Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Я не паміраю, я ўступаю ў жыццё» (Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус)
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
16.10.2011 12:13

Паспрабуем у думках выйсці за межы мінаючага свету, нявольнікамі якога з’яўляемся, і ў якойсьці ступені зразумець, што вечнасць складаецца не з пастаяннага шэрагу каляндарных дзён…

Будучы дзіцём, кардынал Суэнес адважыўся спытаць у сваёй маці, што такое смерць. Яна адкрыла Евангелле паводле Яна і прачытала: «Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх» (Ян 13, 1). «Ісці да Айца, любіць дарэшты — вось што значыць памерці», — адказала яна яму. Больш пытанняў ён не задаваў. Пройдуць гады, і каля ўваходу ў катэдральны сабор чалавек адважыцца задаць пытанне яму: «Ці трэба баяцца памерці?» І ўжо ён адкажа: «Не, бо ўсе мы на шляху ў дом Айца. Ён чакае нас там… Гэта будзе цудоўная сустрэча, чакайце яе з радасцю!»

Думкі аб смерці кідаюць выклік кожнаму з нас. Смерць увайшла ў свет з-за граху чалавека, і яна супярэчыць задуме Бога-Стварыцеля. Бог з’яўляецца Жыццём і крыніцай усяго існага, Пан хоча, каб мы мелі жыццё і мелі яго ў дастатку. Задайце сабе, смяротнаму чалавеку, пытанне: «Што значыць мець жыццё ў дастатку?» Толькі не трэба шукаць хуткіх і гатовых, «правільных» адказаў, якія больш прытупляюць нашу свядомасць, чым адкрываюць новыя прасторы. Дазвольце гэтаму пытанню памучыць вас, няхай адказ прыйдзе да вас сам, як павеў Духа. Адказнасць за паміранне мы хочам ускласці на Бога, але Святое Пісанне вучыць нас: «Бог стварыў чалавека для несмяротнасці, учыніў яго вобразам сваёй вечнасці. Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць, і зазнаюць яе тыя, хто мае з ім удзел» (Мдр 2, 23–24). Уладу над смерцю мае д’ябал, і таму Хрыстус сваёю смерцю пазбавіў моцы таго, хто мае валадарства смерці, каб збавіць нас, якія з-за страху смерці праз усё жыццё прабывалі ў рабстве. Страх смерці занявольвае нас, уводзіць нас у рабства пароку і граху. Ён фатальна ўплывае на наша жыццё сёння, на наш паўсядзённы выбар. Мы кажам сабе, апраўдваючы саміх сябе: «Будзем есці, піць і весяліцца, будзем браць ад жыцця ўсё, бо мы жывём толькі раз». У мяне складаецца ўражанне, што часам людзі ставяцца да жыцця, як да банка. Іх жыццё — гэта пастаянныя спробы абрабавання банка, хаця яны на самой справе з’яўляюцца яго паўнапраўнымі саўладальнікамі. Яны крадуць тое, што ім прыналежыць па праву. Замест таго, каб валодаць і прымнажаць, яны захопліваюць шляхам знішчэння. Дзе адпраўны пункт нашага жыцця?.. І дзе яго апошні прыстанак?..

Смерць з’яўляецца ворагам чалавека, пакараннем за грэх, аднак для св. Францішка Асізскага яна стала сястрой. Чаму Смерць — сястра? Таму што смерць пераўтворана Езусам Хрыстом. Ён Смерцю перамог смерць. Хрыстус прыняў яе ў поўнай і свабоднай паслухмянасці волі свайго Айца. Паслухмянасць Езуса пераўтварыла пракляцце смерці ў благаслаўленне… «Бо ў верных Тваіх, Пане, жыццё пераўтвараецца, але не адбіраецца, і калі разбураецца яго зямное жытло, яно знаходзіць на нябёсах прыстанак вечны» (З Прэфацыі спачылых). Калі для нас жыццё — Хрыстус, то смерць становіцца набыткам (пар Флп 1, 21). Ці можа быць для няверуючага чалавека смерць набыткам? А для нас, веруючых людзей, ці з’яўляецца смерць набыткам? Калі ў адказ гучыць «не» — самы час для нас задумацца аб нашай веры.

Я знаходжуся пад уражаннем тэксту, напісанага рукой выбітнага багаслова а. Аўгуста Валенсіса, які пажадаў выказаць сваю веру перад тварам смерці, і гэты запіс быў прачытаны перад яго адкрытай магілай як выраз яго непахіснай надзеі:

«Пачуццё, якое я хацеў бы адчуваць у гэтую хвіліну (і я адчуваю яго на самой справе), гэта ўпэўненасць, што я набуду Любоў. Бо немагчыма, каб Бог мяне падмануў (ды і само гэтае меркаванне жудаснае!). Я падыду да Яго і скажу: „Мне няма чым хваліцца, акрамя веры ў Тваю міласэрнасць“. У гэтым уся мая мужнасць, уся мая моц, мая адзіная цвярдыня! Але калі ўсё гэта знікне, калі вера ў Любоў пакіне мяне, тады канец усяму, таму што, як я думаю, ува мне няма нічога каштоўнага для вечнасці. І калі шчасце даступнае нам перш, чым мы можам атрымаць ад яго асалоду, то яно нічога не вартае.

