Пра маёвыя набажэнствы: гісторыя традыцыі | Друк |
Усяго патроху
05.05.2017 11:13

З надыходам мая католікі Беларусі збіраюцца на маёвыя набажэнствы. Прычым не толькі ў касцёлах, але і каля прыдарожных крыжоў і каплічак, у сваіх дамах. Такі актыўны ўдзел у набажэнствах сведчыць пра вялікую марыйную пабожнасць нашага народа.

Праўдападобна, што на развіццё марыйнай пабожнасці ўплыў аказалі традыцыі, якія прыйшлі з Усходу, дзе ўжо ў V стагоддзі вернікі збіраліся і спявалі песні ў гонар Багародзіцы.

Папулярызацыя

Прыхільнікам такой формы малітвы быў святы Кірыл Александрыйскі. Акафіст — марыйны гімн усходніх хрысціянаў — стаў узорам для літаній, у тым ліку для Ларэтанскай літаніі. У першым тысячагоддзі некаторыя мясцовыя хрысціянскія супольнасці на Захадзе пачалі прысвячаць цэлы месяц адмысловаму ўшанаванню Панны Марыі, але не заўсёды гэта быў май.

На мяжы XIII і XIV стагоддзяў у заходняй хрысціянскай традыцыі май пачынаюць лічыць месяцам, прысвечаным Панне Марыі. Паспрыяў гэтаму іспанскі кароль Альфонс Х (+1284), які заахвочваў сваіх падданых майскімі вечарамі збірацца каля фігураў Багародзіцы на малітву.

Да пашырэння папулярнасці маёвых набажэнстваў вельмі спрычыніўся італьянскі езуіт а. Альфонс Муцарэлі, які ў 1787 годзе выдаў брашуру, у якой папулярызаваў гэты культ Багародзіцы.

Вытокі Ларэтанскай літаніі

У 1814 годзе папа Пій VII устанавіў звязаны з набажэнствам спецыяльны адпуст, а ў 1859 годзе чарговы біскуп Рыма Пій ІХ — прызнаў канчатковую форму гэтай малітвы, якая звычайна складаецца з Ларэтанскай Літаніі, навукі святара і благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам. На нашых землях традыцыя маёвых набажэнстваў узнікла ў ХІХ стагоддзі.

«Сэрцам» маёвага набажэнства з’яўляецца Ларэтанская літанія — адна з найпрыгажэйшых малітваў ушанавання Найсвяцейшай Панны Марыі.

У літаніі Касцёл праслаўляе тыя цноты і ласкі, якімі Бог адарыў Маці Божага сына. Гэта малітва, верагодна, узнікла ў ХІІ ст., хутчэй за ўсё, у Францыі, і была афіцыйна зацверджаная папам Сікстам V. Назва «Ларэтанская» паходзіць ад італьянскага мястэчка Ларэта, дзе знаходзіцца адна з найвялікшых марыйных святыняў — домік з Назарэта, у якім Марыі з’явіўся Анёл Габрыэль. Менавіта там літанія набыла вельмі вялікую папулярнасць у вернікаў.

Маёвыя набажэнствы — гэта праяўленне народнай пабожнасці. Літургія і пабожнасць з’яўляюцца абавязковымі часткамі духоўнага жыцця чалавека. Гэтыя часткі цесна звязаныя паміж сабою. Літургія мае ў народнай пабожнасці сваё дапаўненне, з’яўляючыся адначасова крыніцай і ўзорам для ўласнай пабожнасці.

Святы папа Ян Павел ІІ навучаў, што «нельга пагарджаць гэтай народнай пабожнасцю або ставіцца да яе абыякава, бо яна, багатая рознымі вартасцямі, ужо сама па сабе ўвасабляе рэлігійную скіраванасць на Бога». Набажэнствы, ініцыяваныя вернікамі, і «іншыя формы пабожнасці з’яўляюцца пажаданымі і вартымі рэкамендацыі пры ўмове, што яны не будуць замяняцца і не будуць спалучацца з літургічнымі набажэнствамі».

Пра значэнне маёвых набажэнстваў разважаў папа Павел VI у энцыкліцы «Mense Maio»:

«Гэтая пабожная практыка, звязаная з месяцам маем, з’яўляецца для Нас вельмі прыемнай і напаўняе Нас суцяшэннем, таму што ўшанаванне Марыі прыносіць хрысціянскаму народу шчодры плён. Марыя — гэта дарога, якая вядзе да Хрыста, а ўсе сустрэчы з Марыяй, безумоўна, з’яўляюцца сустрэчай з Хрыстом. Чаго ж шукаем мы, калі пастаянна звяртаемся да Марыі? Толькі Хрыста, які спачывае на Яе руках, гэта значыць шукаем Яго ў Ёй, праз Яе і з Ёю. Да Хрыста, свайго Збаўцы, павінны звяртацца людзі падчас збянтэжанасці і небяспекі гэтага свету, тым больш, што патрэба іх душаў скіроўвае іх да Езуса як да гавані і крыніцы звышнатуральнага жыцця».

Таму ў марыйным месяцы з большай адданасцю і даверам павінны ўзносіцца просьбы да Багародзіцы, каб выпрасіць у Яе ласкі і дары, бо Бог прызначыў Найсвяцейшую Панну Марыю шчодраю распарадчыцаю сваіх дароў.

Аднак мы павінны памятаць, што ў нашых адносінах да Найсвяцейшай Панны недастаткова толькі розных набажэнстваў: Марыя таксама павінна быць для нас прыкладам добрага жыцця, згоднага з Божай воляй.

Таму Другі Ватыканскі Сабор навучае, што «сапраўдная пабожнасць грунтуецца не на марным і часовым пачуцці ці на нейкай дарэмнай легкавернасці, але паходзіць з праўдзівай веры, якая вядзе нас да прызнання выключнасці Багародзіцы і пабуджае нас па-сыноўску любіць нашу Маці і наследаваць Яе цноты».

Верыць Найсвяцейшай Маці не было так лёгка, як магло б здавацца. Усё Яе жыццё на зямлі прайшло сярод розных цяжкасцяў.  Кожны дзень мая мы можам скіроўваць свой позірк на Багародзіцу, якая перажывала цяжкасці, боль і цярпенні, згодна з прадказаннем прарока Сімяона, што Яе душу праб’е меч. Які ж вялікі боль Марыі, выкліканы чалавечымі нязгодамі, вандроўкай з Назарэта да Бэтлеема, нежаданнем прыняць цяжарную жанчыну ў дом, прагай Ірада забіць Дзіця, арыштам і мукамі Сына…

Нягледзячы на гэта, Яна з’яўляецца для нас прыкладам асобы, якая, узмоцненая Божай ласкай, перамагала зло дабром.

Можна задаць пытанне, чаму Божая Маці, выбраная Богам і Яго пакорная слуга, столькі выцерпела?

Працяг чытайце на ave-maria.by

Ксёндз Кірыл Бардонаў

 
© 2003-2024 Catholic.by