Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітва — гэта слова, якое становіцца жыццём
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
29.08.2011 10:42

Дух дапамагае ў слабасцях нашых. Калі мы не ведаем, як і аб чым трэба маліцца, Святое Пісанне падказвае: «Сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай» (пар. Рым 8,26–27).

Кожная сустрэча з чалавекам, які шукае Бога, завяршаецца пытаннем: «Сястра! А як правільна маліцца?» Дзясяткі веруючых жаліліся мне на тое, што малітва выклікае ў іх толькі нуду і расчараванне, а ў лепшым выпадку — пачуццё выкананага абавязку, асадак у выглядзе фарысейскай закваскі «я ў парадку», але ніякіх сапраўдных плёнаў малітвы. Бо малітва дае пачуццё глыбога ўнутранага суцяшэння, перажывання духоўнай паўнаты, адчування блізкасці і яднання з Богам. Насамрэч маліцца дастаткова проста. Малітва звязана, у першую чаргу, з усведамленнем пастаяннага прабывання ў прысутнасці Бога. Гэта, можна сказаць, фундаментальны першы крок у малітве. І тады нават нашая здольнасць дыхаць можа стаць для нас крыніцай малітвы… Толькі так трэба ўсведамляць гэта…

Думаю, што існуе столькі спосабаў і метадаў малітвы, колькі людзей на свеце. Малітва кожнага чалавека, як і яго жыццё і асоба, арыгінальныя і непаўторныя. Як маліўся Езус? Гэтую таямніцу верна захоўваюць пустынныя месцы і горныя вяршыні, куды Ён накіроўваўся і адасабляўся ў малітве.  

Езус цудоўна ведаў псальмы. І яшчэ вядома, што Ён маліўся за тых, каго любіў: «Сымоне! … Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера» (пар. Лк 22, 31–32) — і за сваіх катаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (пар. Лк 23, 34).

Езус разам з Айцом здзяйсняў цуды і знакі, каб людзі паверылі і збавіліся. У малітве чалавек вылівае ў літаральным сэнсе гэтага слова змесціва свайго сэрца перад Богам, якога ён лічыць сваім Айцом і Збаўцам. Пан дапамагае нам разабрацца ў сабе і зразумець навакольны свет. Без малітвы няма свету, няма аб’ектыўнай ісціны. Без малітвы мы ніколі не пазнаем ісціну, а калі не пазнаем ісціну, то ніколі  не будзем свабоднымі.

Падчас катэхезацыі з групай чацвёракласнікаў мы аналізавалі тэму — цуд аздараўлення аслаблага, калі чацвёра сяброў прынеслі да Езуса Хрыста паралізаванага. І не толькі прынеслі, але з-за вялікай колькасці людзей разабралі дах і на вяроўках спусцілі яго да Езуса, папрасіўшы аздаравіць.

З дзецьмі мы паставілі гэты эксперымент: на прасціне ляжала дзіця, якога яны неслі, пасля пераносілі праз высокую перашкоду і беражліва апускалі да ног Езуса. Колькі намаганняў, трапятання, хвалявання, азарту і адказнасці за жыццё нашага супольнага сябра! Дзецям вельмі спадабалася гэтая пастаноўка, пасля мы з імі перайшлі да больш сур’ёзнай праблемы.

Бо параліч бывае не толькі фізічны, але і духоўны. Мноства людзей жывуць, як духоўна паралізаваныя, іх хвароба — гэта грэх, адсутнасць Бога ў іх жыцці. Грэх, страх, зло — усё гэта паралізуе, скоўвае чалавека, у літаральным сэнсе чалавек дранцвее, яго сэрца камянее ў эгаізме і болю.

Самае цікавае, што ў яго няма нават кантакту з сабой: як фізічна паралізаваны не адчувае свайго цела, так паралізаваны духоўна не разумее ні сябе, ні іншых. І вось знаходзяцца чацвёра вельмі цікавых людзей, нераўнадушных, якія спачуваюць няшчасцю бліжняга. Яны ведаюць, што могуць зрабіць для яго, — аднесці да Езуса, які напэўна дапаможа.

Дзеці наперабой пачалі мне расказваць пра сваіх паралізаваных сяброў і знаёмых. «Сястра! У мяне дзядуля п’е і б’ецца, ён даўно не быў у касцёле». «У маёй сястрычкі Машы дзіцячы цэрэбральны параліч, я прынясу яе да Езуса і папрашу, каб яна загаварыла». «А мой тата  не верыць у Бога». «Мае бацькі пастаянна сварацца і хочуць разысціся…»

Дзеці зразумелі сутнасць. Нашая малітва — гэта прасціна, на якой мы нясём днямі, а можа быць, гадамі людзей, якія самі не змогуць, элементарна не змогуць прыйсці да Пана, таму што скаваныя, таму што апантаныя злом…

Слухаючы гісторыі дзяцей, разумееш, як мы, людзі, імкнёмся вырашаць нашыя праблемы «па-свойму»: падмануць, украсці, разысціся, ліслівіць, ігнараваць, ненавідзець, забіваць. Нашыя рашэнні смертаносныя. Я рада, што дзеці разумеюць, што рашаць «па-свойму» праблему не трэба, ёсць Хтосьці, хто ведае, як трэба, як правільна.

