Які сэнс мы з вамі шукаем… | Друк |
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
06.01.2012 12:04

Ідучы за зоркай, мудрацы знайшлі Дзіцятка Езуса, перад якім упалі ніцма і якому прынеслі дары. Пазней традыцыя народнага ўшанавання мудрацоў аказалася цесна звязанай з урачыстасцю Аб’яўлення Пана (6 студзеня), якая ў некаторых краінах таксама мае назву свята Трох мудрацоў або Трох каралёў.

Чалавецтва, ва ўсёй сваёй разнастайнасці, шукае сэнс, каб растлумачыць сутнасць рэчаў і ўсяго, што адбываецца. Сэнс, які здольны напоўніць сэрца любоўю і адказаць на самыя галоўныя пытанні чалавека. Гэты сэнс у стане апраўдаць цярпенне, смерць і зноў вярнуць подых жыцця. З часам разумееш, што гэты сэнс не ў чымсьці, а ў Кімсьці, і што гэты Хтосьці — асоба. Сузіраючы нованароджанае Дзіцятка Езуса Хрыста, здзіўляешся Прамудрасці Божай — Аб’яўленню, якая так арыгінальна і непаўторна прыцягвае да сябе чалавека. Яна як быццам прымае «форму» чалавека, каб стаць больш даступнай для яго, зразумелай і блізкай, можна сказаць нават роднай. Прамудрасць Божая прыходзіць у выглядзе Слова Айца, якое прымае маладзенькая ізраільская дзяўчына Марыя, і гэтае Слова становіцца Целам ва ўлонні створанай жанчыны. Эмануэль — Бог з намі! Прамудрасць Божая прыходзіць да пастухоў, і першыя яе словы — «не бойцеся…». Звярніце ўвагу, першыя словы, з якімі Анёл звярнуўся да людзей, менавіта такія, і гэта не выпадковасць. Колькі можна баяцца і не верыць? Няўжо ты не стаміўся жыць у страху? Хопіць! Выбірай: страх Ірада або радасць Анёлаў! Вялікая радасць! Нарэшце нарадзіўся! Доўгачаканы… Наш Збаўца! Вашы вочы выяўляюць шчасце, таму што бачаць тое, што марылі ўбачыць мільёны людзей. Вось вам знак: «Знойдзеце Дзіця, спавітае і пакладзенае ў яслі». Мы любім слухаць калядную гісторыю, але часам успрымаем яе як добрую народную казку, у якой ёсць цуд, сям’я, што знаходзіцца ў патрэбе, маленькае беднае дзіця і злыя людзі, але ўсё заканчваецца добра. Калі б усё было так проста… Бо гісторыя Нараджэння Хрыста — гэта Божае Аб’яўленне. Хто мы ў гэтай каляднай гісторыі? Да Анёлаў нам далекавата… Ну і да Ірада мы быццам бы не падобныя. Можа, мы простыя пастухі, а можа, мы з ліку «шаноўна-абыякавых» жыхароў Бэтлеема? Не, хутчэй за ўсё, мы не мясцовыя, занадта занятыя, каб звяртаць увагу на нейкія там знакі. Дакладна, мы прыезджыя… Вось вы, задайце сабе пытанне — хто вы ў гэтай каляднай гісторыі? Адзін мой знаёмы сказаў, што ў каляднай гісторыі ён адчуваў сябе ў ролі асла, на якім прыехала ў Бэтлеем Святая Сям’я, а ў ноч Божага Нараджэння ён саграваў Дзіцятка сваім цёплым дыханнем. Нечаканы паварот. Святая прастата. А хто мы? Як бы нам знайсці сваё сапраўднае месца, сыграць сябе ў гэтай пастаноўцы…

Іншы знак дала Божая Мудрасць мудрацам з Усходу. У ёй здзейснілася так званае «зорнае прароцтва» Валаама ў старазапаветнай Кнізе Лічбаў: «Бачу Яго, але не цяпер яшчэ, гляджу на Яго, але не зблізку. Узыходзіць зорка ад Якуба, і падымаецца жазло ад Ізраэля, і знішчае сыноў Маава і руйнуе ўсіх сыноў Сіфавых» (Ліч 24, 17). Каля часу Нараджэння Хрыста, а менавіта ў 747 г. ад заснавання Рыма, на небе было бачна надзвычай рэдкае спалучэнне планет Юпіцера і Сатурна ў сузор’і Рыб. Яно не магло не звярнуць на сябе ўвагу ўсіх, хто назіраў за зорным небам і займаўся астраноміяй, значыць, і мудрацоў…

Але што мы ведаем пра саміх мудрацоў? Мудрацы — асобая каста людзей, якая карысталася вялікім уплывам у старажытнасці. Гэта былі «мудрацы», або так званыя магі, мудрасць і сіла якіх заключалася ў веданні імі таямніцаў, недасяжных для звычайных людзей. У залежнасці ад ступені культурнага развіцця народа, яго мудрацы маглі ўяўляць сабой розныя ступені «мудрасці» — ад простага невуцкага знахарства да сапраўды навуковых ведаў. Магія або вяшчунства было адной з важнейшых галінаў ведаў у старажытнай Асіра-Вавілоніі. Самі мудрацы падзяляліся на некалькі разрадаў, з якіх кожны меў сваю асобую спецыяльнасць і адпаведную назву. Да самага высокага, трэцяга разраду адносіліся так званыя газерымы, яны вялі запіс разнастайных фізічных і астранамічных з’яваў, якія служылі для іх асновай прадказання будучых падзей. Яны адыгрывалі вельмі важную ролю пры двары цара. Менавіта да іх ліку адносіліся мудрацы, аб якіх распавядае нам Евангелле.

