэрнасці. О Пане, Ты рассеяў гэтулькі прыгажосці на зямлі, і яна мне кажа пра Тваю прыгажосць, хоць і з’яўляецца толькі слабым адлюстраваннем Цябе, неспасцігальная Прыгажосць. І хоць Ты схаваўся і стаіўся, і затаіў сваю прыгажосць, мой позірк, асветлены вераю, дасягае Цябе, і мая душа спазнае свайго Створцу, сваё найвышэйшае дабро, і ўсё маё сэрца патанае ў малітве праслаўлення. Створца мой і Пане, Твая дабрыня дае мне адвагу гаварыць з Табою.

Твая міласэрнасць робіць так, што паміж намі знікае прорва, якая аддзяляе Створцу ад стварэння. Размаўляць з Табою, Пане, гэта асалода для майго сэрца; у Табе я знаходжу ўсё, чаго можа прагнуць маё сэрца. Тут Тваё святло асвячае мой розум і робіць яго здольным на ўсё больш глыбокае спасціжэнне Цябе. Тут на маё сэрца сплываюць струмені ласкаў, тут мая душа чэрпае вечнае жыццё. О Створца мой і Пане, акрамя ўсіх дароў, Ты адзін даеш мне самога сябе і цесна яднаешся са сваім мізэрным стварэннем. Тут нашыя сэрцы разумеюць адно аднаго без словаў; тут ніхто не ў стане перапыніць нашу размову. О Езу, тое, аб чым я з Табою размаўляю, — гэта наша таямніца, пра якую стварэнні не будуць ведаць і анёлы не пасмеюць спытаць. Гэта таемныя прабачэнні, пра якія ведаем толькі Езус і я, — гэта таямніца Ягонай міласэрнасці, што атуляе кожную душу паасобку. За гэту неспасцігальную Тваю дабрыню я праслаўляю Цябе, о Створца і Пане, усім сваім сэрцам і ўсёю душою. І хоць маё праслаўленне мізэрнае і малое, аднак я спакойная, бо ведаю, што Ты разумееш, што яно шчырае, хоць і няўмелае…» (Дз. 1692).



Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

 
© 2003-2024 Catholic.by