Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Добрая старасць
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
14.08.2011 04:08

«Не адкідай мяне ў старасці, не пакідай мяне, калі мае сілы аслабнуць» (Пс 70,9)

Старасць — гэта апошні, завяршальны адрэзак жыццёвага шляху чалавека. Якія пачуцці выклікае ў нас слова «старасць»? Асабіста ў мяне — самыя супярэчлівыя… З аднаго боку яна асацыіруецца з укладзенымі снапамі спелай пшаніцы, з рэалізаванасцю, з мудрасцю і багатым жыццёвым вопытам, сімвалам і вянцом якой з’яўляецца сівізна — адзінае ўпрыгожванне чалавека.

А з іншага боку старасць асацыіруецца ў мяне з адплатай. З часам, калі трэба збіраць ураджай і аддаваць  — расплачвацца па рахунках, часам з працэнтамі. Каму? А таму, каму мы завінавацілі…

Як дапамагчы чалавеку прыняць старасць і прымірыцца з ёю? У Святым Пісанні напісана пра старасць, у прыватнасці, Богам натхнёны аўтар кажа пра Абрагама: «памёр Абрагам, і памёр у добрай старасці, састарэлы і насычаны (жыццём), прылажыўся да народа свайго» (пар. Быц 25,8).

Якая яна — добрая старасць? Якое месца займаюць у нашым грамадстве людзі састарэлага ўзросту? Як часта мы сустракаем састарэлых людзей, для якіх сівізна — гэта вянец і натуральнае ўпрыгожванне? Імкнёмся выглядаць больш маладзейшымі і больш шчаслівымі? Канечне, не. У старасці наша жыццё пачынае прыносіць плёны. Усе нашыя рашэнні, увесь наш выбар, словы і дзеянні пачынаюць даваць свае плёны. Сеем у цела — пажынаем тленнае… Часам мы не гатовы да такога зыходу падзей. І чаго насамрэч мы баімся? Чаго мы саромеемся? Сівізны ці ценяў мінулага?

Добрая старасць у чалавека, які насыціўся жыццём… Як мы разумеем славазлучэнне «насычаны жыццём»? Насычаны не матэрыяльнымі дарамі і задавальненнем, а жыццём — гэта рэалізаваны чалавек.

Задавальненне немагчыма насыціць, з часам яно забірае нашую свабоду і робіць нас залежнымі. Задавальненне пераходзіць у залежнасць, і тады мы прыносім у ахвяру нашае жыццё і жыццё блізкіх і родных на хвалу ідала задавальнення.

Тое самае і з матэрыяльнымі багаццямі. Яны не здольныя напоўніць нашыя сэрцы і даць нам пачуццё насычанасці жыццём. Багацце — гэта магчымасці, але не сэнс і не мэта. Пра гэта ўжо шмат сказана і напісана… І што з таго? Пакуль мы сэрцам не паверым і не прымем ісціны і не будзем ёю жыць, яна будзе для нас далёкай і халоднай мігатлівай зоркай, якая ў крызісныя дні будзе з’яўляцца не небасхіле нашага жыцця. Мы так і не адчуем яе цеплыню і не адчуем яе збаўчую моц.

Дарэчы, што такое поспех? Каб было магчыма задацьгэтае пытанне Напалеону, Сталіну, Мерлін Манро, састарэламу Полу Макартні і многім іншым «зоркам» без грыму і пластычных падцяжак, калі яны адны і не знаходзяцца пад уздзеяннем наркотыку папулярнасці і ідэі фікс.

Час няўмольны, і ён ставіць чалавека на сваё месца. Вернецца прах у зямлю, чым ён і быў; а дух вернецца да Бога, Які даў яго. Не хацелася б, каб старасць стала для нас часам збірання камянёў… Часам вяртання бумерангаў… Часам, калі эўтаназія становіцца адзіным выйсцем — тупіком для многіх сатарэлых людзей. Якая яна — добрая старасць?

«Справядлівы заквітнее, як пальма, вырасце, быццам кедр на Лібане. Пасаджаныя ў доме Пана, яны заквітнеюць на дзядзінцах нашага Бога. Нават у старасці яны будуць пладавітыя, сакавітыя і свежыя, каб абвяшчаць, што справядлівы Пан, цвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды» (Пс 91, 13–16).

