Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хто здольны чуць — няхай пачуе
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
27.10.2011 11:37

Калі Хрыстус пайшоў у пустыню перад тым, як пачаць сваё служэнне, Ён перанёс самыя моцныя спакусы (пар. Мц 4, 1–11). Аднак у кожным з выпадкаў Езус адказваў на спакусу праўдай і сілай Божага слова: «У сэрцы маім я схаваў Тваё слова, каб не зграшыць перад Табою» (Пс 118, 11). Апостал Павел называў Божае слова «мячом духоўным», якім мы павінны ваяваць з сіламі сатаны (пар. Эф 6, 17). Бог даў нам слова сваё, каб і з яго дапамогай, у тым ліку, мы маглі справіцца з самымі моцнымі спакусамі (пар. 1 Кар 10, 13).

«Ізраільцяне, вярнуўшыся з вавілонскага палону, пачалі адбудоўваць брамы пры доме Божым, гарадскія сцены Ерузалема і ўласна дамы, у якіх яны пражывалі. Наладжвалася нармальнае жыццё. Калі наступіў сёмы месяц, сабраўся ўвесь народ як адзін чалавек „на плошчы, што перад Воднай брамай, і сказалі кніжніку Эздру, каб ён прынёс кнігу Майсеевага Закону, які наказаў Пан Ізраэлю“. І разгарнуў Эздра кнігу перад вачыма ўсяго народа, а стаяў ён вышэй за народ. І, калі разгарнуў яе, увесь народ устаў. Благаславіў Эздра Вялікага Пана Бога, а ўвесь народ адказаў: Амэн, амэн, — падымаючы рукі свае. І кланяліся, і падалі на калені, тварам на зямлю, перад Панам» (пар. Нм 8, 1–6).

Гэты фрагмент з жыцця абранага народа паказвае нам голад Божага слова, які адчувае чалавек, а асабліва чалавек, якога доўгі час насільна прымушалі жыць у чужым для яго асяроддзі. Пагарджалі яго годнасцю, каштоўнасцямі і традыцыяй. Ізраільцяне прайгралі ў вайне, і таму ўсё, што было звязана з імі, не мела права на існаванне. Вярнуўшыся з палону, яны адбудоўвалі свае дамы і знешні свет, які атачаў іх, але свет уласны, унутраны самі яны адбудаваць не маглі. Для гэтага ім неабходна было Жывое Слова, святое, нязменнае, здольнае ўдыхнуць жыццё, напоўніць сілай і сэнсам. Голад Божага слова — гэта пошук сябе і сваёй сутнасці. Толькі Пан Бог здольны вярнуць да жыцця, адбудаваць руіны чалавечай годнасці, залячыць унутраныя раны і даць надзею.

У жыцці кожнага чалавека наступае адказны момант, калі ён дакладна ўсведамляе, што шлях, якім ён ідзе, вядзе яго ў нікуды. Трэба часам кардынальна змяніць напрамак, але звычайна чалавек чакае, думаючы, што яшчэ не наступіў падыходзячы момант, не прыйшоў час. Можа, абыдзецца! Пакуль чалавек будзе чакаць гэтага часу, ён можа згубіць усё. Гэта ўсведамлялі ізраільцяне, жыццё ў палоне іх многаму навучыла. Чаму чалавеку трэба губляць, каб ён змог аб’ектыўна ацаніць тое, чым ён валодаў? Згадзіцеся, вельмі дзіўны спосаб пазнання.