А цяпер уявім сабе сур’ёзных, дарослых і адукаваных мужчын, якія ўзялі з сабой незвычайныя дары для Дзіцяці і выправіліся ў доўгае і небяспечнае падарожжа, а правадыром іх была зорка. Ці ведаеце вы, што значыць ісці за Бэтлеемскай зоркай? Колькі патрэбна мужнасці і самаахвярнасці? Колькі веры і дзіцячай прастаты неабходна, каб паверыць ёй, калі яна спынілася над звычайным хлявом. «Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міру» (пар. Мц 2, 9–11). Лічыцца, што традыцыя дарыць падарункі на Божае Нараджэнне была закладзена менавіта мудрацамі. На Усходзе прынята дарыць сімвалічныя падарункі. Мудрацы прызналі ў Езусе сапраўднага Цара і падарылі Яму золата. Мудрацы ведалі, што Дзіця — будучы Першасвятар і Настаўнік, і таму падарылі кадзіла. Падарыць міру Дзіцяці… Цікава, аб чым падумала ў той момант Марыя? Бо яна, як і кожная ўсходняя жанчына, разумела значэнне міры — гэта дар таму, хто павінен памерці. Міру ўжывалі для бальзаміравання цела памерлага. Гэты дар адсылае да будучай ахвяры адкуплення Хрыста; адным з эпізодаў Мукі Пана, якія ўвянчаюцца ўкрыжаваннем, стане намашчэнне ног Збаўцы мірай, а перад пахаваннем Яго цела было намашчана духмяным рэчывам са смірны і алоэ. Першымі схіліліся ля калыскі Богачалавека язычнікі, яны прынеслі годныя дары сапраўднаму Цару, Першасвятару, Настаўніку і Збаўцу свету. Споўнілася прароцтва Ісаі аб наведванні Ерузалема язычнікамі. «Закрые цябе мноства вярблюдаў, маладых вярблюдаў з Мадыяна і з Эфы. Усе яны прыйдуць з Сабы, прынясуць золата і кадзіла, і абвяшчаць будуць хвалу Пану… І прыйдуць да цябе з пакорай сыны тваіх прыгнятальнікаў, і падуць да ступняў ног тваіх усе, хто пагарджаў табой, і назавуць цябе горадам Пана, Сіёнам Святога Ізраэля» (Іс 60, 6. 14). Святы Ян Залатавусны ў Гутарцы на Евангелле паводле Мацвея (Мц 6, 3) пісаў: «Паколькі мэта прыйсця Хрыста была тая, каб адмяніць старажытныя правілы жыцця, паклікаць увесь сусвет на пакланенне сабе і прымаць гэтае пакланенне на зямлі і на моры, то Хрыстус з самага пачатку адчыняе дзверы язычнікам, жадаючы праз чужых навучыць сваіх. Паколькі юдэі, няспынна чуючы прарокаў, якія абвяшчалі прыйсце Хрыста, не звярталі на гэта асаблівай увагі, Пан пабудзіў варвараў прыйсці з аддаленай краіны, распытваць пра Цара, што нарадзіўся ў юдэяў».

Чарговы парадокс — Езус «праз чужых вучыць сваіх», хоць для Бога ўсе «свае». Прыйшоў да сваіх, а свае Яго не прынялі… «Свой» або «чужы» — гэта катэгорыя, якой кіруецца чалавек, каб выявіць свае адносіны, паказаць ступень саўдзелу. Пасля грэхападзення парушылася трайная еднасць у светабудове: еднасць з Богам, еднасць у чалавеку і еднасць з бліжнім. Гэтую еднасць прыйшоў аднавіць Езус. Усё, што звязана з Ім, яднае нас. Стаенка. Яго словы і жыццё. Крыж. Смерць. Уваскрасенне. Эўхарыстычны стол… Мы такія розныя, але каля стаенкі Езуса Хрыста мы — нібы адна вялікая сям’я. Гэтую думку дакладна адлюстроўвае іканаграфія трох мудрацоў. Іх сталі выяўляць як прадстаўнікоў трох розных узростаў чалавека: Бальтазар — юнак, Мельхіёр — сталы мужчына і Каспар — стары. Яны з трох розных бакоў свету: Бальтазар — маўр, Афрыка; Мельхіёр — белы чалавек, Еўропа; Каспар — з усходнімі рысамі або ва ўсходнім адзенні, Азія. Гэта значыць, радзімай іх былі тры краіны з розным па складзе насельніцтвам — Персія, Аравія і Эфіопія. Такім чынам, яны былі прадстаўнікамі трох расаў чалавецтва. Вярнуўшыся ў сваю краіну, на далёкім Усходзе, ля берагоў акіяна, яны аддаліся сузіральнаму жыццю і малітве, і калі апосталы разышліся для абвяшчэння Евангелля па ўсім свеце, то апостал Тамаш сустрэў іх у Парфіі, дзе яны прынялі ад яго хрост і самі зрабіліся прапаведнікамі новай веры.

Які знак выкарыстоўвае Прамудрасць Божая, каб прывесці цябе да Дзіцятка?

С. Нунэ Цітаян MSF


 
© 2003-2024 Catholic.by