Але чым больш я жыву, тым больш упэўніваюся, што я правы, уяўляючы Айца як бясконцую Ласку. Няхай настаўнікі духоўнага жыцця кажуць што хочуць, няхай яны кажуць аб справядлівасці, аб строгасці, аб страху — мой Суддзя кожны дзень узнімаецца на вежу і ўглядаецца ў гарызонт, ці не вяртаецца да Яго марнатраўны сын. Хто ж не захоча, каб яго судзіў такі Суддзя? Апостал Якуб напісаў: хто мае страх, той яшчэ недасканалы ў любові. Я не палохаюся Бога, але не столькі таму, што я люблю Яго, колькі таму, што я ведаю, што Ён любіць мяне.

У мяне няма патрэбы пытацца, чаму мой Айцец любіць мяне або што Ён ува мне любіць. У любым выпадку я быў бы моцна прысаромлены, калі б мне прыйшлося адказваць на гэтае пытанне. Больш за тое, я не змог бы на яго адказаць (…).

Дзякую Табе, Ойча, за любоў да мяне! І я не буду крычаць, што не варты. Так або інакш, любіць мяне такім, які я ёсць, — варта Цябе, варта чыстай Любові, варта Тваёй бескарыслівай Любові. Сама думка аб гэтым захапляе мяне! І ў той жа час яна вызваляе мяне ад згрызотаў сумлення, ад ілжывай пакоры, якая пазбаўляе ўпэўненасці, і ад духоўнай роспачы».

Як мы жывём, так і паміраем. Будучыня за парогам смерці — не проста нейкі працяг будучыні ў часе, гэта, перш за ўсё, ключ да сапраўднасці. Яна прымушае мяне зрабіць выбар сёння, выбар, які вызначыць мой далейшы лёс.

Па тэлевізары паказвалі пахаванне караля Бадуэна. Каралева пажадала, каб пахаванне караля стала святам хвалы і надзеі, і таму апранулася ва ўсё белае. У выніку свет убачыў вышэйшую рэальнасць пасхальнай таямніцы. Калі Хрыстус уваскрос, Жыццё адкрываецца для кожнага з нас, і мы пераходзім з ночы ў святло. Смерць — не цемра надыходзячай ночы, а лямпа, якая гасне з надыходам дня. «Для ўсіх, хто верыць у Цябе, Пане, жыццё не канчаецца, а пераўтвараецца», — пяём мы ў велікодным песнапенні. Бачанне вечнасці надае каштоўнасць чалавечаму жыццю і робіць яго асэнсаваным. Жыццё для мяне — гэта рэпетыцыя, як падрыхтоўка да Жыцця ва ўсёй яго паўнаце. Па меры таго, як час уцякае, я аказваюся ў выйгрышы, але не ў часе, а ў вечнасці. Наша стаўка — вечнае жыццё. Бо я яшчэ не зусім нарадзілася… Каб прайсці праз жыццё, мне трэба ведаць, куды вядзе мяне маё зямное вандраванне, інакш я — як пясчынка ў пустыні, якую носяць вятры…

Для мяне Неба — гэта не алібі, якое людзі прыдумалі. Неба не ўкрыццё, куды можна збегчы, і не мара, якая адцягвае ад зямнога. Неба акаляе мяне паўсюль, трымаючы мяне ў сваіх абдымках. Неба — гэта Бог Айцец, які выбягае мне насустрач, не даючы прашаптаць словы пакаяння, якія я прамаўляла ў сваім сэрцы. Неба — гэта Сын Божы, які падрыхтаваў для мяне дом, у якім мы будзем жыць. Неба — гэта Святы Дух, найвышэйшы Дар, гэта ззянне хвалы і крыніца маёй святасці. Неба — гэта вечнае свята Любові і Жыцця. Дадзеныя разважанні я хацела б завяршыць словамі вядомага хрысціянскага пісьменніка Жозефа Фалье:

У канцы шляху больш няма шляху, але — мэта вандравання.
У канцы ўзыходжання больш няма ўзыходжання, але — вяршыня.
На зыходзе ночы больш няма ночы, але — світанне.
У канцы зімы больш няма зімы, але — вясна.
У канцы смерці больш няма смерці, але — жыццё.
На рубяжы адчаю больш няма адчаю, але — надзея.
У канцы гісторыі чалавецтва больш няма чалавека, але — Богачалавек…

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.