Калі я пісала гэтыя радкі, мне ў галаву прыйшла думка: нашае сучаснае грамадства можа быць у духу «цывілізаванай гуманнасці» ўсыпіла б безнадзейна паралізаванага чалавека, лічучы, што зрабіла б для яго ўсё магчымае. Так, эўтаназія — страшная з’ява, якая адлюстроўвае смертаносны, механічны спосаб мыслення чалавека. Прасцей пазбавіць жыцця, адвярнуцца, ігнараваць ці спачуваць хворым на СНІД дзецям у далёкай Афрыцы, якіх ніколі не бачыў і спадзяешся, што ніколі не ўбачыш, чым рэальна дапамагчы бліжняму перайсці ад смерці да жыцця. Малітва здольная даць жыццё, здольная абудзіць наша дрымотнае мысленне.

І яшчэ дзеці заўважылі, што чым больш людзей нясе прасціну, г.зн. моліцца, тым больш плённая нашая малітва. Згадзіцеся, многаму могуць навучыць нас дзеці…

«Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць Вам (…). Прасіце і атрымаеце, каб радасць вашая была поўнай» (пар. Ян 16, 23–24).

Многія людзі пытаюцца: чаму мы павінны прасіць аб чымсьці Бога, калі Ён і так ведае, што мы гэтага патрабуем? У малітвы ёсць сваё таямнічае правіла — Бог па сваёй волі невядомым нам чынам уклаў сваю ўладу ў рукі людзей, якія моляцца за іншых. Толькі за межамі нашага тленнага свету нам будзе дадзена ў поўнай меры зразумець, што па сутнасці лёсы людзей і народаў вершацца не кіраўнікамі, а невядомымі людзьмі, якія ўзносяць свае ціхія і пакорныя малітвы Богу. У малітве заключана вялізная моц. Аднойчы адчуўшы гэтую моц, мы ніколі не перастанем маліцца.

Айцец П’ер Тэяр дэ Шардэн SJ у кнізе «Боская атмасфера» распавядае пра адну законніцу. Калі кволая жанчына малілася ў капліцы, здавалася, перабудоўваліся ўсе сілы Сусвету, здавалася, капліцу пранізвала вось свету. Апостал Якуб казаў: «Шмат можа шчырая малітва справядлівага» (пар. Як 5, 16). Толькі малітва здольная сваёй моцай змяніць свет і сэрцы людзей. Молячыся за іншых, мы самі становімся багацейшымі.

Калі б мне трэба было назваць маю самую любімую малітву, якая паказала мне Айца, навучыла цаніць кожную хвіліну свайго жыцця, даражыць і прымаць бліжніх такімі, якія яны ёсць, уваходзіць адважна з даверам у новы дзень, знайсці шлях ісціны і пакоры і верна наследаваць яго, — я з упэўненасцю назвала б малітву падзякі. Малітва падзякі заснавана на веры ў тое, што ў нашым жыцці нічога не адбываецца без Божага Провіду ці наслання, і ўсведамленне гэтай праўды нясе ў сабе радасць і шчасце.

У канцы пражытага дня з пачуццём ўдзячнасці я ўзгадваю ўвесь дзень і прысвячаю яго Таму, хто мне яго падарыў. Самае каштоўнае для мяне тое, што, дзякуючы гэтай малітве, я бачу дзеянне нябачнай, далікатнай ласкі Божай. Яна праяўляецца ў выглядзе моцы, якая дапамагае мне выконваць тыя заданні, што прыносіць мне новы дзень. Яна праяўляецца ў выглядзе дабрыні, спачування, любові і павагі, якія становяцца маёй доляй. Божая ласка праяўляецца ў выглядзе мужнасці супрацьстаяць злу. Яна вучыць мяне мудрасці і стварае з майго цела святыню Духа Святога. Яна дае мне жыццё.

Падчас малітвы падзякі я выказваю свой боль, пачуццё безвыходнасці, страх, усе негатыўныя пачуцці, якія я перажыла на працягу пражытага дня; але гэтыя выражаныя, усвядомленныя і прынятыя пачуцці перад абліччам Бога набываюць іншы сэнс. Нельга падаўляць свае негатыўныя пачуцці, бо Пан ведае, што адбываецца ў нашым сэрцы, і толькі найбольшая шчырасць і давер здольныя ачысціць нашыя душы і наблізіць нас да Бога.

С. Нунэ Цітаян MSF
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.