Для Абрагама Пан Бог быў цвярдыняй і скалой, на якой ён будаваў усё сваё жыццё. Нават тады, калі ён паднёс руку з нажом на свайго адзінага, доўгачаканага сына, Абрагам быў упэўнены ў тым, што Бог, якому ён верыць, ніколі не памыляецца і не ўводзіць нікога ў памылковы погляд. Ён верыў, што ў Богу няма няпраўды, і таму і ў старасці быў плодным, сакавітым і «свежым».

У дзяцінстве я часта чытала казкі, у якіх героі шукалі крыніцу з жывой вадой ці цудоўныя плады, што вярталі жыццё і маладосць. Абрагам знайшоў крыніцу «жывой вады» ў Богу. «Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой» (Ян 7,38).

«Паслухай мяне, дом Якава і ўвесь астатак дому Ізраіля, каго я прыняў ад улоння і з чэрава маці: і да старасці вашай Я той жа буду; і да сівзны вашай Я ўжо буду насіць вас; Я стварыў і буду насіць, падтрымліваць і ахоўваць вас (пар. Іс 46,3–4).

Гэты запавет дае нам Пан Бог. Ці мы Яму верым? Да нашай сівізны Ён будзе нашым Богам і будзе насіць, падтрымліваць і ахоўваць нас?

Ад чаго хоча нас захаваць Бог у старасці? Ад неразумнасці, каб аслабнуўшы, нашае сэрца не адвярнулася ад сапраўднага Бога. Нярэдка састарэлых людзей турбуюць маладушша і незадаволенасць; яны ўжо не могуць ясна адрозніць дабро ад зла, губляюць здольнасць прымаць рашэнне і дзейнічаць. Яны патрабуюць пастаяннай падтрымкі, суперажывання і апекі блізкіх ім людзей. Састарэлыя людзі маюць патрэбу не ў чужых, не ў прафесійным доглядзе, а ў сваіх, родных і блізкіх. Неабходна дапамагчы сатарэлым людзям не столькі смірыцца са старасцю, колькі прыняць яе, знайсці ў ёй дабро, каб яна стала добрай. Якое дабро? Якія каштоўнасці — такое і дабро.

Гадоў пятнаццаць таму я ўбачыла п'яную састарэлую жанчыну, а боль і хваляванне не пакідаюць мяне дагэтуль. Калі жанчына, стоячы на парозе вечнасці, яшчэ не ведае, як трэба жыць і спраўляцца з цяжкасцямі і праблемамі, чаму ж яна навучыла сваіх дзяцей, чаму ж ад яе навучацца ўнукі?

Нядаўна ў мяне адбылася цікавая размова. Жанчына гадоў 35 скардзілася на тое, што ў яе няма часу схадзіць у касцёл; вось калі яна састарыцца, тады, маўляў, будзе часцей наведваць касцёл. Гэта — чарговая ілюзія. Адзін састарэлы святар казаў мне: «маліся тады, калі ў цябе няма часу, таму што, калі ён у цябе з’явіцца, тады знікне жаданне маліцца». Божы парадокс, калі няма часу, ёсць жаданне, а калі з’яўляецца час, знікае жаданне маліцца…

Старасць ахутана тайнай… Куды знікаюць былая прыгажосць, моц і слава чалавека? Яны, як асеннія лісты, знікаюць у бездань. Застаюцца слабасць, нямогласць, пачуццё безабароннасці, а яшчэ каштоўнасці, якімі мы жылі. Якая старасць нас чакае? Ці будзе яна для нас благаслаўлёная ці стане пракляццем? Адказ просты: якія нашыя каштоўнасці — такая і старасць.

… І тады мы, што дажылі да састарэлага ўзросту, у добрай старасці, састарэлыя і насычаныя жыццём, са спакоем адыдзем да Стварыцеля, Які падараваў нам жыццё і Які сам з’яўляецца жыццём.

С. Нунэ Цітаян MSF


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.