Мой касцёл, або Займіце мне месца ў першым радзе | Друк |
Усяго патроху
21.06.2017 15:12

Пройдзе не так шмат часу, і я знайду сваю лавачку пасярэдзіне. Яшчэ крыху — і буду амаль спераду. Цікава, якія песні будуць спяваць у Чырвоным касцёле ў той час? Касцёлу святога Аляксея ў Івянцы прысвячаецца.

Амаль у кожнага верніка-католіка ёсць свой касцёл-месца, дзе праходзіла яго сталенне, дзе ўсё знаёмае, добра вядомае на дотык, абгледжанае і пералічанае яшчэ ў дзяцінстве, дзе, магчыма, яго хрысцілі або куды ён прынёс сваё першае «не слухаў бацькоў,  падманваў, дрэнна рабіў урокі».

У такім касцёле памятаеш, як скрыпяць дзверы, калі спазняешся на Імшу (як жа па-здрадніцку яны скрыпяць!), і ведаеш нават, хто адвернецца, каб дакорліва паглядзець назад.

Ёсць такі касцёл і ў мяне. Але гэты артыкул не пра яго, дакладней, не толькі пра яго. Мае дзіцячыя ўспаміны, яскравыя моманты жыцця і нязначныя, на першы погляд, эпізоды перапляліся ў гэтым тэксце з сённяшнімі назіраннямі, рознымі дробязямі, прыкмечанымі мною ў розных касцёлах, а таксама з разважаннямі яшчэ на адну тэму. На якую? Пра гэта вы і самі здагадаецеся, спадзяюся. Ну што ж, пачнём?

Мой касцёл бачны з акна кватэры маіх бацькоў. Сціплы і велічны адначасова, гэты «помнік архітэктуры неагатычнага стылю, пабудаваны з чырвонай цэглы», называюць у нас Чырвоным касцёлам. Яму крыху больш за 100 гадоў, не зусім малады, але і не такі старадаўні, як многія іншыя, касцёл «у росквіце сіл», я сказала б. Знаходзіцца ён на старых каталіцкіх могілках, паблізу раней быў вакзал, і гэта першая выдатная мясціна, якая сустракае гасцей і жыхароў пасёлка па дарозе «з Мінска».
(...)

Жанчыны, якія займаюць першыя лаўкі, заслугоўваюць асобнага месца ў гэтым артыкуле. Я ведаю іх у твар. Ніколі не ўдавалася мне заўважыць, як яны прыходзяць на Імшу і займаюць свае першыя месцы, і як выходзяць з касцёла. Я прыходжу — яны ўжо тут, спяваюць або моляцца на ружанцы. Я выходжу, а яны — яшчэ не. Яны не спяшаюцца нікуды. І выходзяць на Імшу, можа, на гадзіну раней, хоць і жывуць побач. Зусім побач.

Яны падобныя адна да адной, асабліва са спіны. Хусцінкі, стракатыя блузкі, купленыя спецыяльна, каб хадзіць «да касцёла». І сумачкі амаль аднолькавыя — невялікія, якраз для акуляраў, малітоўніка і старэнькага Nokia, які застаўся ад унука. Абавязкова з флікерам, часта выразаным самастойна з кавалка святловяртальнай паперы і прыклееным проста на сумачку, «каб не згубіўся».

У маім касцёле я дзесьці ззаду. Магу быць з дзецьмі. Мне можа спатрэбіцца выйсці, калі завібруе тэлефон: бабуля не зладзіла з маленькай, і тая ніяк не супакойваецца. Я не магу прыйсці на Імшу значна раней і затрымацца ў касцёле даўжэй, бо ў адной дачкі тэмпература, а другая не хоча есці тое, што прыгатаваў тата.... Але гэта адступленне, вернемся да тэмы.

(...) Калі я рыхтавала гэты матэрыял, праглядала шмат інтэрнэт-крыніц пра касцёл св. Аляксея ў Івянцы. Усе як адна паведамілі мне пра пяцігранную апсіду, стылізаваныя контрфорсы і стрэльчатыя вокны.

І ніводная з іх не расказала, як праз гэтыя «стрэльчатыя вокны» пранікае ў касцёл сонейка і падсвятляе сваімі промнямі нашы твары, пакрывае пазалотай плечы, рукі, адзенне.

Ні адзін сайт не распавёў мне, як цягне холадам з вуліцы, калі стаіш ззаду і хтосьці няшчыльна зачыніў дзверы. Нідзе не прачытала я, як ачышчальна і па-святочнаму гучаў патройны стук з таго боку канфесіянала, калі там спавядаў айцец Гжэгаж. І не магла прачытаць.
Касцёл не дзеліцца сакрэтамі з выпадковымі людзьмі, з турыстамі, наведвальнікамі «за кампанію» і «пафатаграфаваць». А мой касцёл асабліва.

(...)

Працяг аповеда Аксаны Нядвецкай чытайце ў газеце «Каталіцкі веснік»

 
© 2003-2024 Catholic.by