У сучасным свеце няма недахопу словаў. Мы часта чуем праславуты выраз: хто валодае інфармацыяй, той правіць светам. Якой інфармацыяй мы валодаем? Якім светам мы правім? Якія словы мы часцей за ўсё чуем? Да якіх словаў мы часцей за ўсё прыслухоўваемся? Хто фарміруе наш спосаб мыслення і бачання свету? Хто нашы настаўнікі? Малады цар Саламон прасіў у Пана: «Я малады і недасведчаны, каб валадарыць… Таму дай слузе Твайму сэрца, якое будзе разумець, як кіраваць народам, як адрозніваць дабро і зло» (2 Вал 3, 7, 9). Перад Богам мы заўсёды маладыя і недасведчаныя, якія патрабуюць Яго слова. Хто з нас, становячыся перад Панам Богам, прызнае сваю рэальную «маладосць і недасведчанасць», няздольнасць адрозніць дабро ад зла, «няўменне адрозніць правую руку ад левай» (пар. Ён 4, 11). Так, мы суперінфармаваныя, але што з гэтага? Як гэтая інфармаванасць уплывае на якасць нашага жыцця? Эўтаназія, аборты, аднаполыя шлюбы, гандаль людзьмі, дзіцячая прастытуцыя, гандаль чалавечымі органамі — што далей? Хто нас вучыць адрозніваць, што ёсць дабро і што — зло? Сям’я, грамадства, Інтэрнэт, ток-шоў, кнігі, тэлевізар, майстры таро… Хто ведае і вырашае, што такое дабро і што такое зло? Калі мы чуем Божае слова раз у тыдзень на працягу адной гадзіны, а Святога Пісання індывідуальна не чытаем, як мы можам распазнаць, што дабро і што зло? Наколькі голад Божага слова моцны ў нас? Наколькі мы ўсведамляем той факт, што без Божага слова мы бясплодныя?

Прага Слова прымушае ізраільцян сабрацца разам як адзін чалавек і прыйсці да святара Эздры. Яны настойваюць, патрабуюць, просяць, каб святар прынёс кнігу Закону. «Вушы ўсяго народа былі ўважлівыя да кнігі Закону. Стаяў жа кніжнік Эздра на зробленым драўляным узвышэнні. І разгарнуў Эздра кнігу перад вачыма ўсяго народа, а стаяў ён вышэй за народ. І, калі разгарнуў яе, увесь народ устаў» (Нм 8, 3–5). А цяпер паспрабуйце ўявіць сабе гэтую карціну, і вы зразумееце, як трэба слухаць Божае слова. Увесь народ плакаў, слухаючы Божае слова. Чаму ізраільцяне плакалі? Яны чулі словы любові і вернасці Божай, усведамлялі свой грэх і разумелі, чаму яны сталі рабамі, а самае галоўнае — яны на сабе адчулі выратавальную моц Божай любові. Сапраўды, не хлебам адным жывы чалавек, але ўсялякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых (пар. Мц 4, 4).

Па-рознаму людзі ставяцца да Божага слова. «Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і мозгу і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца» (Гбр 4, 12). Некаторыя людзі кажуць: «Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?» (Ян 6, 60), а іншыя, насміхаючыся, кажуць: «Аб гэтым паслухаем… у іншы час» (Дз 17, 32).

Нягледзячы ні на што, Сейбіт выходзіць сеяць слова. Шчодра, з верай і любоўю Ён сее слова ў нашых сэрцах. Якая ж цікавая «мапа» нашага сэрца, колькі ў ёй вытаптаных дарог, гэтыя месцы асабліва бясплодныя. Слова, якое падае пры дарозе, — выкрадзенае слова. Гэта словы, якія мы не разумеем і не прымаем; д’ябал выкрадае іх, каб мы «не паверылі і не збавіліся». Іншае слова трапляе на камяністыя месцы ў нашым сэрцы. Адкуль камяні ў нашым сэрцы? Камяні асуджэння і пачуцця віны. Слова прынята з радасцю, але калі прыходзяць выпрабаванні, скруха і ганенне за слова, чалавек спакушаецца. Церні ў сэрцы. Святая Кацярына Сіенская казала: «Не будзь смярдзючым пустазеллем, а стань духмянай кветкай». Часам слова бывае заглушана — пачута, але заглушана клопатамі свету і зачароўваннем багацця, тады яно бясплоднае. І, нарэшце, ёсць у нашым сэрцы добрая, узараная зямля. Слова пачутае, зразуметае і прынятае прыносіць плён — адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў сто крот… Прынятае Божае слова творыць цуды у нашым жыцці: выганяе злых духаў, ратуе ад зла, лечыць душу і цела, ачышчае ад грахоў, умацоўвае, суцяшае, напаўняе любоўю і мудрасцю, дае надзею і жыццё вечнае.

Святар Эздра і левіты, якія вучылі народ, сказалі ўсяму народу: «„Дзень гэты святы для Пана Бога нашага! Не смуткуйце і не плачце“. Бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону. …„І не смуткуйце, бо радасць Пана — гэта моц вашая“» (Нм 8, 9–10).

С. Нунэ Цітаян MSF
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.